Спешаныя вершнікі, многія з якіх нават не бачылі зблізку мора, адважна рушылі на бітву.
У 1600–1629 гадах Вялікае Княства Літоўскае вяло вайну супраць Шведскага Каралеўства, якое імкнулася захапіць Інфлянты (правабярэжную Латвію і паўднёвую Эстонію), што былі тады супольным уладаннем нашай дзяржавы і Польшчы. Вялікія гетманы Крыштоп Радзівіл Пярун і Ян Кароль Хадкевіч атрымоўвалі на палях Прыбалтыкі слаўныя перамогі над заморскім праціўнікам. Асабліва вылучаўся сваім палкаводчым талентам Я.Хадкевіч. З яго імем звязаная першая і, мусіць, адзіная ў беларускай ваеннай гісторыі марская бітва — бітва пад Салісам, якую нашы продкі бліскуча выйгралі.
Увесну і летам 1608 года, выкарыстаўшы часовую адсутнасць у Інфлянтах Я.Хадкевіча, моцнае шведскае войска (12 тысяч жаўнераў) высадзілася на ўзбярэжжы Латвіі ды пачало наступ углыб краю. Пад восень выдатна вымуштраваная непрыяцельская пяхота, у якой было шмат прафесійных наймітаў з розных краін Эўропы, ужо стаяла на берагах Дзвіны.
Маючы ўсяго 2 тысячы вершнікаў гусарскай конніцы і невялікую артылерыю, наш гетман узяўся адваёўваць страчанае. Спачатку ён пад агнём ста чатырох варожых гарматаў штурмам вызваліў Парнаву (Пярну) у заходняй Эстоніі, а затым 4 сакавіка 1609 года пайшоў на дапамогу галоўнаму гораду Прыбалтыкі — Рызе, абложанай шведскімі войскамі. Шлях вёў паўз бераг Рыжскае затокі, і тут паступілі звесткі, што за 13 міляў на поўдзень ад Парнавы, каля гарадка Саліс (цяпер Салацгрыва), знаходзіцца шведскі флот. У Яна Хадкевіча выспеў смелы і нечаканы план. Ён пасадзіў сваіх жаўнераў на два вялікія караблі, захопленыя ў шведаў пад Парнавай, і некалькі караблёў, купленых у марскіх гандляроў, а таксама на вялікія лодкі і загадаў атакаваць праціўніка.
Спешаныя вершнікі, многія з якіх нават не бачылі зблізку мора, адважна рушылі на бітву. Уначы, знянацку наблізіўшыся да шведаў у вусці ракі Салацы, яны накіравалі ў іхны бок некалькі падпаленых брандэраў (суднаў, нагружаных выбуховымі і палкімі рэчывамі), ад якіх загарэліся і пачалі тануць два варожыя караблі. Пры святле пажару па шведскай эскадры быў адкрыты моцны агонь з гарматаў. Не вытрымаўшы імклівага націску нашых ваяроў, астатнія караблі шведаў мусілі шукаць ратунку ў адкрытым моры. Шлях на Рыгу быў свабодны.
На гэтым, аднак, не скончыліся перамогі ў тым трыумфальным паходзе. На подступах да Рыгі гусарская конніца Яна Хадкевіча хітрым манеўрам завабіла шведскае войска за Дзвіну і высекла яго, як тады казалі, «у пень». Рэшта праціўніка паспешліва адступіла на поўнач, не жадаючы больш выпрабоўваць на сабе моц беларускай зброі.
Вядомы пісьменнік Ю.Нямцэвіч пісаў пра бітву пад Салісам: «Толькі генію ўласціва знаходзіць магчымасці, якіх звычайны розум не заўважае, толькі ён можа хутка асэнсоўваць іх і неадкладна выкарыстоўваць».
Іван Саверчанка, history.wikireading.ru