Аб’ява беларускай аўтакефаліі была абумоўленая асаблівасцямі тагачаснага дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.
Пасля смерці Патрыярха ў пачатку красавіка 1926 года кіраваць Праваслаўнай рускай царквой (ПРЦ — нагадаем, ранейшая назва РПЦ) пачаў Месцаблюсціцель — мітрапаліт Пётр (Палянскі), які ўжо ў снежні быў арыштаваны. Лічыцца, што па яго распараджэнні кіраўніцтва ПРЦ перайшло да мітрапаліта Сергія (Страгародскага) у рангу намесніка Месцаблюсціцеля.
Паколькі пасаду намесніка Месцаблюсціцеля на Памесным саборы вызначаная не была, і ніхто мітрапаліта Сергія на кіраўніцтва ПРЦ не абіраў, сярод епіскапаў пачаліся нараканні на некананічнасць новага кіравання і яго сувязі з АДПУ.
Становішча нявызначанае
У Беларусі ва ўмовах ганенняў на Царкву расло раздражненне парафіяльнага духавенства сітуацыяй, што склалася з нагоды нявызначанага становішча Беларускай мітраполіі. У красавіку 1926 года да намесніка Месцаблюсціцеля, напрыклад, звярнуўся бабруйскі протаіерэй Сямён Біруковіч з «руплівай просьбай патлумачыць, ці можна Бабруйскага, Мінскай епархіі, епіскапа Філарэта прызнаваць сапраўдным архіерэем?»
Вясной 1927 года беларускія епіскапы вырашылі працягнуць шлях легалізацыі самастойнай Беларускай Праваслаўнай Царквы, што раней рабіў мітрапаліт Мелхіседэк. Епіскапы і духавенства Мінскай епархіі вырашылі поўнасцю аддзяліцца ад маскоўскіх іерархаў. Формай аддзялення была абраная ўжо не аўтаномія, а аўтакефалія.
Аўтакефалія ў праваслаўі — распаўсюджаная форма арганізацыі царкоўнага кіравання. Аўтакефальнай лічацца самастойныя Памесныя Цэрквы, якія не залежаць ад іншай Памеснай Царквы. Кіраўнікі аўтакефальных цэркваў маюць права «пастаўляць сабе епіскапаў», «пастаўленне» здзяйсняецца «на свабодную кафедру», у аўтакефальнай царкве не павінна быць менш за чатыры епіскапскія кафедры. Выпадкова ці не, але ў Беларусі мітрапаліт Мелхіседэк стварыў неабходную колькасць кафедраў.
Фактарамі, якія даюць падставу для стварэння новай аўтакефальнай царквы, лічацца: поўная або частковая палітычная самастойнасць тэрыторыі, на якой утвараецца аўтакефальная царква, яе геаграфічная аддаленасць ад Маці-Царквы (кірыярхальнай), этнічнае і моўнае адрозненне рэгіёну ад асноўнай тэрыторыі. Працэс беларусізацыі ў БССР падкрэсліў і пацвердзіў выкананне гэтых умоў.
Рашэнне аб дараванні аўтакефаліі прымаецца вышэйшай уладай кірыярхальнай царквы. Меркавалася, што гэтую праблему будзе вырашаць Мелхіседэк, які ў гэты час знаходзіўся ў Маскве.
Аб’ява беларускай аўтакефаліі была абумоўленая і асаблівасцямі тагачаснага дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. 1927-ы быў годам, калі ілюзія адносна магчымасці самастойнага курсу развіцця БССР была максімальнай і досыць папулярнай у беларускім грамадстве. 14–20 лістапада 1926 года адбылася 1-я Акадэмічная канферэнцыя па пытаннях рэформы беларускага правапісу і азбукі, якая рэкамендавала ў беларускай мове перайсці з кірыліцы на лацінку. 8 снежня 1926-га адбылося павелічэнне тэрыторыі БССР: у яе склад былі ўключаны Гомельскі і Рэчыцкі паветы, ператвораныя ў Гомельскую і Рэчыцкую акругі — тэрыторыя БССР павялічылася больш чым удвая.
У канцы 1926 года быў завершаны працэс аднаўлення прамысловасці Беларусі, разбуранай сусветнай і лакальнай войнамі — валавая прадукцыя БССР перасягнула ўзровень 1913 года на 28%. У дзяржаўных установах у якасці дзяржаўнай мовы дакументаабарот вёўся на беларускай мове. 11 красавіка 1927 года на 8 Усебеларускім з’ездзе Саветаў была прынятая новая Канстытуцыя Беларускай ССР. З эміграцыі па закліку ўладаў вярнуліся многія беларускія нацыянал-дэмакратычныя лідары.
Улетку 1927 года пазіцыі прыхільнікаў беларусізацыі і самастойнасці БССР значна ўзмацніліся: першы сакратар бюро ЦК КП(б)Б Крыніцкі ў траўні спыніў свае паўнамоцтвы і з’ехаў з Беларусі (новы першы сакратар Гамарнік быў дасланы толькі ўвосень 1927 года). Галоўным органам у краіне на кароткі час стаў ЦВК БССР, які ўзначальваў Чарвякоў. 5 чэрвеня пры таямнічых абставінах пад Мінскам перакулілася дрызіна, пад якой загінуў намеснік старшыні ДПУ БССР Іосіф Апанскі, заўзяты праціўнік і беларусізацыі, і Праваслаўнай Царквы.
Кіраўніцтва Беларусі ў 1920-я гады было камуністычным, што значыла — атэістычным. Але, як рэальныя палітыкі, лідары БССР лічылі, што хутка пераадолець векавыя «рэлігійныя памылкі» немагчыма. Таму царкву вырашылі не знішчаць, а выкарыстоўваць для ўмацавання БССР і яе самастойнасці. З улікам крызісу і поўнай блытаніны ў кіраўніцтве ПРЦ аўтакефальная форма беларускаму кіраўніцтву падалася найлепшай.
У гэтых умовах беларускія епіскапы палічылі, што Праваслаўная Царква ў Беларусі зможа быць па-сапраўднаму аддзеленай ад савецкай дзяржавы. Формулу гэтага аддзялення мітрапаліт Мелхіседэк выказаў проста: дзяржава свабодна змагаецца з рэлігіяй, Царква свабодна змагаецца з бязбожнасцю і атэізмам.
Для таго, каб абвяшчэнне аўтакефаліі было кананічным, вясной і летам 1927 года епіскапы Мінскай епархіі правялі перамовы ў прыходах і па іх выніках падрыхтавалі дакумент, які называўся «Дэкларацыя Беларускага праваслаўнага духавенства (старацаркоўнікаў-аўтакефалістаў) Мінска і яго ваколіц ад 21 чэрвеня 1927 года». У гэтым дакуменце, у прыватнасці, гаварылася: «У рэлігійнай свядомасці праваслаўных веруючых мас Беларусі заўсёды была жывая думка пра аўтаномію, і ў цяперашні час, калі ў асяроддзі Праваслаўнай Царквы Усерасійскай растуць рэлігійныя рознагалоссі, павялічваецца колькасць розных царкоўных груповак. Не жадаючы ўцягвацца ў барацьбу паміж рэлігійнымі царкоўнымі партыямі, Беларуская Праваслаўная Царква лепшым сродкам пазбегнуць гэтага лічыць сцвярджэнне аб сваёй непахіснай волі быць аўтакефальнай».
Аб’ява аўтакефаліі пераследавала яшчэ адну мэту, пра якую ў Дэкларацыі не пісалі, — выратаваць ад арыштаў духавенства і вернікаў шляхам легалізацыі царкоўнага кіравання і дзейнасці БПЦ.
«Рука Масквы»
Беларускія епіскапы не ведалі, што ў Маскве была ўжо гатовая іншая Дэкларацыя, якая, з аднаго боку, завяршала намаганні АДПУ па падпарадкаванні ПРЦ савецкай дзяржаве. 29 ліпеня 1927 года быў падпісаны дакумент, які істотным чынам змяніў ход гісторыі ПРЦ.
Гэты дакумент шырока абмяркоўваецца да цяперашняга часу і называецца ён «Дэкларацыя мітрапаліта Сергія». З яго не вынікала, які менавіта механізм узаемаадносін з савецкай уладай мяркуецца ўсталяваць. Але ўсе разумелі: незалежнасць Царквы ад дзяржавы скончылася, атэістычная дзяржава будзе дыктаваць свае ўмовы праз супрацоўніцтва з АДПУ. За рэгістрацыю вышэйшага царкоўнага кіраўніцтва было заплачана дорага: з гэтага часу любое прызначэнне або перасоўванне святароў ажыццяўлялася толькі са згоды партыйна-савецкіх органаў, якія карысталіся пры вырашэнні гэтых пытанняў меркаваннямі спецслужбаў.
Дэкларацыя мітрапаліта Сергія ў выглядзе паслання была разасланая ў епархіі і атрымала там неадназначную ацэнку. У Мінскай епархіі дакумент умацаваў епіскапаў і духавенства ў правільнасці абранага імі нялёгкага шляху аўтакефаліі. Тых, хто падтрымаў дэкларацыю, у Мінску сталі пагардліва называць «сергiянцы».
Дакументаў савецка-партыйных органаў па пытанні ўтварэння беларускай аўтакефаліі пакуль не выяўлена — савецкія афіцыйныя гісторыкі гэтым не цікавіліся. Але са следчых матэрыялаў спецслужб вядома, што прыватныя размовы на тэму беларусізацыі Праваслаўнай Царквы паміж кіраўнікамі Мінскай епархіі і тагачасным кіраўніцтвам БССР, пасля рэпрэсаваным, былі. Цалкам верагодна, што ўлады рэспублікі абяцалі епіскапам падтрымку ў легалізацыі аўтакефаліі.
У 1927 годзе беларускія спецслужбы не перашкаджалі стварэнню аўтакефаліі, а нават, як лічыць даследчык святар Фёдар Крыванос, спрыялі. Гэта не азначае, аднак, што абвяшчэнне аўтакефаліі было інспіраванае спецслужбамі: яны праз завербаваных вернікаў толькі падштурхоўвалі арганізатараў на месцах да больш рашучых дзеянняў. У дакладзе, адпраўленым у Маскву 1 студзеня 1928 года за подпісамі намесніка старшыні беларускага ДПУ Заліна і начальніка Сакрэтнага аддзела Собалева, гэтая дзейнасць адлюстраваная наступным чынам: «Даводзілася прымаць самыя разнастайныя меры, адшукваць разнастайныя спосабы і захоўваць асаблівы такт лавіравання, каб у выніку праз дапамогу бабруйскага епіскапа Філарэта (Раменскага) схіліць большасць ціханаўцаў да аўтакефаліі».
Варта адзначыць, што да інфармацыі спецслужбаў па ўсіх пытаннях, і асабліва звязаных з праблемамі царкоўнага жыцця, трэба ставіцца вельмі асцярожна. На працягу ЎСЯГО перыяду савецкай улады любыя царкоўныя арганізацыі разглядаліся як патэнцыйны вораг. Адпаведна, пазітыўных характарыстык (ворагам і іх дзеянням) у матэрыялах спецслужбаў у прынцыпе не можа быць.
Абвяшчэнне аўтакефаліі
Абвяшчэнне аўтакефаліі адбылося на Беларускім Епархіяльным З’ездзе духавенства і свецкіх у Мінску 9–10 жніўня 1927 года. Старшынёй з’езда быў абраны епіскап Філарэт (Раменскі), у прэзідыум — протаіерэі Стэфан Кульчыцкі, Міхаіл Навіцкі, Дзімітрый Паўскі і свецкі чалавек Іосіф Ясінскі. Сакратарамі з’езда абралі протаіерэя Антонія Кіркевіча і псаломшчыка Сяргея Буцько. Дэлегаты з’езду прадстаўлялі 333 прыходы з Мінскай, Барысаўскай, Слуцкай, Мазырскай, Бабруйскай акругаў і аднаго дабрачыння Аршанскай акругі. Удзельнікі з’езду пастанавілі «абвясціць Беларускую Царкву аўтакефальнай» і разаслаць адпаведнае інфармацыйнае пасланне. З’езд даслаў у адрас ЦВК БССР Чарвякову прывітальную тэлеграму.
Рашэнне з’езду было выкананае. Пасланне, аўтарам якога, меркавана, з’яўляецца протаіерэй Стэфан Кульчыцкі, было надрукавана ў колькасці 1000 асобнікаў. У пасланні было сказана:
«...Роўна пяць гадоў таму, у адзін з самых вострых момантаў разрухі царкоўнай, у пару безуладдзя ў Царкве і нараджаючайся абнаўленчай смуты, у Мінску ў асяроддзі людзей Царквы ўзнікла думка засцерагчы сваю мясцовую Царкву ад цяжкіх узрушэнняў, высунуўшы ў якасці збаўчага якара ідэю самабытнасці Беларускай Царквы і Яе права на нацыянальнае самавызначэнне. Здаровы царкоўны інстынкт самазахавання і прагрэсіўнае цячэнне рэлігійнай думкі гарманічна спалучаліся ў гэтым ідэйным руху, тым не менш акт абвяшчэння Беларускай мітраполіі 23 ліпеня 1922 года, радасна сустрэты ўсім праваслаўным насельніцтвам Мінскага краю, быў падарваны ў сваёй сапраўднай сутнасці засіллем абнаўленства, і таму не даў дабрадзейных для Царквы вынікаў… Стаўленне кіруючых царкоўных сфер у Маскве да гэтага пытання насіла характар пераменлівы і непастаянны, прымаючы то форму схільнасці (пры нябожчыку патрыярху), то форму відавочнай непрыязнасці (пры яго Месцаахоўніку)… У адказ на магчымы ў нашы дні паклёп і знявагу Беларускі з’езд смела ўзвышае свой голас і заяўляе: мы перакананыя і ўстойлівыя ў сваіх праваслаўных поглядах і вераваннях старацаркоўнікі. Мы памятаем пра вечнае выратаванне сваёй душы і жадаем дабра сваёй роднай Царкве. Але ў той жа час мы верым, што няма ні аднаго народа, які мог бы расцэньвацца як пусты і абыякавы матэрыял царкоўнага жыцця, і якому магло б быць адмоўлена ў праве на свабоднае развіццё ў якасці жывога і дзейнага члена сусветнага цела Хрыстовага».
У «Актах Беларускага Епархіяльнага з’езду» ёсць дакумент, які сведчыць, што ўдзельнікі з’езду спадзяваліся на вяртанне мітрапаліта Мелхіседэка ў Беларусь. З дэлегатаў з’езду вылучылі некалькі чалавек і з адпаведным зваротам ад імя з’езду адправілі ў ЦВК БССР да Чарвякова з просьбай «аказаць садзейнічанне ў вяртанні ў Мінск мітрапаліта Мелхіседэка, як перваіерарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы». Як лічыць святар Фёдар Крыванос, «у АДПУ вялі сваю гульню: вяртанне Мелхіседэка з’явiлася адным з ілжывых абяцанняў, дадзеных чэкістамі епіскапу Філарэту ў абмен на абвяшчэнне аўтакефаліі».
Пасля абвяшчэння аўтакефаліі ўлады савецкай Беларусі паставіліся да гэтага досыць добразычліва, дазволілі друкаванне Дэкларацыі. Было адноўленае ліквідаванае ў 1924 годзе епархіяльнае ўпраўленне, апублікаваны Статут БАПЦ — «Статут Саюза Праваслаўных старацаркоўных суполак у сваім адзінстве складаючых Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву». Але прыхільнасць уладаў да БАПЦ працягвалася не больш за паўгода.
Непрызнанне
Маскоўская патрыярхія беларускай аўтакефаліі не прызнала. Яшчэ 13 ліпеня 1927 года мітрапаліт Сергій прызначыў у Мінск замест мітрапаліта Мелхіседэка епіскапа Арсеня (Смаленца), які калісьці пасля ўладыкі Мелхіседэка ўзначаліў Бялыніцкі манастыр і які служыў разам з ім ва Уладзікаўказе. Епіскап Арсень быў чалавек непадкупны, сумленны, высокай прынцыповасці і паслядоўнасці. Разабраўшыся ў сітуацыі, ён 30 жніўня напісаў прашэнне аб адстаўцы, і ва ўзросце 54 гадоў быў звольнены «на супакой».
Але непрызнаная аўтакефалія развівалася, нягледзячы на ціск з усіх бакоў. 19 снежня 1928 года абнаўленчы мітрапаліт Данііл (Грамавенка) пісаў прадстаўніку Сусветнага Патрыярха ў СССР архімандрыту Васілю Дзімапуле пра беларускіх аўтакефалістаў: «Яны маюць мноства храмаў і веруючых чад Беларускай Царквы. Цэлая армія кліру, ашуканая і падманутая, цягнецца за імі, аслепленая страхам страціць праваслаўе. Наш голас, які абхоплены паклёпам іх правадыроў, застаецца для гэтых клірыкаў і веруючых чад голасам неправаслаўя, а часам больш таго, голасам д’ябла».
У гэты час БАПЦ мела, па дадзеных ДПУ БССР, перададзеных у Маскву: 192 прыходаў у Мінскай акрузе, 20 — у Аршанскай, 1 — у Віцебскай, 40 — у Мазырскай, 100 — у Бабруйска-Рагачоўскай, 2 — у Полацкай, 24 — у Гомельскай. На баку мітрапаліта Сергія ў Мінскай епархіі было толькі 3 прыходы. Усяго ў БССР на той час у БАПЦ неслі службу 399 святароў.
Падтрымка з боку беларускага кіраўніцтва цалкам скончылася ў 1929 годзе разам з палітыкай беларусізацыі. Не было згоды Маці-Царквы на аўтакефалію, беларускія аўтакефалісты не атрымалі падтрымкі Сусветнага Патрыярха, які ў гэты час сімпатызаваў абнаўленцам. 5 кастрычніка 1927 года мітрапаліт Сергій (Страгародскі) забараніў епіскапа Філарэта (Раменскага) і духавенства, якое далучыліся да яго, у набажэнствах.
«Справа БАПЦ»
Улетку 1937 года НКУС БССР раскрыў «контррэвалюцыйную арганізацыю» «Беларуская аўтакефальная царква». Былі рэпрэсаваныя практычна ўсе прыхільнікі аўтакефаліі.
Версія стварэння арганізацыі, што прыводзіцца ў крымінальнай справе, мала адпавядае рэальным падзеям. Паводле яе, арганізацыя «Беларуская аўтакефальная царква» пачала фармавацца яшчэ падчас нямецкай акупацыі ў 1919 годзе і да сярэдзіны 1930-х гадоў складалася з 13 гуртоў, якія размяшчаліся ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Клічаўскім, Мінскім, Пухавіцкім, Смалявіцкім, Смілавіцкім, Чавускім раёнах Беларусі і ў самім Мінску.
У арганізацыю залічылі 2 епіскапаў, 30 святароў, 170 вернікаў, названых кулакамі і былымі царскімі чыноўнікамі. Кіраўніком арганізацыі прызначылі епіскапа Філарэта (Раменскага), у кіруючы цэнтр уключылі 12 чалавек: абнаўленчага архіепіскапа Апанаса (Вячорку), святароў Мінскай царквы Св. Марыі Магдаліны Антонія Кіркевіча, Стэфана Кульчыцкага, Міхаіла Рубановіча, рэгента гэтай царквы Паўла Вяршынскага, дыякана гэтай жа царквы Уладзіміра Лобача і яго жонку Веру Лобач-Урбановіч, святара царквы ў Дзяржынску Сергія Садоўскага, ужо былога на гэты час дыякана Якава Бараноўскага, сястру епіскапа Філарэта Марыю Раменскую, дваіх прыхаджан — бухгалтара Аляксандра Наўроцкага і Надзею Пуйман, жонку калгаснага бухгалтара.
У сябры арганізацыі быў залічаны і мітрапаліт Мелхіседэк, на гэты час ужо нябожчык, які нібыта ў свой час ажыццяўляў сувязі з Польшчай, асабіста з Пілсудскім і польскімі спецслужбамі. У НКУС БССР разглядалі святароў аўтакефальнай царквы як стаўленікаў мітрапаліта Мелхіседэка, польскімі шпіёнамі. Епіскапа Філарэта і іншых арыштаваных спецыяльна дапытвалі пра падрабязнасці жыцця мітрапаліта Мелхіседэка і сувязях з гэтым. Запісаныя следчымі пратаколы гэтых допытаў захоўваюцца ў Цэнтральным Архіве КДБ Беларусі. Прывядзём урывак з допыту епіскапа Філарэта 2 жніўня 1937 года:
«ПЫТАННЕ: Калі вы пазнаёміліся з пілсудчыкам мітрапалітам Мелхіседэкам?
АДКАЗ ЕПІСКАПА ФІЛАРЭТА: З мітрапалітам Мелхіседэкам я пазнаёміўся ў сакавіку 1919 года ў Мінску, у яго кватэры. Пры белапаляках я бываў у мітрапаліта Мелхіседэка на прыёмах... Блізка з Мелхіседэкам я пазнаёміўся ў 1921 годзе, некалькі разоў заходзіў да яго на кватэру і гутарыў з ім сам-насам. У той час я служыў у чыгуначнай гімназіі і ў Інстытуце народнай адукацыі.
ПЫТАННЕ: Што ж у вас было агульнага, што вас тады звязвала з Мелхіседэкам?
АДКАЗ: Я хадзіў да яго як стары знаёмы, каб пагаварыць з ім.
ПЫТАННЕ: Вы ж раней сказалі, што ў Мелхіседэка бывалі на афіцыйных прыёмах і па неабходнасці. Удакладніце паказанні.
АДКАЗ. Я з мітрапалітам Мелхіседэкам сышоўся блізка дзякуючы агульнасці ідэйнай...
ПЫТАННЕ: Скажыце, якія сувязі меў Мелхіседэк з «АРА»?
АДКАЗ: АРА дапамагала духавенству па дамоўленасці з мітрапалітам Мелхіседэкам. Усяго чалавек 17 атрымалі прадукты харчавання, тканіны.
ПЫТАННЕ: Вы стаўленік пілсудчыка Мелхіседэка?
АДКАЗ: Мітрапаліт мяне высвеціў у дыяканы, папы і епіскапы. У папы я высвечаны ў 1921 годзе, у епіскапы ў сакавіку 1923 года...»
Даследчыкі пішуць, што ўладыка Філарэт не быў па характары героем — спецслужбы адзначалі яго як «слабавольнага і баязлівага». Разам з тым найбольш яркія старонкі гісторыі БПЦ звязаныя з яго імем. Да 1930 года ён служыў у Мікалаеўскім саборы ў Бабруйску. Потым у Екацярынінскім саборы на Нямізе ў Мінску, Свята-Іаанаўскай царкве вёскі Вялікая Сляпянка (цяпер Мінск). З 1934 года — у храме Св. Марыі Магдаліны ў Мінску.
У сярэдзіне 1935 года епіскап Філарэт даў згоду на аб’яднанне з Праваслаўнай Расійскай Царквой, прынёс пакаянне і мітрапалітам Сергіем (Страгародскім) быў прыняты ў зносіны з ПРЦ. Афіцыйна «беларускі аўтакефальны раскол» скончыўся.
У гэты час беларускія святары-аўтакефалісты ўжо не разглядалі каталікоў як сваіх лютых ворагаў. Пасля арыштаў ксяндзоў, абвінавачаных у шпіянажы на карысць Польшчы, каталікі сталі наведваць аўтакефальную царкву Св. Марыі Магдаліны, праваслаўныя святары дазвалялі служыць тут і немясцовым ксяндзам. Епіскап Філарэт даў дазвол святарам хрысціць дзяцей католікаў, па жаданні бацькоў даваць ім каталіцкія імёны.
Зносіны з каталікамі былі асновай абвінавачвання праваслаўных святароў у шпіянажы на карысць Польшчы, а таксама ў тым, што яны «па ўказанні Раменскага праводзілі на практыцы ўнію з рымска-каталіцкай царквой, прыцягвалі да царквы антысавецкі актыў каталікоў».
Пастановай Асобай тройкі НКУС БССР ад 25 кастрычніка 1937 года 11 кіраўнікоў «арганізацыі» былі прысуджаныя да расстрэлу, і 1 лістапада 1937 года былі расстраляныя ў Мінску. Лобач і Пуйман былі асуджаныя на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў.
Тое, што знішчаныя вернікі не вінаватыя, дзяржава прызнала праз 20 гадоў. Сястра епіскапа Філарэта была рэабілітаваная 11 сакавіка 1958 года. Духавенства было рэабілітаванае толькі з пачаткам развалу СССР: епіскап Філарэт рэабілітаваны 31 сакавіка 1989 года.
Канец — не канец?
Гісторыя абвяшчэння БАПЦ расстрэламі і смерцю яе першых заснавальнікаў не скончылася. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў жніўні 1942 года адбылося новае абвяшчэнне БАПЦ. Мітрапаліт Панцялейман (Ражноўскі) ва ўмовах акупацыі ўзначаліў Праваслаўную Царкву на тэрыторыі заснаванага Германіяй Генеральнага камісарыята Беларусь. У сакавіку 1942 года разам з епіскапам Венедыктам (Бабкоўскім), на Саборы Беларускай Праваслаўнай Царквы ён заснаваў Беларускую мітраполію і стаў мітрапалітам.
Лічыцца, што Панцялейман адмоўна ставіўся да абвяшчэння аўтакефаліі, на якім настойвалі нямецкія ўлады, за што і быў сасланы ў манастыр у Лядах (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці). Разам з тым Сабор пад кіраўніцтвам епіскапа Філафея (Нарко), якога хіратанізаваў мітрапаліт Панцялейман, нанова абвясціў БАПЦ 30 жніўня 1942 года. Удзел у Саборы з правам голасу бралі 3 епіскапы, 65 святароў і 65 прадстаўнікоў ад вернікаў. Сабор прыняў рашэнне разаслаць інфармацыю пра абвяшчэнне БАПЦ усім Праваслаўным аўтакефальным цэрквам і папрасіць іх прызнання. Але па розных прычынах гэтага зроблена не было. Пасля гэта было выкарыстана як адсутнасць новага абвяшчэння БАПЦ.
Па заканчэнні вайны кіраўнікі БАПЦ эмігравалі ў Германію. Частка з іх далучылася да Рускай Праваслаўнай Царквы за мяжой (як мітрапаліт Панцялейман, епіскап Філафей), частка ў 1948 годзе зноў абвясціла пра стварэнне БАПЦ, але за межамі Беларусі — прыходы БАПЦ і да сёння існуюць у Аўстраліі, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі. Беларуская праваслаўная царква, што засталася ў Беларусі, з’яўляецца часткай Маскоўскага патрыярхату на правах экзархата.
Але мары стварыць самастойную Беларускую Праваслаўную Царкву застаюцца. Час ад часу пытанне аб стварэнні БАПЦ узнікае ў кіраўніцтве экзархату, але пасля адмоўнага адказу з Масквы яно здымаецца. Сучасны кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел сказаў, што на бягучыя 50 гадоў.
Таццяна Процька, «Новы час»