Маленькі слоік ікры каштуе 575 рублёў – гэта болей, чым зарабляюць многія беларусы ў раённых і абласных гарадах.
Вы спрабавалі чорную ікру? Калі не, то ёсць два варыянты: альбо набыць яе за 575 рублёў за слоік вагой у 250 грамаў, альбо быць у дэлегацыі расейскіх журналістаў падчас іхняга прэс-туру ў Беларусь. Вам сумленне не дазваляе ўваходзіць у групу расейскіх прапагандыстаў? А заробак складае акурат столькі, колькі каштуе слоік чорнай ікры? Ну, тады давядзецца замяніць ікру салам. І даступна. І сумленне чыстае: можна спаць спакойна.
Менавіта чорная ікра была часткай шыкоўнага падарунку ад беларускіх уладаў для расейскіх журналістаў. Калі фантазіі няма, то, галоўнае, зрабіць падарунак дарагім. Прычым не проста дарагім. А вельмі дарагім. 575 рублёў – гэта болей, чым пенсія за месяц. Гэта болей, чым зарабляюць многія беларусы ў раённых і абласных гарадах. Гэта болей, чым дапамога інвалідам. Але каго гэта хвалюе. Затое расейскія журналісты могуць размясціць фотаздымак чорнай ікры ў сацыяльных сетках. Вось чаго яны прыязджалі – не вядома. Затое чорную ікру ў падарунак атрымалі.
А ў гэты час звычайныя беларускія каровы на дзяржаўных фермах галадаюць. Сродкаў на добры корм для жывёлаў у беларускіх уладаў няма. Ды і адкуль яны будуць. Калі грошы ідуць на чорную ікру для прапагандыстаў. Яно і зразумела: беларуская карова не распавядзе па тэлевізары, «як добра жыць» у Сінявокай.
Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»