Францішка Аляхновіча раней за Аляксандра Салжаніцына распавёў праўду пра савецкія канцлягеры.
Паглядзець на беларускага пісьменьніка Францішка Аляхновіча, які раней за Аляксандра Салжаніцына распавёў праўду пра савецкія канцлягеры, можна ў спэктаклі «Францішак». Прэм’ера адбылася ў Менску ў прасторы «ОК16», перадае «Радыё Свабода».
Хто такі Францішак Аляхновіч, які пабываў «у капцюрох ГПУ»?
Францішак Аляхновіч нарадзіўся ў 1883 годзе. Ён драматург, пісьменьнік, публіцыст.
Яшчэ за тры дзясяткі гадоў да «Архіпэляга ГУЛАГ» Аляхновіч распавёў праўду пра савецкія канцлягеры ў сваёй кнізе «У капцюрох ГПУ». Яна цалкам грунтуецца на ягоным уласным досьведзе. Затрыманы ў 1927 годзе па абвінавачаньні ў «шпіянажы», Аляхновіч быў асуджаны да 10 гадоў катаргі на Салавецкіх выспах.
«У капцюрох ГПУ» апублікавалі ў сярэдзіне 1930-х. Гэтая кніга пра жахі савецкіх рэпрэсій выйшла ў Эўропе й Амэрыцы на сямі мовах.
Францішка Аляхновіча афіцыйна ў БССР называлі «айцом найноўшай беларускай драматургіі», адным з заснавальнікаў беларускага тэатразнаўства. У 1916-м ён стварыў у Вільні гурток, зь якім паставіў сваю першую п’есу «На Антокалі». Да Аляхновіча хутка прыйшла слава нацыянальнага драматурга, а Максім Гарэцкі нават прысьвяціў яму цэлы разьдзел у сваёй «Гісторыі беларускае літаратуры».
У 1944 годзе Аляхновіч быў застрэлены на сваёй кватэры ў Вільні. У 2019-м спаўняецца 75 год ягонай гібелі.
Гісторыя на фоне вялікага падману
Аўтар п’есы і рэжысэр спэктакля «Францішак» Эльдар Бякіраў кажа: гісторыя Францішка Аляхновіча зачапіла яго тым, што адбывалася на фоне вялікага падману.
Савецкія ўлады ў 1920-я прапанавалі інтэлігенцыі праграму беларусізацыі. Абяцалі магчымасьці для самарэалізацыі, але ў выніку падчас рэпрэсій шмат каго расстралялі і адправілі ў сталінскія канцэнтрацыйныя лягеры.
Аляхновіч таксама трапіў у гэтую пастку і прыехаў зь Вільні ў Менск на Акадэмічную канфэрэнцыю ў справе рэформы правапісу. Назад у Вільню яго ўжо ня выпусьцілі.
Гісторыя героя разьвіваецца на фоне значных гістарычных працэсаў: беларусізацыя, НЭП, ваенны камунізм. Але выразнай прывязкі да часу ў спэктаклі няма, бо ў пастаноўцы шмат ад сучаснасьці. Пры напісаньні сцэнару Эльдар Бякіраў натхняўся сюжэтамі з рэальнага жыцьця, зь якімі сутыкаўся ў транспарце, на мяжы, у Менгарвыканкаме.
Актор Анатоль Глямбоцкі: «Пакуль яшчэ ў капцюрох я ня быў»
Ролю Францішка ў спэктаклі грае 22-гадовы актор Анатоль Глямбоцкі. Асобай героя Анатоль зацікавіўся яшчэ ва ўнівэрсытэце, калі пісаў курсавую працу па ягонай творчасьці і чытаў ягоныя драматычныя творы.
«Падобнага досьведу, як у героя спэктакля, у мяне не было. Мяне ніколі не затрымлівалі. Я стараюся рабіць усё цішком, таму пакуль яшчэ ў капцюрох ня быў», — кажа Анатоль.
Анатоль — выпускнік пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка. Маючы дыплём настаўніка, ён пакуль вырашае, ісьці працаваць настаўнікам ці не. На яго думку, у школе могуць прамыць галаву, і сысьці адтуль будзе ня так проста, калі ты працуеш па кантракце.
«Падчас спэктакля мы праводзім шмат паралеляў паміж тымі часамі і сучаснасьцю. Падобнага шмат. Ёсьць адчуваньне, што цябе падманваюць на дзяржаўным узроўні. Тэлебачаньне малюе вобразы прыгожай краіны, у якой клясна жыць і працаваць, каб моладзь не зьяжджала зь Беларусі. Асабліва зараз, калі тэма эміграцыі ў іншыя краіны вельмі актуальная», — кажа Анатоль.
«Францішкаў і браніславаў навокал шмат»
Спэктакль «Францішак» — працяг трылёгіі пра беларусаў, якія значна паўплывалі на беларускую мову. Герой першага спэктакля Арт Сядзібы «Браніслаў. Сцэны жыцьця і сноў» — Браніслаў Тарашкевіч, другога — Францішак Аляхновіч. Над трэцяй пастаноўкай яшчэ працуюць.
Па словах рэжысэра, спэктаклі называюць «Браніслаў», а не «Браніслаў Тарашкевіч», «Францішак», а не «Францішак Аляхновіч», таму што гэта не дакумэнтальныя спэктаклі або гістарычныя нарысы пра жыцьцё гэтых асобаў. Гэта спэктаклі пра лёс, місію і сутнасьць існаваньня гэтых людзей.
«Умоўны Францішак можа быць Францішкам Аляхновічам, а можа быць і нашым сучасьнікам. Навокал шмат такіх францішкаў і браніславаў. Напрыклад, калі мы працавалі з Аляксеем Сапрыкіным, які граў ролю Браніслава Тарашкевіча, я казаў яму: „Ты ў ролі Браніслава, але і ў ролі Лёшы Сапрыкіна, які ідзе і выконвае падобную місію ў цяперашнія часы“», — тлумачыць Эльдар Бякіраў.