У канцы года прынята падводзіць вынікі.
І чым нам гэты год запомніўся? Тым жа, чым і мінулы. Дэкрэтам „аб дармаедах”. Вось яна беларуская стабільнасць. Паўтарэнне – маці вучэння. Для беларускіх уладаў гэты выраз актуальны як ніколі.
У канцы 2018-га мы прыйшлі да таго, з чаго пачыналі прамінулы 2017-ы. Народ дэкрэт „аб дармаедах” успрыняў аднолькава негатыўна што тады, што цяпер. У 2017-м гэты закон спрычыніўся да таго, што грамадзяне выйшлі на плошчы гарадоў. А ўлады здзівіліся, як гэта «памяркоўныя» беларусы выступілі супраць дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве.
Бо дагэтуль чаго толькі не рабілі: рэферэндумы праводзілі налева і направа, сімвалы змянялі, падаткі для аўтамабілістаў уводзілі, выбары як ім трэба праводзілі, а ў адказ на гэта – цішыня. І тут ім, як снег на галаву, – масавыя акцыі па ўсёй краіне.
У выніку ў 2018- м дэкрэт аб дармаедах грамадзяне не бачылі. І вось напрыканцы года ўсё ж такі ўсплыло, што дэкрэт уступіць у сілу са студзеня 2019. Як той казаў: гэтая песня добрая, пачынай спачатку. Дэкрэт ячшэ не ўступіў у сілу, а дармаедаў улады ўжо знайшлі. І не толькі знайшлі, але і падлічылі.
500 тысячаў чалавек – менавіта столькі, на іхнюю думку, у краіне налічваецца працаздольных людзей, не занятых у эканоміцы. Каб зразумець увесь маштаб, дастаткова толькі ўявіць, што 500 тысячаў – столькі людзей жыве ў другім па велічыне горадзе Беларусі – Гомелі. Уяўляеце, цэлы абласны горад – «дармаед». У кожнага з гэтых пяцісот тысячаў чалавек ёсць яшчэ сям’я. То бок гэтую лічбу абураных можна смела памнажаць на тры. А беларускія ўлады зноў думаюць, што нікога не абурылі.
Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»