Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Аўтарытарны атракцыён трэба спыняць

23.12.2018 политика
Аўтарытарны атракцыён трэба спыняць

Ёсць аптымізм наконт блізкіх перамен.

Прынцып дзеяння атракцыёну «амерыканскія горкі» ўсім вядомы — кожная наступная вышыня павінна пераўзыходзіць папярэднюю, каб кампенсаваць непазбежнае падзенне. У такую сітуацыю трапіў аўтарытарны рэжым, толькі ў яго ўзлёты — пераважна трыбунныя, а зрывы ўніз — рэальныя.

Беларускія грамадзяне боўтаюцца на «амерыканскіх горках», якія пабудаваў аўтарытарны правіцель, шмат гадоў. Уверх — уніз, і зноў крышку ўверх, а затым з грукатам — уніз. Руху наперад няма і не будзе, бо незалежная краіна працуе не на нацыянальнае, эканамічнае і культурнае ўмацаванне, не на карысць грамадзян, а на тое, каб адзін індывід захоўваў абсалютную ўладу і цешыў свае амбіцыі. На «амерыканскіх горках» выдатна пачуваюць сябе і ніжэйшыя наменклатуршчыкі, дэпутаты, сілавікі, розная прыўладная чэлядзь, у якіх няма праблем з дабрабытам. Такое катанне прыдатнае і для коштаўтварэння на харч, прамтавары, паслугі, бо яны не падаюць, а толькі растуць уверх.

Затое ў мільёнаў звычайных людзей сёння настрой не надта вясёлы, іх не падбадзёрваюць, не выклікаюць радасці ні бясконцыя пераможныя рапарты, ні спартыўныя дасягненні, ні амбіцыйныя касмічныя праграмы, ні вайсковыя вучэнні, ні штучны рогат, які гучыць на забаўляльных перадачах па тэлебачанні і радыё.

Усе аўтакраты і дыктатары любяць спасылацца на тое, што дамагацца поспехаў ім замінаюць знешнія і ўнутраныя ворагі. Такія выказванні надзіва блізкія, хоць паміж імі прасцерліся эпохі. Дыктатар Іосіф Сталін заяўляў: «Чем больше у нас успехов, тем больше враги будут нам стараться вредить». Прайшло амаль стагоддзе, і аўтарытарны кіраўнік Расіі У. Пуцін паўтарае ўслед за ім: «Чем дальше мы идем, чем выше взбираемся, тем больше будет трудностей». «Філосаф і стратэг» А. Лукашэнка капнуў глыбей, у інтэрв’ю карэспандэнту тэлеканала «Россия» С. Брылёву ён абмаляваў змрочнымі фарбамі сучасную сітуацыю на постсавецкай прасторы: «Мы стали ареной /…/ «кровопролитных войн». Нас пытаются растащить. В Центральной Азии свои интересы. Я знаю, о чем говорю. Украина — вы видите, что происходит. И до Беларуси добрались. Вы вот на своих каналах, и мы уже показывали… Нас уже чуть ли не в НАТО готовы взять, только, конечно, чтобы власть поменялась, демократии побольше, еще чего-то. Раньше об этом не говорили. Идет борьба, и при этом одно из направлений — наклоняют Россию, пытаются опустить. Это тоже борьба за Россию. Это будет непросто, поэтому нам надо мозги собрать в кучу, поставить цель и идти к этой цели. И мы это можем сделать. И вы знаете, до того 2024 или 2025 годов, о которых вы сказали, мы уже забудем все эти проблемы, если мы это будем делать».

Пра напоўненасць доўгай тырады дэмагогіяй, турэмнай тэрміналогіяй — «наклоняют», «опустить», пра «раскіданыя мазгі» гаварыць не хочацца, бо гэта банальшчына, нявартая ўвагі. Усе выказванні «апошняга дыктатара Еўропы» (з такім статусам ён публічна даўно згадзіўся) засмечаны слоўнай нязграбнасцю і трухою.

Цікавасць выклікаюць яго далейшыя мэты. У агульным плане нічога новага няма і тут, галоўнай праблемай застаецца ўтрыманне ўлады. Але паміж дэмагогіі ясна пазначыўся канкрэтны тэрмін — правіць ён мяркуе яшчэ мінімум 7 гадоў. А ў Расіі напарнікам, які па геапалітычных прычынах не зможа яго «пракінуць», працягне карміць і ідэалагічна падтрымліваць, будзе такі ж «непатапляемы» У. Пуцін.

Якім жа спосабам А. Лукашэнка думае забяспечыць яшчэ адзін прамежак зацягнутага доўгажыхарства на троне? Вельмі проста: «И каждый год работать так, чтобы рейтинг наш не падал (власти, не только руководителей), а поднимался за счет того, что нас люди будут уважать. А они будут уважать, если каждый день будут видеть какой-то прогресс. Или хотя бы завтра мы их убедим, что будет этот прогресс».

Крыўдна тое, што намаляваная ім «картина маслом» можа спраўдзіцца. Ключавыя словы ў выказванні правіцеля — «мы их убедим». У Беларусі і Расіі сапраўды не патрэбны канкрэтныя дасягненні, дастаткова толькі пра іх напорыста балбатаць. Па ўсіх тэлеканалах на экран вылазіць звыклы герой, які пераконвае, што народу жывецца выдатна. Да яго дадаюцца падбрэхічы, якія манатонна, па сто разоў на дзень агучваюць мяркуемае ў канцы года павышэнне зарплат і пенсій на 5 працэнтаў — і з людзей можна «віць вяроўкі».

Я даўно шакіраваны абсурднасцю новага часу. У навукова насычаным, высокатэхналагічным ХХІ стагоддзі ў цывілізаванай Еўропе краінамі кіруюць індывіды з прымітыўным наборам ведаў і нізкай культурай, з замашкамі фельдфебеляў, з паводзінамі ўсходніх султанаў. Але заходнія дзеячы з імі валаводзяцца, выслухваюць іхнюю хлусню і павучанні, могуць нават ацэньваць як «таленавітых палітыкаў», хоць для гэтага падстаў няма, бо эканоміка слабая, а насельніцтва знаходзіцца пад жорсткім уціскам.

Не меншае здзіўленне выклікаюць грамадзяне, якія дзесяцігоддзямі слухаюць абрыдлую папулісцкую лухту правіцеляў, а ў іх галовах нічога не адбываецца, няма прасвятлення. Нездарма на мой роздум «Колькі ні кажы», дзе ішла гаворка пра рост незадаволенасці беларусаў, у інтэрнэце з’явіўся саркастычны водгук чытача: «Ага, 24 гады выспяваюць».

Апазіцыйная частка грамадства рагоча над чарговымі «заляпухамі» ўлады, абураецца парушэннем законаў, марнатраўствам, выходзіць на вуліцы, але ж ёсць запалоханая дубінкамі, зашораная прапагандай большасць. Прыход дэмакратыі залежыць ад яе, ды яна закансервавалася, затаілася ў хранічным страху прад зменамі, у дурным меркантылізме, мяркуе, што лепей існаваць звыкла, чым па-іншаму. Людзі палохаюцца, што ўзрушэнні прывядуць да татальнай нястачы.

У Беларусі і Расіі няма дзейснай грамадзянскай супольнасці, не прайшоў працэс палітычнай асветы людзей, без якога немагчымы асэнсаваны, разумны выбар. Мой аптымізм наконт блізкіх перамен — асцярожны, але ў любым выпадку

Наша складаная рэчаіснасць урывацца і ў паэзію. У паэме «Per aspera ad astra» («Праз церні да зорак»), прысвечанай старэйшаму сябру, выдатнаму беларусу, знакамітаму вучонаму, слаўнаму чалавеку Барысу Уладзіміравічу Кіту, які сёлета на 108-м годзе жыцця адышоў ад нас, ёсць такія радкі:

Без любові шукацьме спакой дарма,

Будуць высі і дол непрыветнымі.

У Айчыне, што ёсць і якой няма,

Сцяты люд віртуальнымі метрамі.

Аддаляецца радасці гарызонт.

Незайздросная долечка ў лёкая —

Тут які ні ладзь еўрапейскі рамонт,

Не наблізіць ён шчасце далёкае.

Глянеш: кожная, кожны — ну проста цуд!

А як разам — такія прапашчыя…

Не ўцячы ад зняваг і новых пакут

З беларусамі толькі па пашпарце.

Лукашэнкаўская Беларусь і пуцінская Расія — гэта не мінулы, а пазамінулы дзень дзяржаўнага ўладкавання. Тым не менш, з прычыны пасіўнасці і абыякавасці насельніцтва і з «ласкі» міжнародных жулікаватых «дабрадзеяў», яны існуюць. Катанне на «амерыканскіх горках» працягваецца.

Дарэчы, за нягеглае жыццё-боўтанне не трэба вінаваціць Амерыку, як гэта ўслед за ваяўнічымі правіцелямі робяць агрэсіўныя грамадзяне, бо ў ЗША такі атракцыён называецца «рускія горкі».

У канцы роздуму мне застаецца толькі з сумам сказаць: беларусы і расіяне, трэніруйце і ўмацоўвайце вестыбулярны апарат!

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]