Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Выйшла другая кніга Андрэя Горвата

23.12.2018 культура
Выйшла другая кніга Андрэя Горвата

Новая кніга Андрэя Горвата «Прэм’ера» прадаецца з 21 сьнежня.

Пра яе выхад чытачы даведаліся толькі ў кнігарні.

«Прэмʼера» выйшла ціха, без рэклямы і абвестак у сацыяльных сетках. Але ўжо ў першы дзень продажу яе заўважылі чытачы, павеламляе «Радыё Свабода».

Першая кніга Горвата «Радзіва Прудок» выйшла ў 2016 годзе на піку папулярнасьці Андруся Горвата ў сацсетках. Яе аснову склалі допісы Горвата ў фэйсбуку. Праводзіліся прэзэнтацыі і шматлюдныя аўтограф-сэсіі.

Пасьля гучнага посьпеху кнігі Горват выдаліў свой акаўнт у фэйсбуку. Дагэтуль ён не зьявіўся ў сацсетках, прынамсі адкрыта.

«Прэм’ера» прадаецца толькі ў двух месцах у Менску: у касе Купалаўскага тэатру і ў «Акадэмкнізе». Ці будзе прэзэнтацыя кнігі, Горват ня кажа.

Андрусь стаў Андрэем

Аўтар «Прэм’еры» падпісаны як Андрэй Горват. На дэбютнай кнізе аўтар быў пазначаны Андрусём.

«Дзядзька Горват, Андрусік Іванавіч, Андрушачка — гэта ўсё з Facebook расьце. Гэта ня столькі я ўтвараў гэты вобраз, колькі сама аўдыторыя... Як бы я не мяняў імёны, усё роўна застаюся Горватам. Ёсьць нейкая база, ад якой я не адмаўляюся і якая аб’ядноўвае ўсе шызафрэнічныя бакі маёй асобы. Корань адзін. Астатняе — спробы зьмяніць вобраз пэрсанажа, бо мне ў ім станавілася цесна», — казаў раней Горват у інтэрвію Свабодзе.

Наклад «Прэмʼеры» — 1000 асобнікаў. «Радзіва Прудок» стартавала больш сьціпла, але пасьля некалькіх перавыданьняў наклад перавысіў 7000 асобнікаў.

Абедзьве кнігі выйшлі ў выдавецтве «Медысонт».

Ад камэнтароў наконт выхаду кнігі Андрэй Горват адмовіўся.

Андрэю Горвату 35 гадоў. Журналіст, пісьменьнік, былы дворнік Купалаўскага тэатру. Стаў вядомым пасьля таго, як зьехаў зь Менску на малую радзіму — палескую вёску Прудок. Жыцьцё ў Прудку ён апісваў на сваёй старонцы ў Facebook. За аповедамі пра адбудову дзедавай хаты, муху Наташу, казу Цётку і кабачкі сачылі каля дзесяці тысяч чалавек. Кніга атрымала прэмію «Дэбют», прэмію Адама Глобуса «Залатая літара», увайшла ў шорт-ліст прэміі Гедройця. Гэтую выбуховую папулярнасьць некаторыя назвалі «фэномэнам Горвата».

Цяпер ён разам зь сябрамі аднаўляе занядбаны кляштарны комплекс у Мазыры, каб стварыць культурную прастору. Вядзе там аўтарскія курсы беларускай мовы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]