220 гадоў таму, у вігілійны вечар 24 снежня на свет прыйшоў наш славуты суайчыннік Адам Міцкевіч.
Гэтую падзею адзначылі вернікі з Навагрудка — малой радзімы паэта.
24 снежня — вельмі важны для ўсіх католікаў дзень. Гэта час прыйсця Езуса. Штогод кожны снежань мы знаходзімся ў радасным чаканні калядных святаў. Праз гады, стагоддзі і тысячагоддзі мы зноў і зноў дзякуем Богу за Яго сына. Мы любім Езуса, адчуваем Яго апеку і моцна жадаем, каб увайшоў у жыццё кожнага з нас. А яшчэ мы, як дзеці, чакаем ад Яго цудаў. Асабліва ў гэтыя святыя дні, пiша catholic.by.
Ці ж не цуд учыніў Бог, калі падарыў свету вялікі талент Адама Міцкевіча? Паэт нарадзіўся ў вігілійны вечар 24 снежня 1798 года.
Месцам яго нараджэння, яго «малой радзімай» называюць фальварак Завоссе Навагрудскага павета.
Бацька паэта Мікалай Міцкевіч служыў адвакатам пры навагрудскім судзе. Маці Барбара Маеўская паходзіла са збяднелай шляхты з вёскі Чамброва, што таксама на Навагрудчыне.
Як і належыць, у каталіцкай сям’і Міцкевічаў панавалі любоў і згода. Дзеці, Францішак і Адам, раслі ў спрыяльнай атмасферы, у павазе да простых людзей. Яны выхоўваліся на музыцы, беларускіх і польскіх песнях, якія ім спявалі служанкі Гансеўская і Гарбатоўская, на беларускіх казках і легендах, якія расказваў слуга Блажэй.
Такая першая хатняя адукацыя стала для будучага паэта асновай для яго вершаў і баладаў.
Чытаць і пісаць хлопцаў навучыла маці. Пэўны час з імі працавалі гувернёры — спачатку Сымон Мінкоўскі, потым Людвік Янкоўскі.
Першую адукацыю па-за домам Адам атрымаў у Навагрудскай дамініканскай школе, у якую паступіў у 1807 годзе. Школа была пры касцёле святога Міхала Арханёла. Разам з арыфметыкай, гісторыяй, геаграфіяй, польскай мовай, лацінай, этыкай, каліграфіяй хлопец тут спасцігаў і рэлігійную навуку.
Усё, што потым будзе адлюстравана ў творчасці, Адам Міцкевіч знайшоў тут, на сваёй «малой радзіме», у Навагрудку.
Расказваюць, што ён мог памерці яшчэ ў дзяцінстве, але, дзякуючы аднаму толькі Богу і Яго ўсемагутнай сіле застаўся жыць на гэтым свеце.
Ён быў ахрышчаны 2 лютага 1799 года ў навагрудскім фарным касцёле Перамянення Пана. Тут знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай.
Паводле самога паэта, менавіта тут, перад гэтым абразом, Маці Божая ў раннім дзяцінстве ўратавала яму жыццё, цудоўным чынам аздаравіўшы ад хваробы.
Калі напярэдадні 220-гадовага юбілею паэта Адама Міцкевіча яго цяперашнія землякі з Навагрудка атрымалі запрашэнне мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены прыняць удзел у вечарыне «Адамаў шлях пад вечным небам», гэта стала справай вялікай адказнасці і гонару найперш для ўдзельнікаў кола пазнавання польскай мовы і культуры пры касцёле св. Міхала Арханёла. Гурток існуе ўжо другі год і арганізаваны па ініцыятыве пробашча кс. Юрыя Жэгарына.
Становіцца добрай традыцыяй дзень нараджэння Адама Міцкевіча адзначаць цікавым мерапрыемствам з духоўным адценнем. У мінулым годзе гэта была паэтычная імпрэза «Adam Mickiewicz. Kocham». Сёлета кола пайшло далей. Па матывах твораў паэта (верш «Дзень добры», баладаў «Свіцязь», «Вяртанне таты») на польскай мове быў пастаўлены спектакль-мініяцюра «Рowrót taty».
Галоўную ідэю спектакля выконвае балада «Вяртанне таты». Сама па сабе яна мае глыбокі сэнс. Згодна зместу, дзеці, якія шчыра моляцца за свайго бацьку каля крыжа, выратавалі па меншай меры ад абкрадання бандытамі свайго бацьку-купца. Але, што непамерна каштоўней, яны ўратавалі жыццё — сваё і бацькі.
Адам Міцкевіч быў веруючым чалавекам, католікам. Відаць, гэта і дало яму магчымасць так глыбока прасякнуцца рэлігійнай тэмай, так пераканальна мастацкім словам паказаць моц малітвы. Лепш за Міцкевіча пра гэта не скажаш.
16 снежня ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены ў тэатральнай зале адбылася прэм’ера спектакля-мініяцюры. Але гэта была не проста тэатральная пастаноўка. Атрымалася цэлае прадстаўленне — музычнае, паэтычнае, песеннае. Музыка любімага Міцкевічам польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна суправаджала ўсё мерапрыемства — у запісе і «жывым» гучанні.
Музыкант з Мінска, пастаянны ўдзельнік канцэртаў арганнай музыкі ў навагрудскім касцёле св. Міхала Арханёла Аляксандр Музыкантаў падараваў прысутным на мерапрыемстве цудоўныя і ўзнёслыя хвіліны эстэтычнага задавальнення.
Кранальным і патрыятычным атрымалася выступленне касцёльнага хору з Навагрудка. Яго ўдзельнікі (Ядвіга Лысая, Алена Аскірка, Ірына Каўцэвіч, Ганна Шапель, Тэрэза Закрэўская, Ванда Бузук) спявалі пра любоў да Бога, да Радзімы, да Навагрудчыны.
Паэтычная частка прадстаўлення навагрудчан была прысвечана краязнаўству. Удзельнікі гуртка вывучэння польскай мовы (Фаіна Малюжэнец, Ірына Царук, Алена Антоненка, Алена Міхнёнак, муж і жонка Максім і Вольга Гурэцкія) на беларускай, рускай і польскай мовах тэатралізавана па ролях прачыталі баладу Міцкевіча «Люблю я». Сюжэт балады разварочваецца ў родных Міцкевічу мясцінах, на Навагрудчыне, каля вёскі Рутка.
Адна з вядучых праграмы, самая маладая ўдзельніца, школьніца Аляксандра эмацыйна і выразна прачытала верш «Ріеsń Philarets». Тэма філарэтаў, таемнага патрыятычнага аб’яднання студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ў 1820–1823 гадах, вельмі важная для Міцкевіча, які быў адным з іх. Таму мы не маглі не закрануць гэтай тэмы.
Гурток вывучэння польскай мовы працуе пры касцёле. Усе яго ўдзельнікі — людзі веруючыя, якія маюць асабістыя адносіны з Езусам. Таму такой дарагой і значнай для нас была прысутнасць на каляднай сустрэчы Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага з прадстаўнікамі малітоўных груп і рэлігійных рухаў архідыяцэзіі.
Была трэцяя нядзеля Адвэнту, якая ў літургіі Касцёла традыцыйна з’яўляецца «нядзеляй радасці». Таму мы, парафіяне касцёла св. Міхала Арханёла ў Навагрудку, з радасцю і пажаданнямі Божай ласкі дзяліліся аплаткай паміж сабой, са святарамі і ўсімі прысутнымі на сустрэчы католікамі.
Аналізуючы post faсtum нашу паездку ў Мінск, хочацца падзяліцца найлепшымі ўражаннямі ад сустрэч і знаёмстваў з рознымі добрымі людзьмі і святарамі. Найперш гэта дэкан Паўночна-Заходняга дэканату горада Мінска, пробашч парафіі св. Сымона і св. Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк. Шчыра дзякуем за запрашэнне і апеку загадчыцы бібліятэкі імя Адама Міцкевіча пры Чырвоным касцёле спадарыні Галіне і арганісту касцёла Андрэю Міхневічу.