Ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі, кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у горадзе Жодзіне віншуе з Раством Хрыстовым.
Са святамi Божага Нараджэння віншуе ксёндз Міхаіл Цвячкоўскі, кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у горадзе Жодзіне. Віншаванне апублікаваў сайт ex-press.by:
"Паважаныя хрысціяне-католікі і людзі добрай волі!
Дазвольце выказаць шчырую радасць з нагоды святаў Божага Нараджэння. Таямніца Святой ночы вее цяплом для ўсяго чалавецтва, таму што Бог вырашыў стаць падобным да нас ва ўсім, гэта значыць падзяліць з намі лёс. Яго нараджэнне ва ўбогіх умовах падкрэслівае годнасць кожнага людскога жыцця.
Бог жадае жыць з кожным чалавекам у гармоніі і таму прапануе для нас жыццё паводле Яго загадаў. Мы запрошаныя распазнаць Божую прысутнасць у нашым унутраным свеце. Так, як гэта калісьці зрабіў святы Аўгустын, узгадваючы ў сваіх успамінах: «Позна я палюбіў цябе, старадаўняя прыгажосць і такая новая. (…) Ты была ў глыбіні душы, а я блукаў па бездарожжы і там цябе шукаў. (…) Ты блісканула, заззяла як маланка і асвятліла маю слепату». Дотык Бога змяняе ўсё яго жыццё, бо разам з гэтым дотыкам прыходзіць усведамленне рэальнай блізкасці Бога і яго клапатлівай любові.
Жадаем таксама перажываць Божае Нараджэнне разам з Марыяй, якая з’яўляецца ўзорам дасканалай хрысціянкі. Напоўненая Божай ласкай, з даверам да Бога, яна захоўвае Усемагутнаму вернасць у кожнай сітуацыі - як у радаснай, так і ў складанай. Узнагароджаная за гэтую вернасць, Марыя з душой і целам была ўзятая да Божага Валадарства.
Сёння і кожнага з нас Бог жадае зрабіць шчаслівым, запальваючы ў сэрцы надзею на жыццё вечнае. Хрыстус зазначае ў Евангеллі: «Я і дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш як толькі праз Мяне». Менавіта таму кожны з нас запрошаны пазнаць Хрыста асабіста і ўвайсці з Ім у дыялог. Час Божага Нараджэння – гэта выдатны момант, каб гэта ўчыніць.
Дарагія хрысціяне і людзі добрай волі! Дазвольце ад шчырага сэрца павіншаваць усіх вас з гэтым прыгожым і глыбокім святам Божага Нараджэння. Жадаю, каб Божае цяпло асаблівым чынам агарнула кожную сям’ю нашага горада і напоўніла нас мірам, узаемнай павагай, дабрынёй і любоўю. Давайце ў гэтыя дні зробім прастору ў сэрцы для ўзаемнай ветлівасці і дабрыні, а Божы мір з упэўненасцю напоўніць нашыя сэрцы і рассыпле свае промні на нашае асяроддзе. Міра, дабра і Божай любові вам, паважаныя жодзінцы! Са святам Божага Нараджэння!
Святочная Імша (пастэрка) ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у г. Жодзіне распачнецца з 24 на 25 снежня а 23.00. Урачыстая святая Імша Божага Нараджэння 25 снежня а 9.00, 11.00 і 18.00. Пасля святой Імшы а 11.00 запрашаем у дольнае памяшканне касцёла на тэатральную пастаноўку – батлейку ў выкананні дзетак нашай парафіі. 17 студзеня а 19.00 у нашым санктуарыі распачынаецца курс “Асновы хрысціянства”. Кожнага жадаючага лепш пазнаць Божыя законы запрашаем прыняць у ім удзел.
Ксёндз Міхаіл ЦВЯЧКОЎСКІ,
кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у горадзе Жодзіне."
Каляндар галоўных каталіцкіх святаў у 2019 годзе
Публікуем каляндар святаў і ўрачыстасцяў, якія адзначаюцца ў Каталіцкім касцёле ў 2019 годзе. Пераносаў, як у 2018 годзе, не будзе — усё адбудзецца ў традыцыйныя даты.
Папялец, пачатак Вялікага посту, пройдзе 6 сакавіка. Гэта значыць, што Жаночы дзень, 8 сакавіка, католікі не змогуць адзначаць застоллем і весялосцю: на гэтую дату прыпадае першая пятніца Вялікага посту — дзень пакаяння, сузірання Крыжовага шляху, асаблівых малітваў і посту. Вялікдзень католікі адсвяткуюць 21 красавіка.
Дзень Святой Багародзіцы Марыі — 1 студзеня
Аб'яўленне Пана (Тры Каралі) — 6 студзеня
Хрост Пана — 13 студзеня
Ахвяраванне Пана — 2 лютага
Папялец (пачатак Вялікага посту) — 6 сакавіка
Святога Юзафа — 19 сакавіка
Звеставанне Пана — 25 сакавіка
Пальмавая (Вербная) нядзеля — 14 красавіка
Вялікдзень — 21 красавіка
Свята Божай Міласэрнасці — 28 красавіка
Унебаўшэсце Пана — 30 траўня
Спасланне Святога Духа (Пяцідзесятніца) — 9 чэрвеня
Найсвяцейшай Тройцы — 16 чэрвеня
Цела і Крыві Хрыста — 20 чэрвеня
Найсвяцейшага Сэрца Езуса — 28 чэрвеня
Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі — 29 чэрвеня
Святых апосталаў Пятра і Паўла — 29 чэрвеня
Перамянення Пана — 6 жніўня
Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — 15 жніўня
Нараджэнне Божай Маці — 8 верасня
Узвышэння Святога Крыжа — 14 верасня
Дзень усіх святых — 1 лістапада
Хрыста Валадара — 24 лістапада
Пачатак Адвэнту — 1 снежня
Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі — 8 снежня
Божае Нараджэнне — 25 снежня
Святой Сям'і — 31 снежня.