Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Фотафакт: Як калядавалi ў Менску

25.12.2018 общество
Фотафакт: Як калядавалi ў Менску

Калядоўшчыкі з Менска распавялi, чаму традыцыя дагэтуль жыве.

«У горадзе калядаваць складаней. Не кожны чалавек захоча пусціць у сваю кватэру 15 чалавек, да таго ж, тут людзі больш закрытыя, чым на вёсцы», — распавядаюць

калядоўшчыкі з Менска. Але традыцыя жыве: гаспадары і ў 2018 годзе кладуць у мяхі спіртное, цукеркі, каўбасу, сала і мандарыны.

Фатограф tut.by Вадзім Заміроўскі знайшоў у сталіцы этнографаў, айцішніка і транспартнага фаната, якія кожны год апранаюць маскі Мядзведзя, Бусла і Казы, і спытаў, навошта ім гэта.

Ганна Сілівончык, 32 гады, старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства

«Часцей за ўсё бываю Казой, але зрэдку яшчэ і Буслом — залежыць ад настрою: Каза

больш урэдная і вясёлая, а часам проста хочацца пахадзіць такім маскіраваным нямым

персанажам. У Бусла роля даволі простая: ён маўкліва ходзіць, а гаспадары яго частуюць: альбо гарэлкай, альбо даюць на талерцы жыта падзяўбці, — распавядае Ганна. — Гэтага Бусла мы зрабілі з мужам за адзін вечар. Галава ў яго з какоса, зверху мы яе абклеілі і расфарбавалі».

Вобраз Бусла распаўсюджаны ў беларускіх калядных традыцыях. У гурце калядоўшчыкаў ён сімвал дзядоў, разам з усімі ён нясе дабрабыт у хату.

«Маскі патрэбныя, каб выклікаць у чалавека спрэчныя пачуцці. Традыцыйна яны мусяць быць і смешнымі, і адначасова страшнымі. Бывае, што і дарослыя людзі пужаюцца, калі, напрыклад, наткнуцца на нас нечакана. Я люблю такія маскі, у якія можна схавацца, да таго ж я люблю вобразы птушак, бо яны мне блізкія эмацыйна».

Вясковыя людзі заўжды вельмі чакаюць калядоўшчыкаў і вельмі ім радыя, а гарадскія па-рознаму рэагуюць: могуць і не пусціць у хату, ці, бывае, суседзі выходзяць у калідор і просяць не шумець, распавядае Ганна Сілівончык. «Але людзі старэйшага веку і моладзь, якая шануе беларускія традыцыі, нам заўсёды радыя, запрашаюць, частуюць — так можна адчуць подых традыцыйнага свята нават у горадзе».

Марыя Глушко, 14 год, вучаніца

«Я заўсёды была ў вобразе Казы, але ў гэтым годзе бацькі вырашылі даць мне

іншую ролю — Мядзведзя, а мне было цікава паспрабаваць нешта новае», — кажа

дзяўчына.

Бацькі Марыі — этнографы, іх цікаўнасць да народнай культуры перадалася і дачцэ.

Нягледзячы на ўзрост, Марыя калядуе ўжо шосты сезон. «Калі калядуеш, то адчуваеш, што яднаешся з продкамі ў іх традыцыях. Ты робіш тое, што рабілі і сто, і дзвесце год таму на тваёй зямлі».

Марыі падабаецца ідэя адраджэння беларускай культуры, зараз яна спрабуе арганізаваць Каляды ў сваёй школе, але згадзілася паўдзельнічаць усяго некалькі чалавек. «Напэўна таму, што яны не ведаюць традыцыі і шмат для каго гэта проста тэатралізаваная пастаноўка».

Лізавета Дубінчына, 22 гады, музейная супрацоўніца

Калядуе з сябрамі каля 5 год. Роля Казы цікавая, але і складаная. «Трэба ўвесь час

адплясваць, маска націрае. Звычайна ў нашым гурце гэтую ролю аддаюць хлопцам, бо

гаспадары хаты, паводле абрада, часта пачынаюць паіць Казу — і што мне з той чаркай рабіць?» — кажа Лізавета.

«Каб Каза ўстала, трэба Казе сала, на ражок — піражок, а на копчык — пончык, а на спінку — мандарынку», — так кажа вядучы. Тады гаспадары нясуць прысмакі.

«Але самы кранальны момант быў, калі бабуля вынесла нам адно яйка. Яна была так

шчыра радая, што мы да яе завіталі, таму яна аддала нам тое яйка, бо, здаецца, у яе нічога больш не было. Гэта было вельмі моцна».

Барыс, 33 гады, працуе ў сферы IT

Барыс робіць калядныя абыходы з сябрамі з 2010 года. Паступова спрабуе надаць

абраду актуальную форму, дадаючы ў яго персанажаў з сучаснасці. «Мы калядуем

збольшага ў горадзе, таму што самі тут жывём. У весцы рабіць абыход захапляльна, але гэта ўсё ж не нашая прастора, і для мяне гэта было падобна да рэканструкцыі. А ў горадзе мы робім сапраўдны сучасны абрад — не для рамантычна-патрыятычнай галачкі, а для падтрымання сувязяў у грамадзе».

Дзед, бог, жабрак — цэнтральны персанаж каляднага гурта. Гэта, напэўна, самы

старажытны персанаж, але пры гэтым ён пазачасавы. Гэты вобраз можна разумець як

першапродка-мужчыну, часам яго суправаджае вобраз Бабы.

«Калядоўшчыкі — істоты, якія нясуць долю на наступны год. Ад таго, як гаспадар іх прыме, можа залежыць яго лёс, — лічыць Барыс. — А Дзед павінен выносіць гэты вердыкт, таму гэтая роля вельмі адказная і, мабыць, самая важная».

Аляксандр Галкоўскі, 28 год, навуковы супрацоўнік аддзела старажытна-беларускай культуры НАН Беларусі

Аляксандр калядуе ўжо восьмы сезон.

Калі ў 2011 годзе трапіў у калядны рух, то не хапала вобраза Мядзведзя, таму вырашыў узяць гэтую ролю. Касцюм Аляксандр зрабіў сам са старых кажухоў, якія знайшоў на вёсцы, а маску — з пап’е-машэ.

«Калі апранаеш гэты касцюм, то робішся ўжо не чалавекам, інакш свет успрымаеш. Твой твар закрыты ад людзей і цябе ўспрымаюць, вядома, як Мядзведзя, і гэта вымагае адпаведных учынкаў. Бывае, што дзеці пужаюцца, але часцей за ўсе людзі пазітыўна мяне ўспрымаюць».

«У горадзе калядаваць складаней, — распавядае Аляксандр, — для каляднага абраду патрэбна месца, таму традыцыя зараз і вымываецца. Не кожны чалавек захоча пусціць у сваю кватэру гурт з 15 чалавек, да таго ж, у горадзе людзі больш закрытыя, чым на вёсцы».

У каляднай традыцыі вобраз Мядзведзя — гэта сіла, мужнасць, мудрасць, але ў розных мясцовасцях значэнні могуць адрознівацца.

«Мядзведзь у нас мучоны-кручоны, у смаргонскай акадэміі вучоны. Ведае ўсялякія

навукі, паказвае розныя пацешныя штукі», — пасля гэтай фразы пачынаецца выступленне. Роля цяжкая, даводзіцца ўвесь час імправізаваць. Калі гаспадары дома просяць Мядзведзя паказаць што-небудзь, ёсць літаральна некалькі секунд, каб нешта

прыдумаць і зрабіць яркі выступ.

«Мне заўсёды хочацца выкласціся, каб гэта было не дзеля галачкі, насамрэч прынесці

людзям радасць», — распавядае Аляксандр.

Ірына Паўловіч, 19 год, студэнтка

Першы раз калядавала з іншымі сябрамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства ў 2016 годзе. На фотаздымку дзяўчына ў вобразе Казы. Маска — праца этнографа Насты Глушко, гэта пап’е-машэ, звонку лямец і вышыўка. Строй Ірына збольшага пашыла сама: фартух, кашулю, спадніцу, пояс, «юпка» (сцёганая світа) — аўтэнтычная.

«Боты сучасныя куплёныя, але спецыяльна калядныя, бо правы абуты на левую нагу, а левы — на правую. Гэта амаль не заўважна, але робіць паходку троху дурацкай і надае

ўнутранага адчування чагосьці перагорнутага, выгарнутага вонку, незвычайнага», —

распавядае дзяўчына.

«Чаму вобраз Казы? Таму што недзе адчувалася, што ён мне блізкі і я з ім хутчэй звыкнуся, чым з Мядзведзем ці якой Цыганкай. Памятаю моцнае здзіўленне ад таго, што я ў масцы — гэта не я. Спачатку было трохі няёмка рабіць нават тыповыя казіныя дзеянні — бадацца, танчыць. Але хутка пачынаеш рабіць рэчы, якія сама ад сябе не чакаеш, ловіш момант, калі ствараецца адзінства — вось ты ў масцы і ёсць калядная Каза, а калядная Каза — ты.

А яшчэ гэта весела. Можна, напрыклад, пагнацца за якімі бугаямі на вуліцы. І ўяўляеце, ім шчыра страшна, але і смешна, і дзіўна. А табе ў Казе весела і добра. Такі своеасаблівы выхад з зоны камфорта, але ж і ўваход у нейкую іншую зону дазволенага. Гэтага надзвычай не стае ў напружанай штодзённасці, а пасля калядавання заўжды адчуваецца нейкае аднаўленне моцаў і праясненне думак».

Смерць Казы — нязменная частка калядавання, дадае Ірына.

«Каза заўжды ажыўляецца дарамі гаспадароў. Прасочваецца сувязь з дабрабытам і ўрадлівасцю: Дзе каза ходзіць, // Там жыта родзіць, // Дзе каза хвастом, // Там жыта кустом, // Дзе каза нагой, // Там жыта капой, // Дзе каза рогам, // Там жыта стогам!»

Калядоўшчыца распавядае, што кожнае калядаванне незвычайнае, асабліва калі ёсць

магчымасць прайсціся ў касцюмах па горадзе. «У мінулым годзе было вельмі камічна, калі мой ідэальны Дзед з кудзельнай барадой і ў велізарных альпінісцкіх нагавіцах сутыкнуўся з хіпстэрам. У яго таксама была вялізарная барада — „толькі з барбэршопа“. Не ведаю, ці ён зразумеў, што мы жартуем з ягонай барады, але гэта было прыўкрасна і вельмі ўпісвалася ў сучасную гарадскую рэчаіснасць».

Кірыл Сінюціч, 31 год, займаецца грамадскай дзейнасцю ў сферы транспарта

Каляды — добрая традыцыя, якую Кірыл з сябрамі падтрымлівае ўжо каля 10 год.

У розныя гады даводзілася прымяраць розныя ролі: Мядзведзя, Механошы, Казы. «Але мне проста падабаецца хадзіць і спяваць, зычыць людзям здароў’я і дабрабыту, таму звычайна калядую проста ў строі, — распавядае Кірыл. — Я абраў такі вобраз, каб падкрэсліць сваю беларускасць. Гэты строй мне шылі на вяселле, у ім я жаніўся».

Звычайна калядоўшчыкам даюць тое, што ў людзей ёсць на сталах: спіртное, цукеркі,

каўбаса, сала, мандарыны. «Часам даюць грошы, але, на мой погляд, гэта не зусім

правільна, — кажа хлопец. — Калі такое бывае, то набываем бензін у машыну, на якой

ездзілі. Але цікавей пасля Калядаў увечары зрабіць стол з таго, што накалядавалі. Бывае так, што за такім святочным сталом са спевамі сядзім да самага ранку».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]