Чым новая казка адрознівацца ад леташняй?
30 снежня а 18 гадзіне маленькія і дарослыя гледачы зноў пабачаць прыгоды літары Ў і яе сяброў на сцэне менскага Моладзевага тэатру эстрады, перадае «Радыё Свабода».
Пра што новая казка, ці будзе яна адрознівацца ад леташняй?
«Так, будзе адрозьнівацца, і вельмі істотна, — расказваюць стваральнікі цыклю казак аб прыгодах літары Ў Раман Арлоў і Кацярына Поцюс. — Яська і Янінка будуць, як і летась, зьбіраць у Чароўным Бары літары са слова НАДЫШОЎ. Але гэтым разам ім замінае ня толькі Зюзя, але і багіня зімы Марана. Ярыла не дапаможа — ен да Вясны паляцеў у Сьветлы Вырай. Уся надзея на „Ў нескладовае“ і, вядома ж, на саміх дзяцей — Яську і Янінку. Яны наша будучыня, іх сувязь зь Беларускай Зямлей яшчэ не перарваная, як у многіх іншых беларусаў».
Калі чароўныя літары са слова НАДЫШОЎ ня будуць сабраныя, Каляды і Новы год не настануць, а зіма будзе бясконцай.
Паводле арганізатараў, гледачоў чакае сюрпрыз: у якасьці каляднага падарунку можна будзе набыць кампакт-дыск з цыклю казак аб прыгодах літары Ў — зімовай, веснавой і восеньскай.
Квіткі на навагоднюю казку каштуюць ад 9,5 да 17 рублеў.