У Глыбокім зладзілі легендарную беларускую народную гульню «Жаніцьба Цярэшкі».
У Глыбокім ужо чацвёрты раз зладзілі ігрышча “Жаніцьба Цярэшкі”. Яго арганізавалі глыбоцкія грамадскія актывісты сумесна з сябрамі з Лепельшчыны і Полацка. Гульня праходзіла ў вясковай хаце на аграсядзібе Юлі Букі “Родны кут”, перадае «Радыё Рацыя».
Сутнасць абраду – згуляць жартаўлівае вяселле з імітацыяй вясельных абрадаў, песень, танцаў і жартаў. Паводле ўдзельнікаў ігрышча, гэты абрад падымае ўсім настрой, яднае і прымушае некаторых успомніць маладосць.
– Мне здавалася, што народная культура – гэта калі людзі селі за стол, выпілі па чарцы, яны павесялелі і быццам бы гэта ўсё. На самой справе беларуская культура – такі глыбінны пласт. Мы зараз адзін аднаго вучым і адзін ад аднаго вучымся.
– Дзякуй вялікі, што вы захавалі гэтую беларускую традыцыю! Дай Бог мне моцнага здароўя, каб у наступны раз я ізноў гэта паўтарыла: прыгажосці неверагоднай напілася, навучылася беларускім танцам. І хочацца шчасця і кахання. І дай вам Бог усім-усім шчасця і любові поўны глыток і такога ж адчування поўнасці ўсіх пачуццяў на цэлы год.
“Жаніцьба Цярэшкі” – беларуская народная гульня, якая ладзіцца ў зімовы час напярэдадні Калядаў і Новага года. Раней у гэта ігрышча гуляла толькі нежанатая моладзь, цяпер у ім удзельнічаюць усе ўзроставыя катэгорыі. Людзі весяляцца, жартуюць, навучаюцца беларускім танцам і спевам і такім чынам адраджаюць старадаўнія традыцыі.