Паэт i палiтык Уладзімір Някляеў павiншаваў беларусаў.
31 снежня а 23.10 незалежны тэлеканал «Белсат» паказвае навагодняе шоў “У Маскве нас не зразумеюць!” У ім ніякай палітыкі, апроч хіба назвы, якая нечакана паклалася ў кантэкст апошніх палітычных падзей, пiша паэт i палiтык Уладзімір Някляеў у «Фэйсбуку».
Гэтаксама нечакана мне прапанавалі сыграць у шоў ролю Святога Міколы, які віншуе беларусаў з Новым годам...
Дык з Новым годам, беларусы!
Вось, народ, і Новы год!
Карагод вясёлы!
Дык паслухай жа, народ,
Зычанні Міколы.
Не такі ўжо я святы,
Сам з народа родам.
І таму хачу, каб ты
Быў, народ, народам!
Каб твой голас не прапаў,
Чуўся ў паднябессі,
Каб ты сам сябе складаў,
Як складаеш песні.
І каб як у салаўя,
Што пяе вяснова,
У цябе была свая,
Не чужая мова.
Каб ты ўсё сваё збярог,
Каліўца не страціў…
Каб у Беларусі Бог
Жыў у кожнай хаце!