Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Навагоднія затрыманні ў Курапатах: як гэта было

01.01.2019 политика
Навагоднія затрыманні ў Курапатах: як гэта было

У навагодні вечар адбылася правакацыя супраць удзельнікаў Варты абароны Курапатаў.

У навагодні вечар, 31 снежня, прыблізна а 17.40 адбылася правакацыя супраць удзельнікаў Варты абароны Курапатаў з затрыманнямі й складаннямі пратаколаў супрацоўнікамі міліцыі. У дачыненні да актывісткі Варты абароны Наталі Ладуцька міліцыянты застасавалі сілу.

“Новы Час” звязаўся з відавочцам падзеяў, актывістам Варты і старшынёю “Маладога Фронту” Дзянісам Урбановічам, які паведаміў наступныя падрабязнасці інцыдэнту:

“Кліентаў у гэты дзень практычна не было, апроч расейцаў Івана Ермакова і Стэлы Чырковай, якія стала прыязджаюць у “Бульбашъ-холл”. На сваёй машыне яны ледзве не збілі актывістаў Варты, пранесліся на вялікай хуткасці, пры гэтым аднаго з іх зачапілі люстрам задняга віду. Ніхто ў гэты дзень не чакаў якіх-кольвек правакацыяў, бо забаўляльны комплекс меўся зачыніцца а 18.00, не было запланавана аніякіх банкетаў. Яны выязджалі з комплексу прыблізна а 17.40, я вырашыў спыніць іхную машыну й выклікаць супрацоўнікаў ДАІ. Тыя прыехалі вельмі хутка й адразу наляцелі на мяне, хацелі скруціць, але я сам пайшоў у іхную машыну для складання пратаколу. Пачуў пагрозы ў свой адрас і выйшаў з машыны. Пасля складання пратаколу яны падыйшлі да дзвюх жанчынаў – Наталі Ладуцька й Валянціны Дзядок. Яны проста стаялі ля брамы рэстарацыі, каля бардзюру. Супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі, каб яны назвалі ім свае імя і прозвішча і прайшлі з імі ў машыну. Жанчыны адмовіліся, бо яны анічога не здзейснілі супрацьзаконнага. Ладуцька пайшла па дарозе ад забаўляльнага комплексу, за ёй пабег даішнік, потым другі. Таксама хутка пад’ехала патрульная машына з бараўлянскага аддзелу міліцыі, з якой выбеглі два міліцыянты. Наталю Ладуцька схапілі за рукі, за ногі, спрабавалі яе паваліць. Выцягваючы яе на дарогу, цягнулі па бруду. Ёй закручвалі рукі, адзін з міліцыянтаў локцем давіў ёй у шыю. Жанчыну доўга не маглі пасадзіць у машыну, круцілі яе недзе хвілінаў пяць. Увесь працэс затрыманьня на відэа здымаў Ермакоў, смяяўся”.

Паводле сведчаньняў Дзяніса Урбановіча сілы ў адносінах да Валянціны Дзядок не ўжывалі, бо яна паспела паказаць міліцыянтам пасведанне аб інваліднасці. Абаронцы Варты паехалі следам за машынай супрацоўнікаў МУС з затрыманымі жанчынамі. У памяшканні бараўлянскага аддзелу міліцыі яны чулі, як голасна крычала Наталя Ладуцька, якая адмаўлялася надаваць свае асабістыя дадзеныя. Таксама актывісты Варты абароны сталіся сведкамі, як з пастарунку міліцыі разам з супрацоўнікам МУС выйшаў Іван Ермакоў, які паводле словаў актывістаў Варты вельмі радаваўся й пасміхаўся.

Дзяніс Урбановіч не выключае мажлівасць спланаванай правакацыі:

“Супрацоўнікі МУС, якіх мы выклікалі, не прымалі нашыя заявы, але адразу пачалі нас вінаваціць. Жанчынаў затрымлівалі абсалютна без аніякіх падставаў, бо машыну Ермакова блакаваў асабіста я. Іх затрымалі нібыта за тое, што яны не надалі свае дадзеныя. Наталю Ладуцька дэманстратыўна круцілі вельмі жостка. Паводле словаў і рэакцыі “ціхароў”, што ўвесь час вартуюць ля “Бульбашъ-холлу”, цалкам мажліва, планавалася правакацыя супраць актывістаў Варты, каб яны пачалі адбіваць затрыманых, а гэта была б ужо крымінальная справа”.

Адным з міліцыянтаў, які паводле словаў Урбановіча непасрэдна ўдзельнічаў у затрыманні Наталі Ладуцька, з’яўляецца старэйшы лейтэнант міліцыі Алег Чырук, пастарунковы інспектар міліцыі бараўлянскага аддзелу міліцыі.

Пасля складання пратаколаў Наталю Ладуцька і Валянціну Дзядок вызвалілі. Паводле папярэдняй інфармацыі, на абедзьвюх складзеныя пратаколы за парушэнне правілаў ПДР. Апроч гэтага, Наталя Ладуцька прыцягнутая да адказнасці за нібыта непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]