Вада камень точыць.
Праваабаронца Віктар Сазонаў звярнуўся да Гарадзенскага выканаўчага камітэта з прапановай публікаваць на сваім сайце заявы на правядзенне грамадзянамі масавых мерапрыемстваў і адказы на іх уладамі, перадае «Радыё Рацыя».
На жаль адказ, за подпісам чыноўніцы Зоі Кулешы, прыйшоў адмоўным. Калі б улады прыслухаліся да меркавання праваабаронцаў, то гэта магло б паспрыяць пяляпшэнню сітуацыі з грамадзянскімі і палітычнымі правамі ў Гародні.
Кажа Віктар Сазонаў:
– Застаюцца вялікія праблемы, асабліва ў такіх краінах, як наша, дзе ўлада не шануе правы чалавека, не выконвае міжнародныя нормы, міжнародныя стандарты. Была пададзена заява ў гарвыканкам, я падпісаў заяву і занёс. Заява датычыць зменаў у рашэнні гарвыканкама №540 пра вызначэнне месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Такім чынам мы хочам дамагчыся, каб людзі нашага горада маглі рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права на правядзенне мірных сходаў.
Адмоўны адказ, на думку праваабаронца, з’яўляецца адпіскай і часткова не адпавядае сутнаці прапановы.
Прапановы ў гарвыканкам праваабаронца падаваў 10-га снежня мінулага года, у межах нацыянальнай кампаніі за рэалізацыю грамадзянамі Беларусі права на мірныя сходы.
Праваабаронца дамагаецца, каб акрамя публікацыі зваротаў і адказаў, улады таксама адмовіліся ад практыкі ўскладання на заяўнікаў аплаты за выкананне сваіх абавязкаў камунальнікамі, міліцыянтамі і медыкамі падчас правядзення мірных акцый.
«Вада камень точыць», – кажа Віктар Сазонаў: – Яны таксама ў пэўным сэнсе ўплываюць на свядомасць. Яны кладуцца, яны як не круці ўсё роўна будуць ціснуць на законатворцаў і на выканаўцаў, бо нават заканадаўства, якое ёсць сёння, яго можна трактаваць па-рознаму. Калі мышленне ў гэтых людзей будзе мяняцца, нават калі заканадаўства не зменіцца, то ўскладанне кветак да магілы Віктара Каліноўскага ці да помніка Кастусю Каліноўскаму, яны не будуць трактаваць як масавае мерапрыемства.
Асабліва актуальным стаў зварот з нагоды вялікай колькасці адміністрацыйных штрафаў, якія былі вынесены ў канцы 2018 года за ўшанаванне памяці паўстанцаў 1863 года.
Таму такія «прыгадванні» праваабаронцамі ўладам, што іх дзеянні ў абмежаванні правоў грамадзянаў на масавыя сходы – незаконныя, даюць падставы для дыскусіі ўнутры існай аўтарытарнай сістэмы.