Свіслацкая міліцыя павінна адказаць за свае незаконныя дзеянні.
Гарадзенскі абласны суд 3 студзеня разгледзеў касацыйную скаргу сябра АГП, грамадскага актывіста Ігара Банцара на рашэнне суда Свіслацкага раёна, перадае «Радыё Рацыя».
Суддзя аблсуда Андрэй Ліхач скаргу Банцара не задаволіў.
Каментуе рашэнне суддзі Ігар Банцар:
– Рашэнне было чакаемае. Зразумела, ні адзін суддзя не можа прыняць рашэнне самастойна, што яшчэ раз сведчыць пра кішэннасць нашых судоў. Нягледзячы на ўсе сведчанні і доказы, якія мной былі агучаны ў якасці сваёй абароны, суддзя проста адмовіўся іх разглядаць і пакінуў рашэнне без зменаў. З аднаго боку гэта і добра, таму што сваім рашэннем ён пацвердзіў парушэнні закона, якія рабілі супрацоўнікі міліцыі. Як толькі я атрымаю рашэнне суда, у якім гаворыцца пра нібыта маю віну, буду пісаць скаргу ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МВД з патрабаваннем прыцягнуць супрацоўнікаў Свіслацкага РАУС да дысцыплінарнай адказнасці.
Праваабаронца Віктар Сазонаў, які прысутнічаў на судзе ў Банцара, лічыць, што актывіст мусіць змагацца за прызнанне незаконным рашэння Свіслацкага суду.
– Я, як праваабаронца, заўсёды раю, што гэта наш шлях, таму што мы выступаем за тое, каб дамагацца законнасці мірнымі шляхамі. На гэта ёсць пэўная працэдура. Мы павінны прайсці ўсе адпаведныя інстанцыі, якія толькі можна. А калі мы не зможам знайсці ў сваёй краіне адказаў на свае пытанні, доказы сваёй праваты, мы павінны выкарыстоўваць тыя пагадненні, якія падпісала Рэспубліка Беларусь, міжнародныя нормы, якія яна павінна выконваць, і скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека.
Праваабаронца таксама будзе звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо на мерапрыемстве ў Свіслачы 26 кастрычніка2018 году выконваў праваабарончыя функцыі, але суд у Свіслачы аштрафаваў яго на 15 базавых велічыняў нібыта за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.