Юліан Нямцэвіч быў ад’ютантам і сябрам Тадэвуша Касцюшкі падчас паўстання 1794 года.
Ёсць сярод нашых слынных землякоў шмат тых, каго лічаць, хутчэй, прадстаўнікамі суседніх краін. Іх дзейнасць, на жаль, не вельмі вядомая беларусам. Адзін з такіх людзей — Юліян Урсын Нямцэвіч (1758–1841), піша «Новы час».
Знакаміты пісьменнік, аўтар шэрагу раманаў, п’ес, паэтычных твораў, перакладчык, асветнік, палітычны дзеяч (дэпутат Сойму, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791 года) нарадзіўся ў вёсцы Скокі каля Брэста ў шляхецкай сям’і. Быў ад’ютантам і сябрам Тадэвуша Касцюшкі падчас паўстання 1794 года супраць падзелу Рэчы Паспалітай, разам з ім быў арыштаваны, кінуты ў Петрапаўлаўскую крэпасць.
Пасля вызвалення яны разам вымушаны былі з’ехаць у Амерыку, дзе Нямцэвіч правёў з перапынкам дзесяць гадоў — з 1797 па 1807. Быў знаёмы з Джорджам Вашынгтонам, Томасам Джэферсанам, Джонам Адамсам. У 1803 годзе падчас знаходжання ў Варшаве ён надрукаваў кнігу пра першага прэзідэнта ЗША «Кароткія звесткі аб жыцці і справах генерала Вашынгтона» (Krótka wiadomość o życiu i sprawach Generała Washingtona), якая стала адной з першых публікацый пра Вашынгтона.
Асаблівасць і вартасць кнігі Юліяна Нямцэвіча ў тым, што яна напісана на аснове асабістых стасункаў аўтара з чалавекам, якому Амерыка абавязана і сваёй незалежнасцю, і сваёй палітычнай сістэмай, што сталі прыкладам для многіх іншых краін. Нашаму земляку пашчасціла правесці амаль тры тыдні ў сям’і Вашынгтона, назіраць за ўкладам яго жыцця, звычкамі, адносінамі з роднымі і знаёмымі, гутарыць з ім на розныя тэмы, даведацца пра погляды генерала па многіх тагачасных пытаннях. Гэта і склала змест кнігі «Кароткія звесткі аб жыцці і справах генерала Вашынгтона», якая пабачыла свет праз чатыры гады пасля смерці прэзідэнта.
У першай частцы кнігі — кароткі нарыс пра біяграфію Вашынгтона, заснаваны на публікацыях іншых людзей. Нямцэвіч распавядае пра юнацтва Вашынгтона, пра яго ваенны талент, які перш праявіўся ў вайне з індзейцамі, пра сямейнае жыццё, пра выбары яго галоўнакамандуючым амерыканскай арміяй, пра ролю генерала ў Вайне за незалежнасць, пра праблемы, якія таму давялося вырашаць падчас гэтых падзей: «Мусіў змагацца з зайздрасцю і непаслухмянасцю. Неаднойчы салдаты неаплачваемай міліцэйскай арміі, даўно церпячы голад, недахоп адзення і нават абутку, альбо пакідалі лагер і разыходзіліся па дамах альбо, узбунтаваўшыся, са зброяй дамагаліся належнага ім. Сваёй паважнасцю, сталасцю, красамоўствам сунімаў гэтыя бурныя хваляванні, улагоджваў узрушаныя пачуцці, знішчаў намеры, якія маглі несці з сабою самыя страшныя вынікі. Цяжка было знаходзіцца ў такіх далікатных абставінах і цяжка было выйсці з іх з вялікай славай» (Тут і далей пераклад Я. Язвінскай).
Нямцэвіч распавядае пра тое, як горача сустракала Вашынгтона і яго армію насельніцтва Нью-Ёрка, Філадэльфіі ды іншых гарадоў, вызваленых ад англійскага войска. «Усе бачылі ў ім вызваліцеля айчыны, усе дзівіліся яго сціпласці, ветлівасці, людскасці, з якой ён абышоўся з лаялістамі (так звалі тых амерыканцаў, якія на пачатку рэвалюцыі перайшлі на бок англічан), мудрасцю спосабаў, якімі ўлагоджваў лютасць старон, што пасля сямі гадоў раздзелу ўпершыню ўбачыліся разам».
Аўтар вядзе размову пра добраахвотную адстаўку генерала з пасады галоўнакамандуючага і поўнасцю цытуе яго прамову з гэтай нагоды, а таксама красамоўна апісвае збянтэжанасць, якую гэты ўчынак генерала выклікаў у амерыканцаў. Даволі падрабязна Нямцэвіч распавядае пра жыццё Вашынгтона ў гады, калі той быў проста прыватнай асобай, пра яго гаспадарчыя клопаты, пра добраўпарадкаванне рэчышча ракі Патамак, паблізу якой стаяла (і стаіць зараз) яго сядзіба Маўнт-Вернан, пра будаўніцтва мастоў і каналаў, што рабілася па ініцыятыве і з непасрэдным удзелам генерала.
Каментар, які робіць Нямцэвіч у канцы першай часткі сваёй кнігі, заслугоўвае таго, каб прывесці яго поўнасцю: «Гэта было шчасце Амерыкі, але, на жаль, яно не ўсім дадзена краінам, што новы яе ўрад пачаўся пад кіраўніцтвам чалавека, які навучыў народ любіць і шанаваць сваю Канстытуцыю. Ён суняў бурлівыя змовы, устанавіў справядлівасць, заахвочваў навукі, земляробства і гандаль, заснаваў банкі, увёў просты і выдатны спосаб анулявання даўгоў Рэспублікі і пратэрмінаванай платы войску. Адным словам, увёў сучасную фінансавую сістэму.
Двойчы абраны прэзідэнтам, Вашынгтон правёў восем гадоў на гэтай важнай пасадзе. Для такога чалавека, як ён, было дастаткова часу, каб даць новым законам пэўны і паслядоўна несупынны рух і прывесці ўсё ў прыстойны выгляд. Яго пераемніку засталася больш лёгкая праца.
Адважны без ліхацтва, чалавечны без слабасці, шчодры без марнатраўства. Колькі разоў ён прыходзіў на дапамогу няшчасным, колькі разоў узнагароджваў адважныя і прыгожыя ўчынкі! … Спалучаў таленты і дабрачыннасць, якія ўпрыгожваюць чалавека, — грамадзяніна і чыноўніка, мудрасць, памяркоўнасць, святло, чалавечнасць і сціпласць, цноты, якія забяспечвалі яму пашану і павагу суграмадзян-сучаснікаў і нашчадкаў. Такім ён быў як галоўнакамандуючы ад 1775 да 1783, як прыватная асоба ад 1783 да 1789, нарэшце як прэзідэнт Злучаных Штатаў з гэтага года аж да сваёй абдыкацыі ў 1796».
Першая частка кнігі заканчваецца аповедам пра абдыкацыю — добраахвотнае складанне Вашынгтонам прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Аўтар прыводзіць у кнізе поўны тэкст прамовы Вашынгтона ў Кангрэсе падчас гэтай падзеі.
Другая частка ўяўляе сабой дэталёвы аповед пра першае знаёмства Нямцэвіча з Вашынгтонам у канцы траўня 1798 года і пра яго гасцяванне ў Маўнт-Вернан з 2 па 14 чэрвеня 1798 года. Знаёмства адбылося ў доме пані Марты Пэтэрс, унучкі жонкі генерала, куды Нямцэвіча прывёз яго прыяцель Пан Лоў, жанаты на другой унучцы. (Элізабет і Марта — дзве ўнучкі жонкі генерала, блізняткі). Вось як апісвае Нямцэвіч сваё хваляванне перад сустрэчай з генералам Вашынгтонам: «Можна ўявіць, як білася маё сэрца, калі ўбачыў я чалавека, якога паважаў з юначых гадоў, чалавека, якога так не хапала для выратавання маёй няшчаснай радзімы».
Аўтар даволі падрабязна апісвае сваё першае ўражанне пра Вашынгтона: яго постаць, твар, вопратку і перадае змест іх кароткага дыялогу і далейшай агульнай размовы, якая ў асноўным тычылася праблем земляробства. Нямцэвіч прыводзіць жарт, які выказаў Вашынгтон на адрас аднаго са знакамітых людзей, і робіць выснову, што памыляюцца тыя, хто лічыць, што ў генерала адсутнічае пачуццё гумару, бо, як ён кажа, яны «бачылі яго толькі ў лагерах альбо ў прэзідэнцкім крэсле». На наступны дзень Нямцэвіч зноў сустрэўся з генералам у тым жа доме, а потым яшчэ два дні, 24 і 25 траўня, сустракаўся з ім у доме спадароў Лоў.
На развітанне Вашынгтон запрасіў Нямцэвіча пагасціць у яго маёнтку Маўнт-Вернан, куды ён і накіраваўся зранку 2 чэрвеня разам са спадаром Лоў. Нямцэвіч дэталёва апісвае маёнтак Вашынгтонаў Маўнт-Вернан, адзначае разумнасць архітэктуры самога будынка і расліннага атачэння. Іх сустрэла гаспадыня, спадарыня Марта Вашынгтон, сам генерал прыехаў вярхом на кані крыху пазней. Пакуль генерал пераапранаўся, госці агледзелі дом. Нямцэвіч адзначае якасць і стан карцін, якімі аздоблена зала: партрэты генерала і яго жонкі, дзяцей пані Вашынгтон, графа Лафайета з сям’ёй і гэтак далей. З замілаваннем і паэтычна апісвае прыгожыя краявіды, якія адкрываліся вачам з галерэі, — рака Патамак, дрэвы, караблі...
У нядзелю, 3 чэрвеня, генерал Вашынгтон быў заняты напісаннем лістоў, а Нямцэвіч з панам Лоў аглядалі наваколле. Нядзельным вечарам у Вашынгтонаў было даволі многа гасцей, але, як адзначае Нямцэвіч, не было ні музыкі, ні гульняў, бо ў нядзелю «ў Амерыцы ніхто не дазваляе сабе нават ценю забавы». А дзявятай гадзіне ўсе адправіліся адпачываць.
У панядзелак Нямцэвіч і пан Лоў паехалі па палетках і землях Вашынгтона. Нямцэвіч падрабязна паведамляе са слоў сябра пра тое, як атрымаў Вашынгтон тую ці іншую маёмасць, колькі каштаваў той ці іншы кавалак зямлі, як выкарыстоўваюцца землі, якія хатнія жывёлы гадуюцца ў гаспадарцы, як працуюць млын і бровар.
Натуральна, што такое падрабязнае выкладанне з боку аўтара выклікана тым, што, па-першае, яно было цікавае самому Нямцэвічу, які заўсёды марыў мець свой кавалак зямлі і працаваць на ім, па-другое, ён быў упэўнены, што гэта зацікавіць і яго суайчыннікаў. Аўтар паведамляе пра становішча муржынаў (чорных рабоў), пра ўмовы іх жыцця і працы, пра правядзенне вольнага часу і пра іх характары. Ён робіць цікавае назіранне наконт валодання рабамі англійскай і французскай мовамі: у англамоўных сем’ях негры адносна добра валодалі англійскай, у той час як сярод рабоў у французскіх сем’ях валоданне французскай мовай было больш слабае. На яго думку, гэта тлумачыцца тым, што «амерыканскія паны больш кантактуюць, больш размаўляюць са сваімі нявольнікамі, чым французы». Уся інфармацыя пра становішча, звычаі і паводзіны рабоў атрыманая ім як з асабістых назіранняў, так і з аповедаў яго гаспадароў.
У Вашынгтона было каля 500 рабоў. Рабаўладанне заўсёды выклікала ў Нямцэвіча абурэнне, таму тут ён адзначае, што польскія прыгонныя сяляне больш шчаслівыя за рабоў. Пазней ён пазначыць, што, у адпаведнасці з апошняй воляй Вашынгтона, яго рабы былі адпушчаны на свабоду.
У наступны дзень сам генерал паказваў госцю свае землі, здзіўляючы таго ўласнымі тэхнічнымі вынаходніцтвамі розных сельскагаспадарчых прылад, напрыклад, сеялкі і малатарні. За абедам і ўвечары яны доўга размаўлялі на гаспадарчыя і палітычныя тэмы. Тут Нямцэвіч адмятае існуючыя меркаванні пра маўклівасць і некамунікабельнасць генерала: станавіўся гаваркім, калі быў зацікаўлены ў тэме, як, напрыклад, пры размове пра Французскую рэвалюцыю.
Нямцэвіч цытуе яго прамову: «Ніхто не адчуў большую за мяне радасць, калі я даведаўся аб Французскай рэвалюцыі. Прызнаюся, што я ніколі не спадзяваўся, што Францыя калі-небудзь стане сапраўды народнай рэспублікай, у дадатак, у звычаях сапсаваная, у межах расцягнутая, шматлікі народ. У народным характары неспакойная і ні ў чым не ведаючая меры; але я разумеў, што французы створаць нешта падобнае, і нават лепшае за англійскую канстытуцыю. Правілы і дзеянні першага сходу былі скіраваныя на гэта, але неўзабаве памылкі караля, а хутчэй за ўсё, акружаючых яго асоб, слепата шляхты, … адчынілі ганарыстым і запальчывым дэмагогам поле для крывавых сутычак і з сабою, і з усім светам. Тады знікла першая мэта, дзеля якой пачалі рэвалюцыю. Надышлі вар’яцкія і нягодныя правілы; увесь народ праліваў кроў, пакутаваў праз задумкі і заўзятасць некалькіх задзірыстых верхаводаў… Адно за адным ішлі заваяванні, але ж чым скончылася? Ці сама Францыя зараз вальнейшая і шчаслівейшая, чым была? … Па-мойму, усё з-за ганарыстасці і жадання грошай. О, бедная свабода. Як жа цябе зняважылі!»
Нямцэвіч адзначае вялікую эмацыйнасць і ўзрушанасць Вашынгтона ў час гэтай прамовы: гнеў вымусіў яго спыніцца.
Тут Нямцэвіч ужо на аснове сваіх назіранняў абагульняе ўражанне пра Вашынгтона. «Вашынгтон можа памыляцца, бо ён чалавек, але, кажучы наогул, гэта вялікі чалавек, беззаганны і бескарыслівы, яго цноты роўныя паслугам, якія ён аддаў сваёй айчыне. У бітвах паказаў адвагу і выдатнае веданне вайсковай справы, у неспрыяльныя і цяжкія часы — сталасць і вытрымку, ва ўсіх абставінах сціпласць і бескарыслівасць. Служыў усю вайну без аніякай платы, а ў часе ўсеагульнага парыву ўдзячных суайчыннікаў ніколі не хацеў прыняць ніякай узнагароды; даказаў нарэшце, што ніколі не прагнуў славы і магутнасці; маючы магчымасць застацца да смерці на чале ўраду і пры найвышэйшай уладзе, добраахвотна адмовіўся ад прэзідэнцтва».
Нямцэвіч апісвае распарадак дня Вашынгтона: устае а пятай гадзіне раніцы, піша альбо чытае да сёмай. А сёмай усе дамашнія і госці павінны быць у сталовай. Сняданак яго складаецца з гарбаты і ляпёшак (лазанкаў) з маісу (кукурузы), змазаных гарачым маслам і мёдам. Адразу пасля снедання на кані аб’язджае свае ўладанні, дае распараджэнні эканому, часта сам бярэцца за сякеру альбо іншыя прылады. Пасля дзвюх гадзін вяртаецца дамоў, пераапранаецца і ідзе да стала. Любіць пагутарыць з прыяцелямі за кілішкам мадэры, пасля абеду чытае газеты, якіх штодзённа атрымлівае каля дванаццаці асобнікаў, адказвае на лісты, зноў вяртаецца да размовы, а дзявятай ідзе адпачываць.
З вялікай прыязнасцю аўтар кнігі апісвае пані Вашынгтон як прыемную, чулую і спагадлівую жанчыну, цікавую суразмоўцу: яна распавядала свайму госцю пра былыя часы, пра звычкі сваіх суайчыннікаў. Яна падарыла Нямцэвічу філіжанку са сваёй манаграмай і назвамі ўсіх Злучаных Штатаў, а яе ўнучка, панна Касціс —малюнак з прыгожымі кветкамі. Такія адносіны былі, несумненна, вельмі дарагімі для Нямцэвіча. «Для мяне ў гэтым шаноўным доме было столькі прыхільнасці і павагі, што і сваяку мець немагчыма», — піша ён.
Хоць Нямцэвічу было цёпла і ўтульна ў доме Вашынгтонаў, але туга па радзіме раз-пораз ахоплівала яго. Неаднойчы ў яго дзённіку гучаць настальгічныя ноткі, бо выгляд Маўнт-Вернана і рака напаміналі яму родныя мясціны. «Як ні прыгожа спяваюць тут птушкі, — піша Нямцэвіч, — далёка ім да чуллівых і салодкіх напеваў нашых салаўёў». У Маўнт-Вернане ён атрымаў лісты ад сяброў з Польшчы. «Маё ўзрушэнне — піша ён — было такім моцным, што выклікала гарачку; я думаў аб маіх сябрах, аб маёй беднай айчыне, у думках мне хацелася перанесціся туды; і ноччу снілася мне, што я ў Польшчы… Але гэта быў толькі сон».
У адзін з вечароў гаворка зайшла пра аўтараў, якія пісалі пра гісторыю амерыканскай рэвалюцыі, Гордана і Рамзея. Генерал даў ацэнку іх кнігам. На яго погляд, перавага першага — у падрабязных звестках пра ваенныя падзеі, а другая прыцягвае сцісласцю і прыгажосцю стылю, трапнасцю вобразаў, глыбінёй заўваг і назіранняў. Як даведаўся Нямцэвіч, абодва аўтара правялі шмат часу ў Маўнт-Вернане, каб азнаёміцца з багатым архівам генерала Вашынгтона.
У астатнія дні многа гаварылася пра пагрозу Амерыцы з боку напалеонаўскай Францыі. І хаця Вашынгтон не меў ніякіх стасункаў з Джонам Адамсам, які змяніў яго на прэзідэнцкай пасадзе, ён выказаў меркаванне, што той добра ведае, што належыць рабіць у такіх абставінах.
15-га чэрвеня Нямцэвіч пакінуў Маўнт-Вернан. «Назаўтра, 15-га, устаўшы перад світаннем, я ў апошні раз абышоў зялёныя гаі Маўнт-Вернана, апошні раз кінуў позірк на адкрыты краявід, на чыстую і цудоўную плынь Патамака, і а шостай гадзіне раніцы, выказваючы ўдзячнасць за гасцінны прыём, жаль ад раставання больш смуткам і маўчаннем, чым словамі, развітаўся з шаноўным генералам, з яго паважанай жонкай, з прыгожай і ветлівай Міс Касціс».
Мусіць яшчэ напярэдадні Нямцэвіч напісаў Вашынгтону ліст, у якім выказаў вялікую ўдзячнасць за дабрыню і гасціннасць гаспадароў Маўнт-Вернана. У лісце Вашынгтона ў адказ сярод іншых слоў ёсць такія: «Тое, што айчына велькапана не такая шчаслівая, якімі патрыятычнымі і шляхетнымі былі яе намаганні, з’яўляецца няшчасцем, якое горка аплакваюць усе прыхільнікі свабоды і правоў чалавека, і калі б мае малітвы ў час жорсткіх выпрабаванняў маглі б мець нейкую сілу, то вы былі б зараз пад уласным вінаградным і фігавым дрэвам (выраз з Бібліі) такімі ж шчаслівымі і цешыліся б такімі пажаданымі дарамі, як цешыцца сваімі люд Злучаных Штатаў».
У лісце Вашынгтон запрашае свайго адрасата зноў пры магчымасці наведаць Маўнт-Вернан. «На жаль, — піша Нямцэвіч, — я не скарыстаўся ветлівым запрашэннем гэтага дастойнага чалавека. Я пражываў у іншых краях; праз паўтара года пасля гэтага ён пайшоў з жыцця».
Кніга заканчваецца лістом пана Лоў да Нямцэвіча, у якім той падрабязна апісвае апошнія гадзіны жыцця і абставіны смерці генерала Вашынгтона, і прамовай Джона Адамса ў Кангрэсе, дзе ён паведамляе пра смерць генерала.
На жаль, ні «Кароткія звесткі аб жыцці і справах генерала Вашынгтона», ні мастацкія творы Нямцэвіча (за выключэннем адной з гістарычных песень), ні яго шматлікія кнігі падарожжаў па Беларусі і Амерыцы і дзённікі не знаёмы суайчыннікам. А яны, без сумнення, заслугоўваюць увагі як шараговага чытача, так і даследчыкаў нашай літаратуры.
Але радуе тое, што ў Скоках адрэстаўраваны музей-сядзіба Нямцэвічаў, які стаў сапраўднай пярлінай сярод турысцкіх славутасцей Брэстчыны, а таксама тое, што некалькі год таму выйшла цудоўная, інфармацыйна насычаная і па-мастацку займальная кніга Анатоля Гладышчука «Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі».