Бог – за межамі чалавечага разумення, aле не за межамі адчування.
Аб гэтым беларускi паэт i палiтык Уладзімір Някляеў пiша ў «Фэйсбуку».
«Дзень Божых народзінаў. Каляды.
Віншую усіх, хто святкуе. І тых, хто адсвяткаваў, таксама. Бо свята Божае – праз усе нашы дні. Яно і ёсць нашым жыццём.
Часцяком я кажу пра беларускага Бога. І тады мне спяшаюць нагадаць, што Бог адзін. Бо не ведаю.
Так, Бог адзін. Беларускі. Пра якога я некалі напісаў: «Бог беларускі! Цябе я і мёртвым люблю! Б'ецца і б'ецца ўва мне тваё мёртвае сэрца…» Бо не адчуваў, што Ён спачувае нам. Бо не чуўся, не бачыўся паперадзе на нашым шляху да Беларусі.
Бог беларускі – метафара, а не палітэізм.
Што ёсць Бог? – за межамі чалавечага разумення. Але не за межамі адчування. І я адчуваю Бога па-беларуску. Па-беларуску пра Яго думаю, размаўляю з Ім, малюся. І ніякім іншым, апроч як беларускім, Ён ува мне не можа быць. Калі ж Ён іншы ўва мне, значыць, і я іншы. Не беларус, калі ўва мне не беларускі Бог.
Як час настаў – і рушыў я да Бога,
Анёлы – тры – мне перайшлі дарогу.
Адзін спытаўся: «Ты куды ідзеш?»
Другі спытаўся: «Што ў сабе нясеш?»
А трэці не спытаўся анічога.
Ці быў нямы –
ці знаў, што я да Бога.
Са святам!», - пiша Уладзімір Някляеў.