Aдметныя акалічнасці гэтага Новага году.
Зайшоў я 1 студзеня, адразу ў першы дзень Новага году, у адзін з гарадзенскіх супермаркетаў. Зайшоў як у музей – так ціха, наведнікаў мала, ля кожнай паліцы можна спыняцца як ля палотнаў карціннай галерэі. І ня дзіва – людзі яшчэ адаспацца не паспелі пасля бурлівай навагодняй ночы.
Бальшыня ў нас па звыклай завядзёнцы аддаецца ў гэтую навагоднюю ноч Бахусу і абжорству напоўніцу, таму ня дзіва, што 1 студзеня народ выпаўзае на вуліцу толькі пад вечар. Да ўсяго многія сустракалі 2019 год як мінімум тры разы.
Першы раз паводле ні то беларускага, ні то маскоўскага часу – людзі дагэтуль дыскутуюць пра гэта ў сацыяльных сетках. Другі раз паводле паўночных і паўднёвых суседзяў – па літоўскіх і ўкраінскіх гадзінніках. Ну і нарэшце па польска-еўрапейскім часе. Так што дзівіцца малаколькаснасці людзей зранку на вуліцах і ў маркеце асабліва не выпадала.
А тут яшчэ надвор’е выдалася зусім “нялётнае” і незімовае. На паліцах сучасных супермаркетаў ёсць усё. Можа таму і Новы год успрымаецца не так ярка як у дзяцінстве, ці маладосці. Бо пры Савецкім саюзе 31 снежня было адметным яшчэ тым, што ў навагодні вечар можна было выпіць і з’есці тое, чаго не было пераважную частку году ні ў крамах, ні на стале грамадзян адной шостай часткі планеты.
У СССР-ы, пра які так любяць настальгаваць крывадушнікі і асобы без глуздоў у галаве, крамы былі амаль пустымі, часам у іх не было нічога акрамя кількі ў тамаце, плаўленых сыркоў ды запалак. Звычайныя маянэз, мандарыны, кансерваваныя зялёны гарошак і шпроты ў алеі былі вялікім дэфіцытам. Іх можа было дастаць-купіць толькі “па блату”. Тое ж віно а-ля-шампанскае было прадстаўлена толькі адным відам пад назвай “Советское”.
Памятаю яшчэ, як ужо ў студэнцкія бунтарскія гады мы фламастарам дапісвалі перад гэтай назвай прыстаўку “анты-“ і толькі пасля гэтага выпівалі шыпучы напой. “Советского шампанскага” у маркетах поўна і дагэтуль, праўда ў дадатак на паліцах з’явілася яшчэ два дзясяткі аналагічных марак вінаў. Так што можна купіць і “Радзівілаўскае” і “Леў Сапега” і нешта італійскае ці французскае – што каму па гусце і па кішэні. А салату з гарошкам, як у нас называлі, мадыфікацыю французскага “аліўе”, я ў адрозненне ад пачуццяў да Савецкага саюзу, люблю па-ранейшаму.
Рэдка калі адчуваю сябе ў большасці, але тут якраз той выпадак. Дык вось прайшоўся я па амаль пустым маркеце, адзначыў пра сябе крыху парадзелыя паліцы і нечакана выявіў, што ў гэтым вялікім магазіне зусім няма газаванай вады. Усё было і ёсць – і зялёны гарошак, і хлеб, і бульба, і вялікі выбар алкаголю.
Хоць трэба прызнаць і зацеміць дадаткова – людзі ў алкаголі ўсё ж разбіраюцца і лепшыя моцныя напоі амаль раскупілі. Пляшку патрэбнага мне моцнага напою для вечаровай сяброўскай сустрэчы з кумам я знайшоў. Зусім не было толькі газаванай вады. Засталася толькі спрэс звычайная негазаваная. Тут я яшчэ раз адчуў сябе ў большасці, праўда, асабліва не узрадаваўся.
Затое зразумеў важную рэч – перафразуючы вядомае крылатае выслоўе – жывіць людзей не бульба – жывіць людзей вада. Без бульбы можна пражыць, без вады – ніяк. А ў іншым пераход старога году ў новы быў зусім звычайны.
Усё тыя ж песні, усё тыя ж віншаванні начальніка Рэспублікі Беларусь на чужой мове, якія беларускія патрыёты ўжо даўно не слухаюць, уключаючы на экранах толькі адлік секунднай стрэлкай на гадзінніку апошняй хвіліны адыходнага году.
Сябра заўважыў, праўда, яшчэ адну адметную акалічнасць. На дзяржаўных расейскіх і беларускіх тэлеканалах зусім не было культавай савецкай кінастужкі “Іронія лёсу альбо з лёгкай парай”. Ці ўжо сапраўды абрыд усім гэты фільм, ці справа ў выканаўцы галоўнай ролі – польскай акторцы Барбарай Брыльскай. Яна неяк адмоўна, пасля расейскай агрэсіі ва Украіну, выказалася пра Пуціна, якога раней вельмі любіла і ў якім расчаравалася. То вось пільныя ідэолагі зараз і перастрахаваліся.
Уладзімір Хільмановіч, «Радыё Рацыя»