Раніцай 31 сненжня прайшоў ператрус у фатографа «Нашай Нівы» Юліі Дарашкевіч.
У кватэру, дзе жыве Ю.Дарашкевіч разам са сваім мужам Паўлам Юхневічам, пагрукалі, а 8-й раніцы. На пытанне «Хто?», сказалі, што яны (Юлія і Павел) затапліваюць суседзяў знізу.
Юля і Павел зразумелі, што гэта няпраўда, але вырашылі адамкнуць. «Тады б яны проста выламалі б дзверы», — кажа Юля.
Зайшлі супрацоўнікі КДБ, паказалі ордэр на вядзенне крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску вечарам 19 снежня. Ордэр быў выпісаны на прозвішча Дарашкевіч.
Заявілі, што ў Ю.Дарашкевіч могуць быць фота і відэаматэрыялы,
якія з’яўляюцца доказамі ў гэтай справе, а таксама наконт справы, якая тычыцца зрывання дзяржаўнага сцяга з будынка КДБ.
Юля заявіла, што на Кастрычніцкай плошчы вечарам 19 снежня не была і ў шэсці па праспекце Незалежнасці не ўдзельнічала, паколькі ў той час знаходзілася ў офісе «Гавары праўду» на Нямізе і прыйшла толькі на Плошчу Незалежнасці.
Ператрэслі два пакоі і кухню — Павел і Юлія толькі нядаўна пераехалі на новую здымную кватэру, таму многія рэчы так і засталіся нераспакаванымі, ператрэсена было ўсё.
Канфіскавалі два ноўтбукі, усе флэшкі, дыктафон, вынасныя вінчэстары, фотаапарат, дыскі, нават дыск з мастацкім фільмам «Ходят слухи» — усяго 15 носьбітаў інфармацыі.
Супрацоўнікі КДБ прадэманстравалі веданне запісаў Ю. Дарашкевіч у Фэйсбуку. Нядаўна Юля пісала, што яны ходзяць на ператрусы па вечарах. Вырашылі паказаць ёй, што могуць прыйсці і раніцай.
Быў таксама затрыманы яе муж, грамадскі актывіст Павел Юхневіч, яго адвезлі ва ўпраўленне КДБ па горадзе Мінску (Казлова, 6), зазначыўшы, што Павел будзе дапытаны ў якасці сведкі.
Таксама ламіліся ў кватэру, дзе жыве відэаператар НН Тацяна Гаўрыльчык.
Але яна не пусціла іх у хату. «Невядомыя» паторгалі клямку і сышлі. Пакуль каля кватэры ўсё ціха.