Пісьменнік і палітык наведаў Слонім.
Вечарам 9 студзеня ў госці да слонімцаў завітаў з Мінска адзін з кіраўнікоў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і пісьменнік Павел Севярынец.
На сустрэчу ў офіс Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл прыйшлі блізу 20 сталых і маладзейшых партыйных і беспартыйных жыхароў Слоніма, пiша gs.by.
Пачаў імпрэзу на правах гаспадара мясцовы актывіст ад БХД Іван Бедка. Пасля кароткага ўступнага слова і віншаванняў прысутных з Новым годам ды Калядамі ён перадаў слова Паўлу Севярынцу.
Асноўнай мэтай свайго візіту сталічны госць назваў прэзентацыю ўласных кніг і дыскаў з беларускімі хрысціянскімі спевамі, якія выдала БХД.
Выданні розных гадоў занялі ўвесь стол перад іх гаспадаром: «100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі», «Беларуская хрысціянская азбука», «Люблю Беларусь», «200 феноменаў беларускага нацыянальнага руху», буклеты БХД, калекцыя дыскаў з беларускамоўнымі хрысціянскімі хітамі, «Падзейнік» і, па словах аўтара, хіт сезону — яго раман «Беларусалім. Золак». Пра ўсе пералічаныя кнігі, дыскі, буклеты, іх змест ды пасыл чытачу Павел Севярынец распавядаў добрую гадзіну часу. І гэта дало свой плён — слонімцы ахвотна набывалі выданні пісьменніка.
Другая частка сустрэчы прайшла ў размовах пра сённяшнюю палітычную сітуацыю ў краіне, будучыя выбарчыя кампаніі «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» і прэзідэнта ды фармат удзелу ў гэтых кампаніях беларускай апазіцыі і самога Паўла Севярынца.
— Я ўдзельнічаю ў выбарах у спадзяванні на форсмажорную сітуацыю, якая можа скласціся ў Беларусі. Удзельнічаю для таго, каб праз праймерыз выбраць лідара, які ў такой сітуацыі ў барацьбе за ўладу будзе прадстаўляць інтарэсы беларускага народа і Беларусі, а не інтарэсы кіруючага цяпер рэжыму, ці Крамля. Лічу, найпершая задача апазіцыі цяпер — арганізаваць гэты праймерыз. Для гэтага партыі і рухі павінны вылучыць сваіх прадстаўнікоў для ўсенароднага галасавання. А ўжо з іх беларускі народ праз праймерыз выбера сабе лідара, які будзе прадстаўляць яго інтарэсы, — сказаў Павел Севярынец пра ўдзел апазіцыі ў будучых выбарах і свой удзел у гэтых кампаніях.
— Хачу тут абвесціць, што ад БХД для ўдзелу ў праймерызе вылучаны Павел Севярынец, — заявіў Іван Бедка.
— У нас ужо быў адзін адзіны, які здаў нас проста на плошчы. Зноў выберам такога. І што? — спытаў Віталь Яшану.
— Трэба выбіраць таго, хто не здасць. І народ такога выбера, а мы ўсе са сваімі камандамі будзем потым яму дапамагаць. Іншага спосабу ўдзелу ў кампаніі я не бачу, — адказаў на тое Павел Севярынец.
Сярод іншых пытанняў Севярынцу прагучала пытанне кіраўніка мясцовай суполкі партыі БНФ Паўла Севасцьяна пра цяперашнюю сітуацыю ў Курапатах каля рэстарацыі «Паедзем паядзім», дзе актывісты БХД трымаюць варту.
— Мы стаім там. Цяжка стала. Зіма. Пахаладала моцна. Але стаім, фіксуем правакатараў. Магу дакладна сказаць, што туды ездзіць так званы рускі мір. Правяраюць, ці гатовы мы і да якой рысы гатовы стаяць за сваё. Мы стаім і гатовы стаяць да канца. З нашай каманды можна сфармаваць батальён добраахвотнікаў, калі ўзнікне пагроза незалежнасці краіны, — адказаў на пытанне Севасцьяна Севярынец.