Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускі фэрмэр узняў бел-чырвона-белы сцяг на палярным крузе

16.01.2019 общество
Беларускі фэрмэр узняў бел-чырвона-белы сцяг на палярным крузе

Гаспадар маёнтка Матусевічы распавёў пра свае падарожжы.

Уладзімер Матусевіч, фэрмэр зь вёскі Мацкі Менскага раёну, узьняў беларускі нацыянальны сьцяг на Паўночным палярным крузе. Пра падрабязнасьці сваёй вандроўкі па Фінляндыі ён расказаў Свабодзе.

Палярны круг — уяўная лінія на паверхні Зямлі, паралель, вышэй за якую бываюць палярны дзень і палярная ноч. У Паўночным паўшар’і тэрыторыі, празь якія праходзіць палярны круг, належаць Даніі, Ісьляндыі, Канадзе, ЗША, Нарвэгіі, Расеі, Фінляндыі, Швэцыі. Ад палярнага круга і да геаграфічнага полюса плянэты раскінуўся палярны пояс.

«Марскі воўк» вярнуўся на грады

Уладзімеру Матусевічу 65 гадоў. Пасьля школы ён скончыў мараходку ў Таліне, абышоў на акіянскім рэфрыжэратары ўвесь сьвет — Амэрыку, Аўстралію, Сынгапур, Тайвань, партовыя гарады Эўропы. У канцы 1980-х вярнуўся ў родную вёску Мацкі, збудаваў вялікі дом, арганізаваў фэрмэрскую гаспадарку і вырошчвае там гародніну.

Хоць профіль дзейнасьці ў Матусевіча кардынальна зьмяніўся, цяга да падарожжаў не астыла. Нягледзячы на сэзон, ён рэгулярна выбіраецца ў роварныя вандроўкі па Беларусі, а некалькі разоў на год скіроўваецца ў замежжа і там накручвае на ровары сотні кілямэтраў.

Як прызнаецца сам Матусевіч, асабліва яго цікавяць рэгіёны, якія маюць шматвекавыя традыцыі працы на зямлі. Ён наведваў фэрмэрскія сядзібы ў Гішпаніі, Грузіі, Грэцыі, Латвіі, Літве, Партугаліі, Францыі, Турэччыне, Эстоніі. Рабіў прабегі па землях колішняй Усходняй Прусіі, а таксама па ўкраінскім Палесьсі.

Найбольш экстрэмальнымі ў Матусевіча былі паездкі ў Расею. Там яго некалькі разоў зьбілі і абакралі, не пускалі з роварам у гатэлі — аднойчы з гэтай прычыны ён ледзь не замерз уначы на пустой трасе паміж гарадамі.

Апошняя па часе вандроўка Матусевіча была ў Фінляндыю. Роварны маршрут пралягаў на поўнач краіны да Раваніемі — адміністрацыйнага цэнтру правінцыі Лапляндыя.

Матусевіч кажа, што ўпершыню вырашыў не арандаваць ровар на месцы, а ўзяць свой. Ягоны ровар даехаў у аўтобусным багажы да Таліна, адтуль — паромам да Хэльсынкі.

«Калі ехаў туды, ровар трэба было разабраць, запіхнуць у чахол, укласьці ў багаж. А на мяжы памежнікі прымусілі зноў усё выцягнуць, выпатрашыць, паказаць, што не кантрабанда. Прыехалі да літоўцаў — няма праблем, вязі на здароўе... Я гэтых нашых звышпільных надглядаў не разумею, абы памучыць людзей», — кажа Матусевіч.

Да Лапляндыі без навігатара

Агулам беларускі падарожнік адолеў да палярнага круга амаль 1000 кілямэтраў. Часьцяком даводзілася блукаць, бо арыентаваўся ў незнаёмай мясцовасьці дзедаўскім спосабам — па мапе ды зорках.

«Дарога ў адзін бок заняла шэсьць дзён, — кажа Ўладзімер Матусевіч. — Агулам накруціў больш за 900 кілямэтраў, у сярэднім за дзень праяжджаў ад 120 да 180. Без аніякіх навігатараў, звычайная папяровая мапа. Не было магчымасьці карыстацца інтэрнэт-сувязьзю — вакол лясы ды азёры, але быў роўмінг. Дык нагаварыў з домам больш як на 100 даляраў. Менш патраціў на ежу, чым за гэтыя дні на тэлефон. А ўжо назад, як і плянаваў, ехаў цягніком: да Хэльсынкі, скокнуў там на паром і зноў вярнуўся ў Талін».

Дзеля эканоміі часу Ўладзімер Матусевіч стараўся аб’яжджаць вялікія паселішчы, на ноч спыняўся ў лясах, спаў у намёце на посьцілцы зь мяккага моху — ягелю.

«Намёту было цалкам дастаткова, — кажа ён. — Наагул я падарожнічаю ад пачатку 1980-х, і толькі чатыры гады таму набыў сабе намёт — праўда, кітайскі, прамакае. Але нешта над галавой ёсьць, і добра. Галоўнае, што лёгкі, шмат месца не займае. Пад ніз моху надзярэш, каб не застудзіцца ад камянёў — усё ж гэта скалы — і так сьпіш. І мне падабалася. Хоць калі б тэмпэратура была крыху ніжэйшая, мабыць, было б халаднавата».

Уладзімер Матусевіч адзначае, што ўсю дарогу да Лапляндыі ён назіраў вынікі беражлівага стаўленьня фінаў да прыроды — без замілаваньня назіраць за сям’ёй аленяў, якія пасьвяцца пры дарозе, проста немагчыма.

«Ну што казаць, калі нават па Хэльсынкі бегаюць зайцы, — кажа фэрмэр. — Лісы часьцяком трапляюцца. Ёсьць дарожны знак з выявай лася, але, як ні дзіўна, хутчэй натрапіш на аленяў. Кажуць, яны не такія палахлівыя, зімой выходзяць да ўзбочыны, вылізваюць соль, якой пасыпаюць дарогі. А летам ласуюцца ягадамі — брусьніцы ледзь не на асфальце — ці атавай, якая адрастае са скошанай травы».

Вяртаньне ў горад-«прывід»

Але ці не найбольш уразіў канчатковы пункт маршруту — запалярная рэзыдэнцыя лапляндзкага Каляднага дзеда — Ёўлупукі. Там Уладзімер Матусевіч падпісаў цэлы стос калядных паштовак, якія ўся ягоная сям’я атрымала якраз да сьвятаў.

«Пару летніх месяцаў тут ня горш, чым на вялікай зямлі, а зімой, канечне, і сьнег, і мароз, і дзень кароткі. Таму шмат закрытых памяшканьняў, дзе весялей бавіць час у палярную ноч — спа-цэнтры, трэнажэрныя залі, лазьні і г.д. Натуральна, ведаў пра сядзібу іхняга Ёўлупукі, адкуль можна паслаць дадому калядную паштоўку. Але перад гэтым трэба было зрабіць здымак з нашым сьцягам — з самага палярнага круга. І хоць узрост, каб нечым хваліцца, даўно прайшоў, тут выпадак асаблівы. Якраз сустрэў палякаў, яны мяне і паздымалі з розных ракурсаў», — кажа беларускі вандроўнік.

На зваротным шляху Ўладзімер Матусевіч на некалькі дзён затрымаўся ў Эстоніі. Сустрэўся з былымі сябрамі па Талінскай мараходнай вучэльні ды зрабіў роварны прабег па засакрэчаных раней адрасах.

«У свой час я тры гады адвучыўся ў мараходцы, але меней пабачыў, чым за некалькі дзён гэтым разам. Тады нельга было нават наблізіцца да мора, лічылася памежнай зонай, маглі расцаніць як спробу ўцёкаў. Месцы, дзе стаялі ваенныя, былі абнесеныя калючай агароджай. А цяпер свабода, хадзі куды хочаш. Нават зьезьдзіў у некалі закрыты горад Па́лдыскі, дзе праходзіў зборы пасьля заканчэньня вучэльні. Там быў вучэбны цэнтар атамных падлодак, а калі саветы сышлі, стаў „горад-прывід“».

Танцы ў зімовае міжсэзоньне

Некалькі бліжэйшых месяцаў, якія засталіся да пачатку сельскагаспадарчага сэзону, Уладзімер Матусевіч будзе займаецца падтрыманьнем сваёй фізычнай формы. На выходныя выбіраецца на ровары па Беларусі — ужо сёлета, у студзені, праехаў па Смаргоншчыне, давялося нават перапраўляцца празь Вілію на чоўне. І чатыры разы на тыдзень езьдзіць у Менск на танцавальныя заняткі.

Летась захапіўся энэргічнай «лацінай», а сёлета пачаў асвойваць аргентынскае танга. Але 1 сакавіка заняткі скончацца: распачнецца парніковы сэзон.

«Часам думаеш: а колькі ж я працую? Сьветлавы дзень, па 14–15 гадзінаў. І так 10 месяцаў да Новага году, пакуль застаецца прадукцыя. У мяне няма выходных. Калі і здараюцца, то кручу пэдалі — таксама працую. А настае зіма, трэба нечым заняць тыя няшчасныя два месяцы. Што рабіць вечарамі — тупіць у тэлевізар? Сядаю на маршрутку, еду ў Менск, танчу. Табе і кайф, і фітнэс, і знаёмствы. А ў гарадзкіх што ёсьць? Праца, канапа, тэлевізар. Таму і хварэюць, і дэпрэсуюць. Можа, каб прыйшла такая думка раней, дык і ровар закінуў бы? Хоць не, езьдзіў бы ўсё роўна», — сам сябе папраўляе Ўладзімер Матусевіч.

А як на ўсё гэта рэагуе жонка? Танцор і падарожнік са сьмехам адказвае: за столькі гадоў да ягоных «фокусаў» яна ўжо прызвычаілася.

Уладзімер Матусевіч — чалавек з выразнай грамадзянскай пазыцыяй. Ён заўсёднік «Чарнобыльскага шляху», шэсьцяў на Дзяды і ў Дзень Волі, забясьпечвае кветкамі і насеньнем талакоўцаў у Курапатах. Дамогся ад уладаў, каб ягоную фэрмэрскую гаспадарку афіцыйна зарэгістравалі як «Маёнтак Матусевічы». Пра што інфармуе бел-чырвона-белая шыльда пры ўезьдзе ў Мацкі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]