Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сяргей Законнікаў: Я не адступаю

18.01.2019 политика
Сяргей Законнікаў: Я не адступаю

Куды сёння трэба скіраваць позірк.

Праз усё жыццё я пранёс пачуццё нянавісці да хлусні. Не магу прабачыць яе ні блізкаму сябру, ні нават брату ці сястры. На ўласным вопыце, бо часта трапляў пад прэс беспадстаўных ідэалагічных абвінавачванняў, прыйшоў да высновы, што следам за любым падманам заўсёды прыходзіць бяда.

Сёння хлусяць многія людзі. Прыкметна, што адбыўся зрух у горшы бок у параўнанні з мінулым часам. Увогуле, бяскрыўднай хлусні няма. Нават калі ёй карыстаюцца дзеля нібыта высакароднай мэты, ратавання нейкай сітуацыі, усё гэта — часовае. Праўда абавязкова выплыве, негатыў будзе выкрыты.

Але падман на побытавым узроўні, хоць і ад яго трэба пазбаўляцца, не прыносіць глабальных маральных і матэрыяльных страт. Іншая справа, калі гэтым займаюцца асобы, якія воляй збегу акалічнасцяў прарваліся на пасады кіраўнікоў дзяржаў. Cправакаваны хлуснёю палітычны або эканамічны паварот можа быць знясільваючым, а нярэдка і катастрафічным для лёсу цэлага народа і краіны.

Аўтарытарныя правіцелі Беларусі і Расіі ў падмане пераўзышлі калег. Праўда ў іхніх прамовах, гаворках і інтэрв’ю займае такое ж месца, як разынка ў булцы, спечанай сквапным пекарам. У любой дэмакратычнай краіне грамадзяне цынічную хлусню трываць бы не сталі, даўно выбралі б іншых, але ў постсталінскім рэгіёне свае завядзёнкі. Тут засталося пакланенне ўзурпатарам улады, якое вырасла на касцях і крыві дзясяткаў мільёнаў савецкіх людзей.

Англійскі прэм’ер-міністр У. Чэрчыль задоўга да сённяшніх аўтакратаў сказаў: «Ёсць людзі, якія гатовыя адмаўляць усё, што заўгодна, але бываюць факты, якія адмаўляць немагчыма». Сусветна вядомы палітык памыліўся. Так было пры ім. Цяпер жа магчыма дазволіць сабе ўсё, што заўгодна.

Паказальны прыклад — падзеі, звязаныя з Украінай. Можна засылаць войскі на тэрыторыю суверэннай краіны, адхопліваць агрэсіяй ад яе кавалак, наладжваць «выбары», далучаць да сваёй дзяржавы, хлусліва з трансляцыяй на ўвесь свет адмаўляцца ад злачынства, а затым прызнаваць яго. Тое ж адбываецца ў сувязі са знішчэннем малазійскага пасажырскага самалёта, з атручваннем Скрыпалёў у Англіі і г.д.

За час праўлення расійскі прэзідэнт дзясяткі разоў злоўлены на публічнай хлусні, але не спыняецца. Як кажуць у народзе, на каго вучыўся, той пакажа свае вушы. Цяжка сказаць, хто лідзіруе, але правіцель Беларусі — абсалютна не меншы майстар пусціць пыл у вочы, часта ён напарніка нават пераплюне.

Былы пасол ЗША ва Украіне, палітычны аналітык Д. Хёрбст кажа, што аўтарытарныя кіраўнікі часта хлусяць, «каб усё пераблытаць». Адказная пасада, за якую яны трымаюцца рукамі, нагамі і зубамі, дае ім магчымасць размаўляць на роўных з сумленнымі кіраўнікамі іншых краін, уводзіць у зман палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, бізнесоўцаў, журналістаў. Сапраўды, такім чынам накручваецца нязграбны клубок розных перамоў, пагадненняў і іх наступстваў, які затым цяжка разблытаць. Небяспечна, што эпідэмія хлусні, носьбітамі якой сталі постсавецкія аўтакраты, стала перакідвацца на дэмакратычны Захад.

У Расіі ў 2018 годзе на прапаганду было кінута 82,4 мільярда рублёў. За 9 гадоў фінансаванне вырасла аж на 80%! Колькі грошай спажыта ў Беларусі на прамыўку і запудрыванне мазгоў людзей, на ўслаўленне правіцеля і яго палітыкі ў мінулым годзе і колькі будзе выдаткавана сёлета, невядома, бо ў нас усюды — сакрэты. Ясна толькі тое, што давер да тэлебачання як у Расіі, так і ў Беларусі знізіўся, пра што сведчаць незалежныя сацыялагічныя апытанні. Але традыцыя ўставаць і класціся спаць з тэлевізарам — жывучая.

Праўдзівыя расійскія эксперты ў галіне СМІ жартуюць: «Настало время предложить людям очевидное средство — денег нет, но вы включите холодильник в телевизионную розетку. Жить станет радостнее и веселее».

Здаецца, час нахлебніцтва прайшоў, трэба варушыцца кожнаму. Але страх прад неабходнасцю самім прымаць рашэнні, рабіць выбар, ствараць уласны дабрабыт стараннай і напружанай працай часта збівае з ног насельніцтва.

З другога боку — аўтарытарныя рэжымы забарончымі законамі і штрафамі стрымліваюць ініцыятыўнасць, імкненне да самастойнасці, бо свабодныя, заможныя грамадзяне ўяўляюць для іх смяротную небяспеку. Ім трэба, каб людзі глядзелі знізу ўверх на начальнікаў і чакалі каманды. З жыхарамі Беларусі і Расіі, якія сядзяць на прапагандысцкіх наркотыках, правіцелям спраўляцца проста. Вылезь на тэлеэкран, грозна пакрычы на міністраў, набалбачы электарату прыемных абяцанак, павяліч на пару працэнтаў зарплаты і пенсіі — і ўсё ў парадку! Гэткім чынам яны і кіруюць.

Але праходзіць час, зноў узнікае дэфіцыт то таго, то гэтага, бо сямейны бюджэт не вытрымлівае імклівага росту коштаў і тарыфаў. Народ пачынае незадаволена бурчаць. Ды мне думаецца, што шукае ён не там. Ныццём справы ніколі не паправіш. Куды трэба скіраваць позірк, на што звярнуць увагу, яшчэ ў самым пачатку ХХІ стагоддзя я асэнсаваў у вершы «Чаго нам не хапае?»:

Чаго нам не хапае?

Адказ імгненны: «Грошай!

Бо жытка — не сляпая,

З рублём ты ўсім харошы!»

А хтосьці прагне ўлады,

Раней не мог дарвацца.

Гатовы за пасаду

Ён з д’яблам цалавацца.

А гэты хоча славы,

Язык не мае стомы,

Але трыбун рухавы

Набіў даўно аскому.

А іншым зранку цяжка —

Пахмельная знямога.

Ім трэба толькі пляшка,

І больш ужо нічога.

Не выесць праўда вочы,

Апраўданы спакусы.

Адна хлусня рагоча:

«Ну, дзе ж тут беларусы?»

Маўчыць мая Айчына

Каля магіл заўчасных,

Але бяды прычына

Народу зноў не ясна…

У нас таго не стала,

Што не кладуць на вагі —

Свядомасці трывалай,

Рашучасці, адвагі.

І я не адступаю,

Усіх лаўлю на слове…

Чаго нам не хапае?

Сумлення і любові!

Калі мы дазваляем хлусіць кіраўнікам, то які прыклад падаем сваім дзецям, унукам і праўнукам? Яны глядзяць на нахабных «харызматыкаў», якія канчаткова зарваліся, на нас, якія палахліва капітуліравалі, і думаюць, што так і трэба жыць. Мая душа курчыцца ад агульнай здрады, ад вялікай нашай віны перад продкамі, нашчадкамі і любімай Айчынай...

Кожны дзень прыносіць звесткі пра прыродныя катаклізмы на планеце. Асаблівай разбуральнай актыўнасцю яны вызначаюцца ў Малайзіі, Інданезіі. Пасля вывяржэнняў вулканаў, што знаходзяцца на дне акіянаў, і падводных землятрусаў на прыбярэжныя паселішчы абрынаюцца гіганцкія хвалі цунамі, якія знішчаюць усё на сваім шляху.

Зямляне душэўна перажываюць за лёс народаў, якія нясуць цяжкія людскія і матэрыяльныя страты, калі бачаць жахлівыя кадры відэахронікі на тэлеэкранах і маніторах.

Але чалавечае жыццё працягваецца, нягледзячы на тое, што ўмовы для яго бываюць неспрыяльнымі. Клімат, экалогію глабальна пагаршаюць і людзі, забываючы, што не прырода абавязана падлажвацца пад нас, а мы павінны з беражлівасцю, павагай і любоўю ставіцца да яе, бо самі — арганічная, жывая часцінка свету...

Назіраючы за маральным станам сучасных палітыкаў і эліт рознага прафесійнага кірунку, прыходзіш да сумнай высновы, што пакуль надыдзе канец свету, пра які часта кажуць прадказальнікі, дык яшчэ раней чалавечую цывілізацыю можа змыць з твару Зямлі знішчальнае цунамі хлусні.

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]