Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Радашкавічах бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» дагэтуль застаюцца афіцыйнымі

18.01.2019 политика
У Радашкавічах бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» дагэтуль застаюцца афіцыйнымі

Прычына — рашэньне Радашкавіцкага савету дэпутатаў ад 1990 году, якое не адмененае дагэтуль.

Ананімны Telegram-канал сьцьвярджае, што гарадзкі пасёлак Радашкавічы Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці — адзіны ў Беларусі населены пункт, дзе нацыянальная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» — застаюцца афіцыйнымі. Прычына — рашэньне Радашкавіцкага савету дэпутатаў ад 1990 году, якое нібыта не адмененае дагэтуль. «Радыё Свабода» разьбіралася, ці так гэта.

Што было ў рашэньні

2 лістапада 1990 году Радашкавіцкі пасялковы савет народных дэпутатаў пад старшынствам А.М. Кахоўскага прыняў рашэньне № 32 «Аб выкарыстаньні на тэрыторыі г. п. Радашкавічы беларускай нацыянальнай сымболікі».

Рашэньне «дазволіць савецкім, дзяржаўным і грамадзкім установам, грамадзянам адначасова зь дзяржаўнай сымболікай БССР выкарыстоўваць на тэрыторыі Радашкавіцкага пасялковага Савету народных дэпутатаў беларускую нацыянальную сымболіку: бела-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“» было даведзенае «да ўсіх прадпрыемстваў і грамадзян пасёлка».

Радашкавічы

Што кажуць у Радашкавічах цяпер

У Радашкавіцкім пасялковым выканкаме паведамілі, што рашэньне Радашкавіцкага савету дэпутатаў, якое дазваляе ўстановам і жыхарам разам зь дзяржаўнай сымболікай выкарыстоўваць нацыянальную як афіцыйную, «аўтаматычна страціла сваю сілу».

Аналягічнае рашэньне 5 верасьня 1991 году прыняў Менскі гарсавет. Ён дазваляў выкарыстоўваць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» нароўні зь дзяржаўнай сымболікай.

Як вынікае з адказу Менгарсавету, які прыводзіць згаданы Telegram-канал, гэтае рашэньне адмянілі толькі 30 лістапада 2007 году.

У Радашкавічах ранейшы дакумэнт, датычны выкарыстаньня сымболікі, ніхто не адмяняў, вынікае з камэнтару старшыні Радашкавіцкага пасялковага выканкаму Віктара Неказакова.

«14 траўня 1995 году ў краіне адбыўся «рэфэрэндум». 7 чэрвеня 1995 году былі зацьверджаныя дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь (7 чэрвеня 1995 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указы пра эталёны дзяржаўнага герба і сьцяга. — РС). І ён замяніў бел-чырвона-белы сьцяг, які выкарыстоўваўся з 1991 году. Пастанова Радашкавіцкага савету аўтаматычна страціла сілу. Рашэньне адмяняецца аўтаматычна, калі існуе закон», — патлумачыў Віктар Неказакоў.

Сам дакумэнт, паводле старшыні, знаходзіцца ў Маладэчанскім занальным архіве.

Што кажа юрыст

Ці насамрэч рашэньне Радашкавіцкага савету дэпутатаў магло «аўтаматычна» страціць сілу, калі не было адменена адмысловым парадкам?

Сытуацыю пракамэнтаваў судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў.

«З гледзішча закону, калі не адменена рашэньне якога-небудзь органа дзяржаўнай улады, то яно дзейнічае далей, бязь нейкага тэрміну. Ніхто не адмяняў рашэньне Радашкавіцкага пасялковага савету, а значыць, яно павінна паважацца і можа выкарыстоўвацца ўсімі грамадзянамі, якія жывуць на тэрыторыі гэтага пасялковага савету».

Паводле Міхаіла Пастухова, ёсьць прыклады і больш важныя.

«Напрыклад, можна казаць, што працягвае дзеяньне Дэклярацыя пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі ад 27 ліпеня 1990 году. Таксама была прынятая Дэклярацыя аб асновах народаўладзьдзя Беларусі, якую ў свой час новы склад Канстытуцыйнага суду перагледжваў, але ж засталіся асноўныя палажэньні. І трэба лічыць, што гэтыя дакумэнты маюць юрыдычную сілу і павінны паважацца ўладай і выкарыстоўвацца. Тое ж рашэньне пасялковага савету не супярэчыць Канстытуцыі, бо ў ёй не вызначаецца, якую форму мае сьцяг ці герб. Ёсьць падставы лічыць гэта рашэньне дзейным бестэрмінова. І гэта добры прыклад для іншых органаў улады», — сказаў Міхаіл Пастухоў.

Паводле экспэрта, згодна з эўрапейскімі стандартамі, мясцовая ўлада самастойная і дзейнічае ў рамках заканадаўства.

«А «рэфэрэндум» толькі сказаў, што можна памяняць дзяржаўную сымболіку. Але ж узьнікае многа пытаньняў. Ці быў законным гэты «рэфэрэндум»? Указ, якім быў зацьверджаны эталён дзяржаўнага сьцяга і герба, лічыцца падзаконным актам. І больш за тое, ён непасрэдна зьвязаны з рэфэрэндумам, які многімі незалежнымі юрыстамі лічыцца незаконным».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]