Казкі пра блізкасць скончыліся тым, што мы з расіянамі ўжо не родныя браты, а партнёры.
Практыка сведчыць: чым даўжэй нашай краінай кіруе антынацыянальны, прафесійна слабы, карумпіраваны аўтарытарны рэжым, тым болей беларусы аддаляюцца ад роднасці, умацавання народнага духу, павышэння дабрабыту, палітычнага і культурнага ўзроўню. Мы топчамся на месцы, або ідзе адкат.
Назіраючы за тым, што адбываецца на маёй зямлі і ў свеце, параўноўваю змены, аналізую: ці ёсць зрух да лепшага? Найперш увагу прыцягваюць суседзі — Украіна, Расія і Польшча. Цікавасць гэтая — не экранна-эфірна-газетная, а прадметная. Хоць з узростам ездзіць стала цяжэй, але ў многіх абласцях Украіны і ў ладным кавалку еўрапейскай часткі Расіі я пабыў.
Наведванне Польшчы з прычыны літаратурных і грамадска-палітычных стасункаў доўжылася з 1982 па 2012 год, асабліва часта ў 90-х. Заспеў ваеннае становішча, забарону і зноў легалізацыю аб’яднання незалежных прафсаюзаў «Салідарнасць», дэмантаж рэжыму ПАРП, дэкамунізацыю грамадства, бачыў маштабную нястачу і яе пераадоленне. Жыццём заходніх суседзяў цікаўлюся пастаянна. Мая выснова — польскі вопыт умацавання нацыі і развіцця эканомікі варты пераймання.
У 1989 годзе пасля заканчэння фестываля «Варшаўская паэтычная восень» гаспадары прапанавалі Рыгору Барадуліну і мне наведаць беларусаў, якія жывуць у Беластоцкім ваяводстве: Бельск, Гайнаўка, Белавежа. Усюды сустракалі сардэчна, шчыра, але былі і непрыемныя выпадкі, незалежныя ад гаспадароў.
У Гайнаўцы зайшлі раніцай у кавярню. Бачым, што на суседнім стале пастаўлены адмысловы сняданак. Зразумелі — чакаюць важных гасцей. Нарэшце з’явіліся круглатвары мужчына і дзябёлая, з вайсковай выпраўкай кабета, на пінжаках кідаліся ў вочы чырвона-зялёныя дэпутацкія значкі. Як высветлілася, гэта былі прадстаўнікі Мастоўскага раёна. Гаспадары запрасілі іх сесці, павялі гаворку на беларускай мове. У адказ пачулася «трасянка»: «Давайце разгаварываць на языку межнацыянальнаго абшчэнія. На рускім языку!» Ну і дзівосы! Беларусы з БССР прыехалі да беластоцкіх беларусаў у госці і не могуць паразумецца на роднай мове.
«Такога вар’яцтва нідзе ў свеце няма!» — гучна, на ўсю залу прамовіў Рыгор. «Важныя асобы» пачырванелі, зніякавелі. Не чакалі крытыкі. Мы пайшлі да выхаду, а гаспадарам куды дзецца? Яны пачалі ўвішна частаваць гасцей, ліквідоўваць няёмкасць.
У Бельску настаўнікі расказалі, як у іх праводзіўся конкурс на выкананне беларускай песні, дэкламацыю верша. Дзеці рыхтаваліся старанна, толькі самых лепшых прэміравалі паездкаю на Гарадзеншчыну. Ім думалася, што ўсмак нагаворацца з аднагодкамі на роднай мове, развучаць новыя песні, вершы.
А вярталіся яны з горада Свіслач разгубленыя, з вачыма, поўнымі слёз і суму. За час паездкі ніводзін вучань або настаўнік так і не загаварыў з імі па-беларуску. «Што ж робіцца ў БССР?» — пыталіся вучні ў настаўнікаў, якія патрыятычна захоўваюць на Беласточчыне беларускасць. А тыя не маглі сказаць адкрытым тэкстам: «Гэта русіфікацыя!»
Заганныя выпадкі згадаліся з той прычыны, што прайшло шмат часу як існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, а праблемы роднай мовы і адукацыі на ёй застаюцца нявырашанымі, і сёння суайчыннікі трапляюць у падобнае вар’яцкае становішча. Здаецца, усё проста — грамадзянін краіны павінен з маленства, са школы ведаць родную, тытульную мову. Затым ён можа вывучаць і выкарыстоўваць хоць 20 замежных моў. Але без сваёй — якая можа быць роднасць, згуртаванасць у грамадстве?
26 снежня 2018 года выступаў у музеі гісторыі беларускай літаратуры на адкрыцці выставы, прысвечанай 50-годдзю геніяльнага рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Душа перавярнулася! На знакавае мерапрыемства прыйшлі: пляменніца пісьменніка з мужам, літаратары А. Вярцінскі, А. Верабей, В. Дранько-Майсюк, некалькі музыкаў, жменька дзяўчат-студэнтак. Вось і ўся аўдыторыя.
А як выдатна пачыналася нацыянальнае адраджэнне ў канцы ХХ стагоддзя! Дзе падзеліся той энтузіязм і высакародныя парывы? Аўтарытарызм — гэта страшная рэч. Дзеля ўлады знішчаецца ўсё. Ён прыносіць не толькі знікненні людзей, гвалт, здзекі, хлусню і несправядлівасць. Аўтарытарызм «саўгаснага разліву» яшчэ выпальвае душы абыякавасцю да нацыянальных святыняў, да ўсяго роднага, а таксама сквапнасцю, зайздрасцю, прагай улады і грошай.
Незабыўны Валодзя, каб убачыў сучасны «хавас», спачатку б вылаяўся, а затым засумаваў, сказаў бы, што столькі працы — «кату пад хвост»!
Для аўтарытарнага правіцеля ёсць толькі адзін важны крытэрый — грошы. Яны пасабляюць чапляцца за ўладу. У браты ён імгненна запісвае кожнага, хто абяцае даць фінансавую дапамогу, выгадную пазыку. Такіх «родзічаў» безліч у Азіі, Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, але далей слоў нічога не пасоўваецца.
Смешная сцэна была ў Гомелі, калі А. Лукашэнка і П. Парашэнка не змаглі паразумецца нават на сваіх, сапраўды братніх мовах, карысталіся трэцяй.
Казкі пра блізкасць скончыліся тым, што мы з расіянамі ўжо не родныя браты, а партнёры. Дэмагагічная балбатня, якая гучала дзесяцігоддзямі, стала нікчэмнай. Пасля апошніх заяў правіцеля ў народзе чуецца: хай «те же русские, только со знаком качества» едуць на ўсход паляпшаць пароду! Дык хто раздзімае ў Беларусі антырускія настроі?
Беларусь і Расія асуджаны Вышэйшай Воляй на суіснаванне, бо ад суседзяў нікуды не дзенешся. Але гэта няпраўда, што пасля распаду СССР у нас не было іншага выйсця, як стаць прыдаткам вялікай краіны і целяпацца ў яе палітычным і эканамічным фарватары.
Незалежная Беларусь магла мець двухбаковыя ўзаемавыгадныя стасункі з любой краінай свету, у тым ліку без «саюзнай дзяржавы» і з Расіяй. На гэта паказвае прыклад Польшчы, якой своечасова дапамаглі ЗША, але не зрабілі «шасцёркай».
Расійскі імперскі патрыятызм, нагнятаннем якога заняўся У. Пуцін, мае разбуральны характар, таму што грунтуецца на ваеннай агрэсіі, захопе чужых тэрыторый, парушэнні міжнародных нормаў і дамоў. Народнага творчага ўздыму ў краіне няма. Слабыя эканамічныя паказчыкі, якія трымаюцца пераважна на экспарце нафты і газа, сведчаць пра тэхналагічную і працоўную непераканаўчасць.
Беларускі патрыятызм таксама існуе, але і ён паказушны, нестваральны, бо жыве ў асноўным у трыбунных прамовах, лозунгах «Я люблю Беларусь!», «Мы — беларусы!» За выключэннем часткі грамадзян, якая ўсведамляе важнасць станаўлення нацыі, у большасці насельніцтва адсутнічае адказнасць за будучыню.
Украінцы праз кроў і боль толькі прарываюцца да сапраўднага, творчага патрыятызму, але я ўпэўнены, што здабудуць яго.
На такім фоне самым стваральным мне бачыцца польскі патрыятызм. СМІ паведамілі, што сярэдняя зарплата ў Польшчы склала 1227 еўра.
За гэтай лічбай мне ўбачыліся школьнікі ў кракаўскім Вавелі, якія ў 1990 годзе дэкламавалі патрыятычны верш пра малога паляка і белага арла: «Kto ty jestes? — Polak maly. —Jaki znak twoj? — Orzel bialy». Хлопчыкі і дзяўчаткі выраслі, яны нясуць вахту адданасці Айчыне...
Людзям, якія спакон веку жывуць у Беларусі, і тым, хто прыехаў сюды на сталае жыхарства, неабходна адчуць грамадзянскую роднасць, стаць з’яднанымі. Нам трэба зразумець, што кіраваць павінны лепшыя, што «калі мы не ўстанем самі — не падыме нас ніхто» (Уладзімір Караткевіч). Альтэрнатывы такому шляху няма.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com