Язэп Мамонька быў сябрам прэзідыума Рады БНР.
Беларускі палітычны дзеяч Язэп Мамонька нарадзіўся 28 студзеня 1889 году ў вёсцы Залесьсе Слуцкага павету (цяпер Салігорскі раён).
У 1907—1917 гадах – сябра партыі эсэраў. Двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў. У час Першай сусветнай вайны мабілізаваны ў царскае войска, малодшы унтэрафіцэр. Стварыў у Рызе ў траўні 1917 году першае беларускае вайсковае аб'яднанне. Дэлегат ад 12-й арміі ІІІ з'езда БСГ (кастрычнік 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегатаў Першага Усебеларускага з’езду. Сябра Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Арыштоўваўся савецкімі ўладамі 18.12.1917 і ў 1918 годзе, паведамляе harodniaspring.org.
3 студзеня 1918 году наведаў Сьвержаньскую воласць як прадстаўнік Цэнтральнай вайсковай беларускай рады; разам з Краўчанкам наведаў валасны сход, на якім зрабіў прамову, якая заклікала да аб’яднання беларусаў і да ўзбраення, бо ў гэтай воласці засталася зброя ўкраінцаў. Усё было прынята народам без пярэчанняў і нават ухвалена рэзалюцыя, складзеная Язэпам Мамонькам, для пратэсту супраць гвалтоўнага разгону Першага Ўсебеларускага з’езду. ВРК, пазнаўшы пра гэта, «спешна стаў на ногі» ўсталяваў у тую ж ноч тэлефонную сувязь з усімі атрадамі войскаў, размешчаных у гэтым раёне (Сьвержаньская воласьць), прывёў у гатовасць баявую батарэю і кулямёты. Па вуліцах мястэчка Сьвержань быў расстаўлены узмоцнены ўзброены патруль.
У 1918-1924 гадах Мамонька – сябра БПС-Р, уваходзіў у яе кіраўніцтва, з 1921 году сябра бюро ЦК. Са снежня 1919-га сябра прэзідыума Рады БНР.
Быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення перабраўся ў Коўна. У пачатку 1921 году прыехаў у Менск дзеля каардынацыі падпольнай дзейнасці ў заходняй Беларусі. Арыштаваны ў сакавіку 1921-га, прывезены ў Маскву. У красавіку 1921 году высланы ў Казань, адкуль уцёк у Коўна. У канцы 1922 году выехаў у Чэха-Славакія. Скончыў тры курсы камерцыйнага інстытута ў Празе. У час Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925) у Берліне выступіў супраць роспуску ўрада БНР і пакінуў канферэнцыю. У 1927 годзе выдаваў у Вільні газету “Покліч”. У 1928 годзе жыў у Рызе.
У верасні 1928 атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу (11 верасня 1928 году) быў арыштаваны ГПУ БССР на станцыі Бігосава; адпраўлены ў Маскву. 3 студзеня 1929 году пастановай Калегіі ОГПУ СССР прыгавораны да 10 гадоў савецкага канцлагеру. 2.9.1937 пастановай “тройкі” НКВД Карэльскай АССР прыгавораны да расстрэлу.
Расстраляны 10 верасня 1937 году на станцыі Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзвежагорскі раён, Карэлія, Расея). Рэабілітаваны пракурорам Карэліі 12.4.1989, Генеральнай пракуратурай Расеі 25.3.1993.
У Беларусі памяць пра Язэпа Мамоньку ніяк не ўшанавана.