Выступоўцам па тэме Вітаўта Вялікага быў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
У гарадзенскай гарадской дзіцячай бібліятэцы ўпершыню ў 2019 годзе адбылося паседжанне інтэлектуальнага клубу “Паходня Ісціны”, у які ўваходзяць вядомыя гісторыкі і краязнаўцы, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Гэтым разам выступоўцам па тэме Вітаўта Вялікага быў доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч:
– Вітаўт думаў пра краіну, пра дзяржаву, будучы гарадзенскім князем, а ён стаў ім у веку 20-ці з невялікім гадоў, калі бацька паставіў яго на Гарадзенскае княства вучыцца дзяржаўнаму кіраванню. Бацька Кейстут, які валодаў Трокамі, Падляшшам, Гарадзенскім княствам. І падобна, што Вітаўт ужо тады паказаў сябе вельмі здольным князем. У прыватнасці, нават калі ён быў у выгнанні, пасаджаны, калі ўцякаў з гэтай турмы, то яго чакаў якраз ваўкавыскі цівун з Гарадзенскага княства.
Гарадзенскі гісторык Віталь Карнялюк задаволены кожнай сустрэчай з Краўцэвічам:
– Любая сустрэча з Алесем Краўцэвічам – гэта сустрэча з прафесійным гісторыкам, які мае свой погляд на нашу мінуўшчыну. І гэта заўсёды магчымасць задумацца, чарговы раз звярнуць увагу. І я вельмі рады, што ў аўдыторыі былі дзеці – вучні, настаўнікі. А гэта значыць, як кругі па вадзе, гэтая інфармацыя будзе разыходзіцца.
Наступная сустрэча клуба “Паходня ісціны” у лютым 2019 года будзе прысвечаная заснавальніку гарадзенскага заапарка Яну Каханоўскаму.