Гісторык – пра пахаванне Машэрава і падзеі ў Беларусі на рубяжы 80-90-х гадоў.
Гісторык Алесь Краўцэвіч піша на Радыё Свабода пра пахаванне Машэрава, якое стала ў БССР палітычнай падзеяй:
- Пётр Міронавіч Машэраў дбаў пра свой імідж (праўда, у яго часы і слова такога не было ў лексыконе). Дбаў, хоць не мусіў, як не мусяць сёньняшнія вэртыкальшчыкі, бо іх, як і Машэрава, на пасаду прыводзіла не папулярнасьць і любоў народа, а нешта іншае, самі ведаеце што.
Машэраў быў сцэнічны, з лагоднай усьмешкай, падкрэсьлена дэмакратычны. Па Беларусі кружылі легенды, як аблятаючы на верталёце свае ўладаньні, ён мог прызямліцца прама на луг і ўступіць у размову з пастухом. Або як хадзіў на працу і з працы пешкі з будынку ЦК да свайго асабняка непадалёк, з усяго адным ахоўнікам. Дарэчы, у будынак ЦК, той дзе цяпер рэзыдэнцыя Лукашэнкі і побач нельга нават прайсьці, можна было свабодна хадзіць у сталоўку пасьля 14-й ці, дакладна не памятаю, 15-й гадзіны.
Імідж Машэраў займеў, сьведчу гэта, бо на ўласныя вочы бачыў, як пасьля сьмерці, каб разьвітацца зь ім, людзі стаялі ў чарзе ад Прывакзальнай плошчы да Дому ўраду (таксама сьведчу, што чарга на разьвітаньне з Васілём Быкавым была непараўнальна нашмат большая).
Прычына народнай любові да Пятра Міронавіча крылася ня толькі ў асабістым іміджы, але ў тым, што на яго праўленьне прыпала агульнае паляпшэньне жыцьця ў савецкай Беларусі. Заканчвалася індустрыялізацыя, якая прынесла рост дабрабыту. Адбылося пэўнае «зьмякчэньне» таталітарнай сыстэмы, масавы тэрор застаўся ў мінулым і ягоны жах паступова забываўся.
Людзі пачуліся вальнейшымі, заможнейшымі і натуральным чынам тое зьвязвалася з асобай галоўнага чалавека ў рэспубліцы — яе камуністычнага кіраўніка. Іншая рэч, што пры Машэраве ў гарадах апошнія беларускія школы сталі расейскімі, але гэта хвалявала адно інтэлігенцыю, ды і тую далёка ня ўсю.
Асабіста я ніякай любові да Машэрава не адчуваў, на момант яго трагічнай гібелі быў ужо на апошнім, пятым курсе гістфака БДУ, меў трохі жыцьцёвага досьведу і ўласныя адносіны да савецкай Беларусі. Не скажу, што ўжо тады быў антыкамуністам, але ў камунізм ня верыў і адчуваў крыўду ды жаль да камуністычнай сыстэмы за яе падман і нялюдзкасьць. За тое, што фальшывымі лёзунгамі пра дэмакратыю, пра дбаньне аб дабрабыце народа, пра пабудову камунізму прыкрывала сапраўднае дбаньне пра дабрабыт намэнклятуры.
Машэраў загінуў у аўтакатастрофе, бо любіў хутка езьдзіць. Меў магчымасьці — эскорт міліцыі зь мігалкамі. Ягонае пахаваньне ў БССР абавязкова мусіла стаць і стала палітычнай падзеяй — пышнасьць, урачыстасьць і гонары нябожчыку дэманстравалі народную любоў і пашану да ўсяго савецкага ладу.
Нас, студэнтаў гістфаку, прыцягнулі да абслугі пахаваньня — стаяньня ў ганаровай варце, вынасу труны з целам нябожчыка, суправаджэньня ад Дома ўраду да Маскоўскіх могілак (а гэта мо з 10 км). Адчувалася асаблівае дбаньне пра бясьпеку. Пускалі строга па сьпісах, ніводным чалавекам больш ці менш. На гэтым мне і ўдалося правярнуць сваю асабістую апэрацыю «уцёкаў ад труны». Бо наш камсамольскі сакратар на ўсялякі выпадак запісаў аднаго лішняга чалавека (восень, слота, прастуды). Але зьявіліся ўсе як адзін, бо ўсе хацелі далей вучыцца ва ўнівэрсытэце.
Камсамольскі важак, трохі разважыўшы, зьвярнуўся да сабраных: «Хлопцы, можа хто хворы ці дрэнна сябе адчувае?» І пакуль хлопцы не ачомаліся, я ўжо прапхнуўся наперад з выцягнутай рукой: «Я, я хворы!». Сакратар, дарэчы, мой сябра, коса паглядзеў, але са сьпіса выкрасьліў і адпусьціў (потым мне вайцяў за недахоп камсамольскай сьвядомасьці).
Так я займеў неспадзяваны, таму тым больш прыемны вольны дзень (заняткі, натуральна былі адмененыя), вярнуўся ў інтэрнат і ўвесь пахавальны працэс назіраў па тэлевізары з цёплага пакою. А ў гэты час мае калегі — непасрэдныя ўдзельнікі ўрачыстасьці пракліналі яе арганізатараў, яе самую разам з галоўным удзельнікам — нябожчыкам Пятром Міронавічам і ўсю камуністычную партыю. Бо ім ад раніцы да самага вечара (гадзіны да 18-й) ні на хвіліну немагчыма было адлучыцца ні перакусіць, ні па малой патрэбе. Спачатку стаялі ля труны, а потым цягнуліся за ёй праз увесь праспэкт пад непарыўным халодным дажджом.
Калі хлопцы вярнуліся ў інтэрнат, галодныя, мокрыя, прамёрзлыя і да шаленства злыя, я ціхенька сядзеў у куточку, пакуль яны не павячэралі і сагрэліся. Бо са злосьці ды прыкрасьці маглі і пабіць.
Так я не выкарыстаў шанец стаць непасрэдным удзельнікам гістарычнай падзеі, пра якую мог потым расказваць дзецям і ўнукам. Але чамусьці зусім пра гэта не шкадую. Ды і дзецям з унукамі ёсьць пра што распавядаць, напрыклад, як на рубяжы 80-90-х гадоў хадзіў на дэманстрацыі супраць улады КПСС і за незалежную Беларусь.