29 студзеня спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэньня аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня і беларускай дзяржаўнасьці.
Антон Луцкевіч — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, мовазнаўца, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва», адзін з выдаўцоў газэты «Гоман». Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР, перадае «Радыё Свабода».
Ініцыятар і аўтар праекту Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай.
З кастрычніка 1918 году старшыня Народнага сакратарыяту БНР, зь лістапада — старшыня Рады народных міністраў (прэм’ер-міністар) і міністар замежных спраў. У сьнежні 1919 — лютым 1920 году старшыня Рады міністраў Найвышэйшай Рады БНР.
Дзяяч Заходняй Беларусі. Рэдактар адноўленай «Нашай Нівы», старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту, выкладчык Віленскай беларускай гімназіі.
29 студзеня гэтаму незвычайнаму чалавеку — 135 гадоў.
1. Радаваўся, што з пачаткам Першай усясьветнай вайны зьнікла гарэлка
«Праз вайну счэзла адна бяда: страшэнная ўласьць гарэлкі. Гарэлкі няма, — і калі дзе-нідзе людзі, ласыя да гэтай атруты, гоняць яе з палітуры ці дэнатурату, дык гэта невялікі страх. Горшы страх, што з канцом вайны можа йзноў вярнуцца п’янства, што народ, прывучаны да яго праз сотні гадоў, мо йшчэ не здалее забыцца аб гарэлцы, ня знойдзе, якой уцехай замяніць гэтую „весялуху“, што за момант вясельля губіла часта-часта ўсё жыцьцё чалавека» (Чародная задача // Наша Ніва. 1915. 6 лютага).
2. Лічыў прозу Максіма Гарэцкага цяжкой для чытаньня
«...колькі слоў аб мове Гарэцкага. Мова яго — бясспорна жывая, багатая і абразовая, — але мамэнтамі яна здаецца цяжкой: як быццам самы працэс чытаньня адцягвае ўвагу ад зьместу чытанага.
Гэная цяжкаватасьць вынікае, трэба думаць, з таго, што Гарэцкі /.../ ужывае — мо і несьвядома — вельмі многа правінцыялізмаў /.../»
(А. Л. «Дзьве душы» М. Гарэцкага / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
3. Паблажліва ставіўся да твораў беларускіх пісьменьнікаў першай паловы ХІХ стагодзьдзя
«Якімі беднымі па зьместу прадстаўляюцца цяпер першыя творы беларускіх адраджэнцаў пачатку ХІХ сталецьця! І якая ж бедная форма іх твораў — твораў Баршчэўскіх, Рыпінскіх, Чачотаў! Хаця ўсе яны ўглядаліся на нашу народную паэзію як на ўзор, але ніхто зь іх не зраўняўся з народнымі песьнямі ні па сіле, ні па шчырасьці пачуцьця і настрою. І не відаць у іх творчае іскры, а толькі малавартая „работа“. Першым пісьменьнікам, які заслугуе на імя паэты-мастака, быў Дунін-Марцінкевіч...» (На новых шляхох / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
4. На пачатку 20-х гг. дзівіўся, чаму ніводзін навуковец не напісаў гісторыю беларускага мастацтва
«Беларусы маюць ужо высока разьвітую гісторыю (Доўнар-Запольскі /.../), філялёгію (акадэмік Карскі), этнаграфію (Федароўскі, Раманаў, Нікіфароўскі). Цэлы сьцяг навуковых прац дае нам магчымасьць прасачыць нашу палітычную гісторыю, пазнаёміцца з нашай старой літаратурай, з гісторыяй разьвіцьця нашае мовы, з народным творствам.
Але, каб прадставіць сабе поўны абраз нашае старое культуры, не хватае аднаго: няма ў нас яшчэ акуратна распрацаванай гісторыі таго, у чым найбольш ярка, бо беспасрэдна выяўляецца душа народу, — гісторыі беларускага мастацтва. Ажно дзіўна робіцца: чаму ніхто з вучоных /.../ не задаўся ідэяй даць гісторыю нашага мастацтва...» (Ант. Навіна. Адраджэньне беларускага мастацтва // Наша Думка. 1921. 18 сакавіка).
5. Быў абураны, што мэр Вільні не дазволіў беларускай інтэлігенцыі выступіць на адкрыцьці помніка Манюшку
«...ўдзячная памяць аб Манюшцы ў беларускім грамадзянстве не запрапала: беларусы места Вільні /.../ 19 верасьня грамадой зьявіліся на адкрыцьцё памятніка. Былі тут прадстаўнікі беларускага тэатру, культурных устаноў, беларускае гімназіі. Найстарэйшаму працаўніку беларускае сцэны, грам. Аляхновічу, было даручана ў прамове выразіць глыбокую пашану беларусаў для творца першае беларускае опэры. Аднак апошняга зрабіць не ўдалося: прэзыдэнт места Вільні, пан Банькоўскі, ня даў беларусам голасу... Зьмяніліся часы, зьмяніліся людзі...» (Ант. Навіна. Песьняру зямлі нашай // Беларускі Звон. 1922. 29 верасьня).
6. Хваліў дэбютны зборнік Уладзімера Дубоўкі за аптымізм і жыцьцярадаснасьць
«Сярод беларускіх лірычных паэтаў устанавіўся звычай заўсёды браць дужа сумны, тужлівы, безнадзейны тон. Гэта сталася як быццам традыцыяй.
/.../ Тым вялікшую ўвагу зварочвае на сябе кожын твор, у якім чуецца новы, сьвежы павеў, новыя тоны. Не стагнаць нам трэба, не пяяць аб нашай бядзе і горы, а будзіць сілу жыцьцёвую, шукаць у жыцьці якраз таго, што ў нас адбіраецца. Нельга жыць аднабока, вечна ў адным настроі. Жыцьцё гэтага не цярпіць, яно лішне мнагаграннае, лішне багатае на фарбы і тоны, каб задаволівацца вечна шэрым, бязрадасным.
Невялічкі зборнік вершаў „Строма“ Ўладзімера Дубоўкі якраз зрывае сувязь з традыцыйным стагнаньнем. /.../ Столькі тут размаху, столькі моцы і веры ў сваю сілу і сілу народную!» (Ант. Навіна. «Строма» — Уладзімер Дубоўка // Наша Будучына. 1923. 14 лютага). «Уладзімер Дубоўка радыкальна разарваў сувязь з традыцыйным стагнаньнем» (На новых шляхох / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
7. Захапляўся творамі Якуба Коласа, бо знаходзіў у іх імпрэсіяністычныя ноткі
«Успомнім перадваенную коласаўскую музу. Гэта — адбіцьцё душы беларускага сялянства, толькі адбіцьцё, як у павелічаючым люстры. І рытміка, і форма вершаваньня — у поўнай меры адпавядаюць гэтаму зьместу.
А заглянем да апошняга зборніку Коласа „Водгульле“ (Менск, 1922 г.), перачытаем яго найнавейшыя, апошнія вершы, і шчырае зьдзіўленьне абхопіць душу: ад сялянскае лірыкі Колас дайшоў да настрояў сучаснага нэрвовага, зь незвычайна зложанай псыхічнай арганізацыяй, „цывілізаванага“ эўрапейца. /.../ Яму ў начной цішы звоняць нейкія дзіўныя песьні шкляныя шыбіны ў вокнах — песьні чыста імпрэсіяністычнага характару /.../ ад народнага пясьнярства Колас даходзіць да імпрэсіянізму» (На новых шляхох / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
8. У 20-я гг. лічыў, што Янка Купала, у адрозьненьне ад Якуба Коласа, нічым новым ня радуе і творча спыніўся
«...Купала як быццам ужо дайшоў да найвышэйшага пункту сваей творчай сілы і стуль горда паглядае на сьвет, задзіўляючы магутнасьцяй свайго таленту, але не даючы ўжо нічога неспадзяванага, а рэчы роўнае цаны /.../.
У творчасьці Коласа ўсё яшчэ зьяўляюцца рэчы, якія паказуюць, што ўзыходжаньне ўверх у яго не спынілася»
(Сымон Музыка / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
9. Называў першага рэдактара «Нашай Долі» Яна Тукеркеса злодзеем і авантурыстам, зь якім немагчыма было рабіць супольную справу
«...яго ўласныя фінансавыя справы ў сувязі зь ведзеным ім спосабам жыцьця пачалі блытацца, дык ён ужо ня толькі не ўкладаў нічога ў газэту (якая далей выходзіла за грошы майго брата, прадаўшага з гэтай мэтай калекцыю сваіх ордэнаў), але, наадварот, рабіў спробы сёе-тое цягнуць з газэты на сваю карысьць /.../ між намі і Тукеркесам адносіны так папсаваліся, што далейшае вядзеньне газэты пад яго фірмай аказалася немагчымым, тым болей, што павыкрываліся і былі разьдзьмуханы палякамі нейкія цёмныя справы зь яго прошлага...» (Да гісторыі «Нашае Долі» і «Нашае Нівы». Паведамленьні А. Шлюбскаму // Полымя. 1927. № 3).
10. Пісаў, што творы Талстога падрыхтавалі расейскае грамадзтва, каб зрынуць стары лад
«Як гэта ні дзіўна, але ягоныя творы — з сваёй ідэяй аб „непраціўленьні злу“ — ня менш прыгатавалі псыхалёгію расейскага грамадзянства да рэвалюцыі, чым у Францыі — творы Русо. Бо Талстой на вялізарную вышыню падняў чалавека наагул, бо ў душах людзей, у іх сьвядомасьці разьбіў путы, якімі самадзяржаўная ўлада была скавала душы і волю мільёнаў людзей.
І вось, вызваліўшыся духова, народныя масы старое Расеі пад гукі рэвалюцыйнае песьні выходзілі безаружныя пад кулі царскіх наймітаў...» (Істота літаратуры і яе грамадзкае значэньне / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
11. Называў Сталіна ценем правакатара Азэфа
«...пасьля сьмерці Леніна — пачынаюць адбывацца нейкія дзіўныя праявы. Адзін за адным усе старыя супрацоўнікі Леніна абвяшчаюцца... „контррэвалюцыянэрамі“, „адступнікамі“, „здраднікамі“ /.../ І ў рэзультаце на чале ўсяго дзяржаўнага жыцьця СССР бачым аднаго-адзінага Сталіна як бясспрэчнага дыктатара, „чырвонага Мусаліні“. /.../
Ён з поўнай сьвядомасьцяй стараецца выклікаць у СССР, і так перажываючым цяжкі эканамічны крызіс, стан бясспыннае ўнутранае грамадзянскае вайны /.../ Ці не залішне ўжо многа выбуховага матэрыялу прыгатаўляе гэтак Сталін /.../ ці не паўстае ў вачох працоўных масаў СССР і старых рэвалюцыйных дзеячоў колішняе царскае Расеі цень самае агіднае постаці з жыцьця рэвалюцыйнага падпольля — постаці сучаснага Юды — Азэфа?» (Цень Азэфа / Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).
12. Даводзіў, што «Мужыцкая праўда» — не газэта
«Цяпер, калі большасьць нумароў „Мужыцкае Праўды“ ўжо апублікавана ў друку (гл. „Полымя“ № 1, 1926 г., Менск), мы можам увачавідкі пераканацца, што газэтай „Мужыцкая Праўда“ не была. Гэта быў папросту цыкль адозваў пад адным агульным загалоўкам, зьмешчаным зьверху дробным друкам, з чарговымі нумарамі /.../. Кожны нумар зьмяшчаў у сабе толькі адну адозву і — нічога болей. Выходзілі яны непэрыядычна і наагул з газэтай ня мелі нічога супольнага /.../
Разумеем, што для некаторых беларускіх дзеячоў, далёкіх ад навуковае працы і навуковага падыходу да вывучэньня нашай мінуўшчыны, вельмі прывабнай магла быць думка пашырыць у масах перакананьне, што беларусы ўжо 70 гадоў назад мелі сваю прэсу... На жаль, пагляд на „Мужыцкую Праўду“ як на газэту далёкі ад аб’ектыўнае праўды...» (Праўда аб «Мужыцкай Праўдзе» / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
13. Параўноўваў паэзію Максіма Багдановіча з музыкай паўтонаў
«Паўтоны ў фарбах, у гуках, у перажываньнях — вось асноўная рыса творчасьці Максіма Багдановіча. У гэтым ён ня мае падобных сабе. Ён стаіць здалёк ад усіх другіх нашых песьняроў. Ён наскрозь індывідуальны, новы, беспадобны. Яго ролю ў беларускай паэзіі можна прыраўнаваць да ролі таго, хто ўвёў у музыку паўтоны, хто на іх збудаваў новую гармонію» (Максім Багдановіч: У дзясятыя ўгодкі сьмерці / Антон Луцкевіч. Выбраныя творы. 2006).
14. Не прыняў экспэрымэнтальнай паэзіі Язэпа Пушчы, а да графаманства Анатоля Вольнага ставіўся больш ляяльна
«...нягледзячы на заяву Пушчы аб тым, што ягоная душа „ня любіць фальшы камэртонаў“, іменна нечым „робленым“ веець ад ягоных вершаў. Мала ў іх і „мэлёдыі“, і „сугучнасьці“. А часта ўжываны Пушчай /.../ трыялет — чужы нашай народнай паэзіі і дагэтуль мала карыстаны нашымі карыфэямі літаратуры, — толькі ўзмацняе ўражаньне „робленасьці“ вершаў Пушчы. /.../
Шмат цікавейшы — Анатоль Вольны, які ў сваім зборнічку пад загалоўкам „Чарнакудрая радасьць“ — зьмяшчае на першым месцы свайго „Кастуся Каліноўскага“. /.../ аўтар у даволі прыгожых вершах дае цікаўнае прадстаўленьне духовае істоты Каліноўскага, безумоўна праўдзівае па сутнасьці, хоць і высказанае чужой Каліноўскаму, сучаснай нам рэвалюцыйнай фразэалёгіяй» (А.Н. З усходніх загонаў (Літаратурны агляд) / Беларускі каляндар на 1929 г.).
15. Дыктатараў, якія зьнішчалі інтэлектуальную эліту, параўноўваў з царом Ірадам
«Лёгка зразумець, што дыктатары ўсіх трох памянёных дзяржаў напружваюць свае сілы на тое, каб ня даць іншым адзінкам, асабліва ж вышэйшым за іх інтэлектуальна, стацца грознымі канкурэнтамі на „ўладу над душамі і мысьлямі“ народу. А як на апошняе можа пасягаць толькі запраўды ж выдатны інтэлект, дык сучасныя дыктатары стараюцца не дапусьціць да вывышэньня сільных адзінак наогул, ня даць пашырацца іх папулярнасьці, аўтарытэту, пашане ў масах.
Клясычным узорам такога забясьпечваньня ад канкурэнтаў ёсьць спосаб, якога ў далёкай мінуўшчыне ўжыў цар Ірад... Вось жа і Мусаліні, і Гітлер, і Сталін вядуць сыстэматычную /.../ працу над нішчэньнем інтэлігенцыі...» (Барацьба з інтэлектам / Антон Луцкевіч. Барацьба за вызваленьне. 2009).