Польская мадэль двухвектарнай палітыкі адносна Беларусі павінна вызначыць сумесны амерыкана-еўрапейскі адказ на ўдушэнне Аляксандрам Лукашэнкам прадэмакратычных сіл.
Такое меркаванне выказаў амерыканскі палітолаг Эндру Мічта ў блогу на сайце Фонду Маршала "Германія – ЗША", паведамляе БелаПАН.
"Польшча сёння развівае двухвектарную палітыку з мэтай аказаць уціск на рэжым Лукашэнкі, а таксама зрабіць доўгатэрміновыя інвестыцыі ў беларускую дэмакратычную апазіцыю. Гэта тая мадэль, якая павінна вызначыць сумесны амерыкана-еўрапейскі адказ на ўдушэнне Лукашэнкам прадэмакратычных сіл", — піша Мічта.
На думку палітолага, Польшча мае важны вопыт, заснаваны на папярэдніх спробах садзейнічання ініцыятывам грамадзянскай супольнасці і свабодным СМІ ў Беларусі.
Палітолаг таксама адзначае, што польскі ўрад спансіраваў тэлеканал "Белсат", што на польскай тэрыторыі размяшчаюцца радыё "Рацыя" і "Еўрапейскае радыё для Беларусі". Захаванне і пашырэнне свабодных СМІ стане рашаючым для будучыні дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, мяркуе Мічта.
Мічта нагадвае, што міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў аб павелічэнні падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці з 20 да 40 мільёнаў польскіх злотых (каля 13 мільёнаў долараў ЗША). Амерыканскі палітолаг упэўнены, што гэтай сумы будзе недастаткова, "але рашэнне Сікорскага павінна стаць сігналам для астатніх заходніх урадаў" адносна таго, што ім трэба зрабіць.
На думку Мічты, станцыі, якія вяшчаюць з Польшчы, тэрмінова маюць патрэбу ў дадатковым фінансаванні з боку прыватных фондаў, ЗША і ЕС. Палітолаг мяркуе, што дадатковыя інвестыцыі запатрабуюцца і беларускім няўрадавым арганізацыям.
Акрамя таго, Мічта прапануе трансатлантычнай супольнасці інвеставаць у міжасобасныя кантакты з Беларуссю. Палітолаг звяртае ўвагу на тое, што Польшча адмяняе консульскі збор за нацыянальныя візы для беларускіх грамадзян (забараняючы пры гэтым уезд на сваю тэрыторыю некаторым беларускім чыноўнікам), і прымае ў свае ўніверсітэты студэнтаў, адлічаных з беларускіх ВНУ за дэмакратычную дзейнасць.
На думку Мічты, Польшча не можа ажыццяўляць сваю стратэгію ў адзіночку, у прыватнасці, таму што польская меншасць у Беларусі з'яўляецца ўразлівай для ўціску з боку Мінска. Таму, піша палітолаг, Брусель і Вашынгтон павінны падтрымаць польскую стратэгію фінансава і палітычна.