Адкрыццё выставы адбудзецца 14 лютага а 18–й гадзіне.
14 лютага а 18–й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Сакральная культура Касцёла Беларусі”.
Сёння каталіцтва з’яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй у Беларусі. Каталіцкі касцёл на працягу многіх стагоддзяў быў неад’емнай часткай магістральнага развіцця культуры на беларускіх землях і за некалькі стагоддзяў сваёй дзейнасці глабальна паўплываў на эвалюцыю мастацкіх і музычных традыцый, адукацыйных працэсаў, кнігадрукавання. У сваю чаргу, духоўныя традыцыі і сакральная спадчына, што захоўваецца ў касцёлах, значна менш вядомая шырокай публіцы, аднак з’яўляецца не менш цікавай і захапляльнай.
Дадзеная выстава заклікана паказаць асноўныя традыцыі каталіцкага касцёла Беларусі – найбольш значныя святы літургічнага гадавога цыкла і своесаблівыя культурныя звычаі, а таксама надзвычайныя артэфакты, перанесеныя наўпрост з сакральнай прасторы касцёлаў у прастору свецкую. Сярод апошніх – арнат са слуцкіх паясоў і манстранцыя, зробленая спецыяльна да асвячэння касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (1783 г.), лаўка для малітвы, якую выкарыстоўвалі сёстры–назарэтанкі, расстраляныя нацыстамі ў Навагрудку ў 1943 г. і беатыфікаваныя ў 2000 г., літургічнае начынне з касцёлаў вёсак Вынішчы і Замосце Слуцкага раёна, а таксама з касцёла Святой Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы і многія іншыя.
Прадметы для выставы ласкава прадстаўлены шэрагам устаноў Мінска–Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі: касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі в. Будслаў Мядзельскага раёна, касцёлам св. Юзафа в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна, Кангрэгацыяй сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і касцёлам Перамянення Пана ў Навагрудку, касцёлам св. Варвары в. Замосце і касцёлам Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля в. Вынішчы Слуцкага раёна, касцёлам Святой Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Знакавае месца на выставе зоймуць артэфакты з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, які на працягу многіх гадоў збірае і рэстаўруе прадметы, звязаныя ў тым ліку і з рэлігійнай тэматыкай. Сярод іншых – карта кляштараў францысканцаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (1753 г.), грамата Жыгімонта Вазы на будаўніцтва царквы Святога Духа пры базыльянскім кляштары (1613 г.), слуцкі пояс, іконы, прыклады беларускага драўлянага дойлідства ды шмат іншага.
Каталіцкая богаслужэбная музыка і кніжная спадчына будуць прэзентаваны рукапісамі і кнігамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама прадметамі з прыватнай калекцыі Святланы Шэйпа. Шэраг твораў іканапісу прадставіць Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Выстава працуе да 18 сакавіка.