Як магло здарыцца забойства ў беларускай школе і хто вінаваты?
Як магло такое здарыцца ў Беларусі і хто вінаваты? Грамадства шакаванае разнёй у Стаўбцоўскай школе №2, калі вучань 10 класу нажом забіў двух чалавек – настаўніцу і вучня, а траіх цяжка параніў.
Каментуе “Радыё Рацыя” Таццяна Севярынец, педагог з 36-гадовым стажам:
– Самае страшнае пачалося ў 90-я гады, калі ўсё рухнула. Людзі кінуліся ў заробкі, бо трэба было выжываць. Людзі зарабілі капейку, капейка аказалася смачнай, і ў асноўным сем’і забыліся на тое, што ў іх ёсць дзеці. Я працавала ў той час у школе, і мы былі ў жаху, калі ўбачылі, які абвал пайшоў па адзнаках. Бо большасць дзетак былі кінутыя самі на сябе. Бо бацькі кінуліся ў заробкі – хто ў Турцыю, хто ў Кітай, хто ў Расею. Для таго, каб выжыць. І з тае пары, на жаль, у грамадстве нічога не змянілася.
Па-другое, вось гэтая разбуральная палітыка сённяшняга кіраўніцтва дзяржавы прыводзіць да таго, што духоўныя каштоўнасці, каштоўнасць чалавечага жыцця нічога не вартыя. Асоба настаўніка – гэта проста дзяржаўнае пудзіла, якое мусіць выконваць розныя ганебныя загады адміністрацыі. Яны завалены паперамі, і няма як ні настаўніку з вучнямі паразмаўляць, ні бацькам з дзецьмі. Трэба вярнуцца да таго, што ёсць сям’я, што ёсць сапраўдная каштоўнасць. Я ўжо не кажу пра Бога. Я часта бываю ў царкве. У католікаў шмат людзей у касцёлах. У праваслаўных – толькі людзі вельмі сталага веку. А гэта таксама ахова маральнасці, каштоўнасцей.
Калі забываюць людзі, што ёсць сям’я, і самая галоўная каштоўнасць – каштоўнасць чалавечага жыцця. Калі гуляюць дзеткі ў гаджэтах у гэтыя „стралялкі-пукалкі”, дзе на экране плямы крыві, яны павінны ў жах прыйсці, што вось, быў космас – чалавечае жыццё, і вось ён знік. Што гэта адзінае божае стварэнне, якое адзін раз прыйшло на Зямлю. І яго больш не будзе. Вось гэтага няма.
Аднымі рэпрэсіўна-арганізацыйнымі захадамі, – некага звольніць, паставіць каля кожнай школы па міліцыянту, – становішча не паправіць. Трэба вяртаць у грамадства страчаныя ідэалы духоўнасці, маралі, чалавечнасці, сумлення, – лічыць Таццяна Севярынец.