Сяргей Тарасаў мяркуе, што cвятыня можа знаходзiцца ў руках РПЦ.
Пра культуру старажытнай Беларусі ХI-ХІІІ стагоддзў гаварылі ў Глыбокім. З такой прэзентацыяй выступіў гісторык і археолаг з Менска Сяргей Тарасаў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Значную ўвагу ён надзяліў гісторыі Полаччыны, распавёў пра пабудову Сафійскага сабора, археалагічныя артэфакты, крыж Еўфрасінні Полацкай ды іншае. На яго думку, цяпер крыж знаходзіцца ў руках Рускай Праваслаўнай Царквы.
Як кажа Сяргей Тарасаў, ён спадзяецца на тое, што крыж вернецца на Беларусь, бо гэта найвялікшая святыня для беларусаў усіх канфесій.
– Такія рэчы, як крыж Еўфрасінні Полацкай, такія святыні, яны не прападаюць па вызначэнні. Яны не маюць каштоўнасці, калі іх разабраць па кавалках, па каменьчыках. Таму гэты крыж ёсць. Ён жывы, я ў гэтым упэўнены. І ён знаходзіцца канешне ж у Расеі. Найверагоднейшае месца яго знаходжання – гэта Троіца-Сергіеўскі Пасад у Падмаскоўі. Гэта адпаведна манастыр і асабістая рызніца Маскоўскага патрыярха. Крыж – гэта сімвал нашай незалежнасці. Крыж – гэта сімвал нашай дзяржаўнасці. Крыж – гэта сімвал нашай духоўнасці. І таму крыж павінен быць на Беларусі!
Паводле Сяргея Тарасава, апошнім часам у Полацку ніякіх буйных артэфактаў не знаходзяць. Але яго вучань Дзяніс Дук разам з калегамі падчас археалагічнай эспедыцыі знайшоў рэшткі пажарышча. Потым зрабілі радыёвугляродны аналіз вугалю і высветлілі, што гэтае пажарышча датуецца 840-ымі гадамі. А як вядома, першы раз у летапісе Полацак узгадваецца ў 862 годзе.