Сотні паломнікаў з'ехаліся ў вёску Росіца на Віцебшчыне.
Больш за 200 пілігрымаў 16 лютага наведала вёску Росіца, што ў Верхнядзвінскім раёне. Там прайшла імпрэза па ўшанаванні памяці бласлаўлёных ксяндзоў Юрыя Кашыры, Антонія Ляшчэвіча і нявінна забітых мірных жыхароў, перадае racyja.com.
З 16 па 18 лютага 1943 года падчас фашысцкай карнай аперацыі “Зімовы цуд” жыхароў вёскі Росіца і навакольных паселішчаў зганялі ў касцёл, здзекаваліся з іх, потым расстрэльвалі і палілі.
Тады загінула больш за паўтары тысячы чалавек. Як кажа пісьменніца з Наваполацка Ірына Жарнасек, Росіцу яна наведвае абавязкова два разы ў год.
Бо яна сталася часткай яе біяграфіі. Па матывах трагедыі Ірына напісала кнігу “Будзь воля Твая”.
– Для мяне гэтыя падзеі трагічныя, канешне. Яны страшныя. Але разам з тым, хоць гэта можа гучаць пафасна, гэта перамога любові, любові гэтых людзей, бо Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра ўзняліся на гэтай трагедыяй духам сваім. Яны проста паказалі, як можна любіць людзей, як можна быць вернымі таму, што ты робіш у жыцці.
Напачатку вернікі на чале з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам маліліся ў касцёле Найсвяцейшай Троіцы.
На набажэнстве прысутнічаў і архімандрыт Сяргей Гаек, якога ў Росіцы павіншавалі з 70-гадовым юбілеем і 25-гадовым служэннем у якасці апостальскага візітатара для грэка-каталікоў Беларусі.
– Росіца значыць вельмі шмат. Я б, канешне, пра Росіцу ведаў раней. Святы айцец накіраваў мяне сюды служыць у Беларусі. І хоць маё служэнне абдымае ўсю Беларусь, але, канешне ж, Віцебская епархія, Віцебск, яшчэ больш Полацак – гэта духоўныя крыніцы нашай Грэка-каталіцкай царквы. І, канешне, для служэння любога святара прыклад гэтых двух святароў – гэта вельмі шмат.
Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы прайшліся працэсіяй да месца смерці пакутнікаў. Там маліліся, ставілі свечкі і кленчылі перад крыжом.