40 гадоў таму не стала Янкі Геніюша – беларускага грамадскага дзеяча, бібліяфіла, доктара, вязня ГУЛАГу, мужа Ларысы Геніюш.
Пачну з радкоў з пісьма Ларысы Геніюш да Сакрата Яновіча ад 3 красавіка 1969 года (Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі…Мн., 2005. С.235): “Дарагі сябра Сакрат! Цяжка паэту пісаць прозаю, але вельмі хочацца мне паслаць Вам гэты кусочак успамінаў са старых Крынак. Калі б з гэтага нешта надавалася для друку, а імя маё не было дзеля гэтага перашкодай, дык, калі ласка, пакланецеся і ад мяне старому гарадку маяго роду…”.
Ларыса Геніюш нарадзілася ў 1910 годзе на Ваўкавышчыне ў фальварку Жлобаўцы, як яна сама пісала, на зямлі “з дзядоў і бацькоў беларусаў”.
А дзед яе Павел Міклашэвіч быў родам з Крынак. Ларысы Геніюш аб гэтым успамінае і ў артыкуле “Крынкі” (“Маладосць”, 1997, № 1): “Казаў мой дзед Павел, што некалі прыйшлі туды ў пушчу два браты Мікалай і Міхал, якія і залажылі Крынкі. Ад Мікалая пайшлі Міклашэвічы, а ад Міхала — Міхайлоўскія — два старыя, адвечныя роды ў Крынках”. А ажаніўся Павел Міклашэвіч на 18-гадовай Марфе з вёскі Чамяры, што побач з маім родным Слонімам. Так што сувязь Слоніма і Крынак па сваяках Міклашэвічаў- Геніюшаў існуе даўно.
Будучы муж Ларысы Геніюш — Янка Геніюш нарадзіўся ў 1902 годзе ў саміх Крынках. I калі Ларыса Антонаўна Міклашэвіч выйшла замуж за Янку Геніюша, то запыталася жартам у яго: “А дзе ж ты нарадзіўся?” — “Гдзе? У Крынках!” — адказаў Янка. I сапраўды… дзе ж яшчэ можна нарадзіцца на Беласточчыне, як не ў славутых Крынках.
Калі пра Ларысу Геніюш у Беларусі і за яе межамі напісана і пішацца шмат, то пра Янку Геніюша зусім мала. Згадваецца зрэд часу, што ён быў мужам вялікай паэткі. Таму хочацца пра Янку Геніюша распавесці больш, але спачатку ўсё ж прыгадаю яшчэ раз Ларысу Геніюш — сапраўды, геніяльную паэтку, мужную жанчыну і шчырую беларуску.
3 лютага 1935 года Ларыса Міклашэвіч узяла шлюб са студэнтам медычнага факультэта Карлава універсітэта (Прага) Янкам Геніюшам у Воўпенскай царкве, што на Ваўкавышчыне. Пасля шлюбу пераехала ў Зэльву, дзе хутка нарадзіўся ў маладой сям’і сын Юрка. У 1937 годзе маці з сынам перабраліся ў Прагу да мужа і бацькі, дзе ён працаваў лекарам.
У 1942 годзе ў Празе выходзіць першы зборнік паэзіі “Ад родных ніў”. Там паэтка актыўна займаецца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю, уваходзіць у Беларускі камітэт самапомачы, працуе сакратаром Беларускай Народнай Рэспублікі. 5 сакавіка 1948 года Ларысу Геніюш разам з мужам Янкам арыштоўваюць у г.Вімпэрк, пазбаўляюць чэхаславацкага грамадзянства, выдаюць савецкім спецлужбам і пад канвоем дастаўляюць у Мінск, дзе паэтку асабіста дапытваў тагачасны міністр МГБ БССР Л.Цанава, патрабуючы аддаць архіў БНР.
7 лютага 1949 года Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу і Янку Геніюшаў да 25 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне яны адбывалі далёка на Поўначы былога СССР. У Зэльву вярнуліся ў 1956 годзе, бо былі вызвалены, як несавецкія грамадзяне. У Зэльве жылі да самай смерці на Савецкай вуліцы, 7а.
Цяпер пра Янку Геніюша. Васіль Быкаў у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому” пра Янку Геніюша сказаў, што “увогуле ён мне падабаўся сваёй непадробнай беларускай шчырасцю”. А калі Янка Геніюш заязджаў да Васіля Быкава ў Гародню, то яны вялі доўгія гутаркі пра ўсё на свеце, але найперш пра Беларусь і лёс беларусаў. З іх вялікі пісьменнік “пазнаў нямала новага і нават неспадзяванага з жыцця на акупацыйнай тэрыторыі, пад немцамі, а таксама ў Празе. Факты, пра якія распавядаў Геніюш, не надта ўлагоджваліся з тымі, што мы засвоілі з савецкай прапаганды…”. Так згадваў Васіль Быкаў Янку Геніюша.
Па характару Іван Пятровіч быў розны — то спакойны, то занадта рэзкі і гарачы ў выказваннях, то чулліва-лагодны, то вясёлы. Але найперш да канца сваіх дзён (памёр 19 лютага 1979 года, а Ларысы Геніюш не стала 7 красавіка 1983 года, пахаваны ў Зэльве на мясцовых могілках. — С.Ч.). Янка быў і застаўся шчырым беларусам, патрыётам сваёй Бацькаўшчыны. Дый іншым Янка Геніюш быць не мог. Тым больш, што побач з ім, нягледзячы на ўсе пакуты, цяжкія і шматгадовыя ростані, была слынная паэтка Беларусі Ларыса Геніюш. Яны разам дзялілі свае гора і радасці, здзекі і хваляванні, трывогу і неспакой. На надмагільным помнічку ў Зэльве, які пры жыцці ставіла яму сама Ларыса Антонаўна (цяпер ім дваім стаіць помнік на Зэльвенскіх гарадскіх могілках), былі выбіты такія радкі:
Па сонца асветы ўзлятаў, нібы птах, З палоскі сялянскае, вузкае. Адзін толькі ведаў у жыцці сваім шлях Пачэсны, цяжкі, беларускі.
А калі да Ларысы Геніюш прыязджалі сябры і яны прыходзілі на зэльвенскія могілкі да магілы Янкі Геніюша, Ларыса Антонаўна казала:”Вось тут спіць мой Янка, на мяккай пярынцы. Каторы гадочак спіць Яначка, адбегаў сваё, адгараваў…”.
З Крынак шлях ляжаў у Прагу, куды Янка Геніюш прыехаў вучыцца. Ён паступіў у Карлаўскі універсітэт, а пасля яго заканчэння атрымаў медыцынскую адукацыю, стаў урачом-венеролагам. Жыццё ў Празе было вельмі цікавым і разнастайным. Тут жылі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, беларускія спевакі, кампазітары, мастакі, пісьменнікі. З імі ўсімі быў знаёмы Янка Геніюш, з многімі шчыра сябраваў. А яшчэ ён быў актыўным сябрам пражскага камітэта Беларускай народнай самапомачы.
Падчас акупацыі Прагі нямецкімі войскамі, кіраўнік Беларускай народнай самапомачы (БНС) Іван Ермачэнка адправіў Янку Геніюша ў Беларусь, у прыватнасці, у Слонім на лекарскую працу. Пры жыцці доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка расказаў мне адзін цікавы эпізод з жыцця Янкі Геніюша ў акупіраваным немцамі Слоніме: “Падчас акупацыі ў 1943-1944 гадах мой бацька быў намеснікам слонімскага гебітартца (слонімскага райздрава), а гебіткамісаратрцам быў не хто іншы, як дзядзька Янка, спадар Іван Пятровіч Геніюш. Толькі па рэцэптах за подпісам майго бацькі выдаваліся ў слонімскай аптэцы лякарствы. Тыя лекі ішлі да партызанаў, і спадар Геніюш не мог таго не ведаць. А яшчэ Іван Пятровіч стаў героем у вачах майго бацькі, калі ён не ўскінуў руку дзеля прывітання слонімскага гебіткамісара Эрэна, п’ючы піва пры рэстараннай стойцы, калі ў рэстаран зайшоў Эрэн. Эрэн зрабіў на тое заўвагу, на якую дзядзька Янка зрэагаваў імгненна: “А хто тут гаспадар, мы ці вы?!” Праз некалькі дзён слонімскі арцтгэбіт узначальваў ужо не Геніюш: Эрэн прагнаў яго ў Баранавічы. Іншай меры пакарання Эрэн не дабіўся, бо за Геніюшам стаяла слава тых, хто падпісаў з Прагі ліст самому Гітлеру…”. Што датычыць ліста Гітлеру, дык пра гэта добра расказала Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі” і ўсе тыя махінацыі, якія вытвараў у акупацыйнай Празе Іван Ермачэнка. Пра рэпліку Янкі Геніюша ў адрас гебіткамісара Эрэна, сказанае Алегам Лойкам, аспрэчыў Барыс Данілюк (1923-2011), які пад час акупацыі жыў у Слоніме. У адным з пісем пры жыцці да аўтара гэтых радкоў спадар Барыс пісаў: “У Слоніме пры немцах не было ніякага рэстарану, апрача харчоўні Самапомачы. У ёй піва не прадавалі, ды і ў такую харчоўню гэбіткамісар ніколі не пайшоў бы. Піва, магчыма, было ў “Soldatenheim”, але туды для “Einhemishe”, у тым ліку і для доктара Геніюша, не было доступу”. Хто з іх меў рацыю — цяжка сказаць, але ж ад смелага і рызыкоўнага Янкі Геніюша, які моцна любіў Беларусь, можна было чакаць і такой рэплікі ў адрас чужынцаў.
Вярнуўшыся са сталінскіх лагераў Іван Пятровіч уладкаваўся працаваць доктарам у мясцовай зэльвенскай бальніцы. Пісьменнік Уладзімір Арлоў прыгадвае: “Янка Геніюш быў добрым лекарам, што маглі б засведчыць і ягоныя чэшскія пацыенты, і хворыя Зэльвенскай раённай бальніцы, начальства якой прыніжала былога гулагаўскага вязьня, не прызнаючы замежны Янкаў дыплом…”.
Янка Геніюш вельмі любіў беларускія кнігі. Ён іх купляў у крамах, прасіў сяброў, каб высылалі яму новыя беларускія выданні з Менска, з абласных гарадоў. Некалі ён першы даў сваёй нарачонай Ларысе пачытаць вершы Янкі Купалы, расказваў ёй пра гісторыю Беларусі, пра вялікіх людзей Бацькаўшчыны. Ці не Іван Пятровіч адкрыў жонцы — будучай паэтцы Ларысе Геніюш свет на беларускасць, натхніў на паэзію?!. Бо ведаў ён шмат. Пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік нядаўна прыгадаў, як ён быў яшчэ школьнікам, а Іван Пятровіч натхніў яго падпісацца на Беларускую Савецкую Энцыклапедыю. “Іван Пятровіч фанатычна любіў беларускія кнігі: купляў усе, якія выдаваліся, нават па некалькі паасобнікаў, купляў тыя, якія трэба было купляць і тыя, якія яму былі нават не патрэбныя”, — успамінае Уладзімір Ягоўдзік.
Калі не стала Янкі і Ларысы Геніюшаў, я пабываў у іх доме з настаўнікам з Дзярэчына Пятром Марціноўскім. Тады якраз з Беластока Валянціна Геніюш — нявестка Геніюшаў, прыехала, каб вырашыць пытаннем з домам Геніюшаў у Зэльве. “Усю бібліятэку Янкі і Ларысы Геніюшаў абяцала купіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, але ў апошні момант адміністрацыя бібліятэкі адказалася ад кніг, — уздыхнула Валянціна. — Бярэце, хлопчыкі, што-небудзь сабе з гэтых выданняў…”.
Кніг у хаце Геніюшаў сапраўды было шмат: у адным пакойчыку яны стаялі на паліцах ад падлогі да столі. Вялікая гара выданняў па медыцыне ляжала проста на падлозе. Мы ад убачанага проста разгубіліся. У гэтым доме можна было зрабіць музей Геніюшаў, куды прыязджалі б штогод тысячы турыстаў, бо Зэльву сёння ведаюць толькі таму, што там жылі і пахаваны Янка і Ларыса Геніюшы. Але, на вялі жаль, ніякага музея там няма, нават на 100-годдзе паэткі не дазволілі мясцовыя ўлады ўстанавіць на доме мемарыяльную шыльду. Яе сарвалі і шыльда знаходзілася ў міліцыі. Праўда, мне і Міхасю Скоблу ўсё ж вярнулі, але ўстанавіць на доме, дзе жылі Геніюшы, зэльвенскія чыноўнікі так і не дазволілі.
Уладзімір Арлоў у сваёй кнізе “Імёны свабоды” згадвае: “Калі Іван Пятровіч цяжка захварэў, “дабрадзеі” пусцілі чутку, нібыта ён ужо сканаў, і ў дом Геніюшаў пачалі прыходзіць людзі з жалобнымі вянкамі. Ён памёр на жончыных руках. Ларыса Антонаўна сама яго мыла і апранала. “Пахавалі са слязьмі, ціха, без палкіх прамоў. Не ўсё было добра, аднак нельга аб гэтым…”. Пры жыцці ў іх хаце часта гасцілі беларускія пісьменнікі, мастакі, кампазітары, палітыкі. Па-рознаму яны адносіліся найперш да Івана Пятровіча, які пасля сталінскіх лагераў страшна ненавідзеў камуністаў і савецкую ўладу, а яшчэ мацней любіў Беларусь і ўсё жыццё марыў аб яе незалежнасці ад Расіі. Пакуль мара Янкі Геніюша не споўнілася. Не збылася і светлая мара Ларысы Геніюш, пра якую яна пісала ў сваіх вершах:
І будзем верыць мы ў кайданах,
Узняўшы сэрцы угару,
Што так, як Бог укрыжаваны,
Васкросне й наша Беларусь!
Сяргей Чыгрын, «Радыё Рацыя»