У лютым 1387-га быў выдадзены Агульназемскі прывілей.
Агульназемскі прывілей 1387 г., заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вялікім князем Ягайлам у Вільні 20 лютага 1387 г. пасля заключэння Крэўскай уніі 1385 г. Зацвярджаў феадальныя правы баяр, якія прынялі і прымалі хрышчэнне па каталіцкім абрадзе ў час хрысціянізацыі язычніцкай Літвы.
Прывілей гарантаваў такім баярам поўную ўласнасць на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі. Правы баяр-католікаў параўноўваліся з правамі шляхты Польскага каралеўства, што падкрэслівала інтэграцыйную палітыку Ягайлы. Прывілей дазваляў удовам баяр карыстацца маёнткамі мужа; пры іх паўторным выхадзе замуж маёнтак перадаваўся дзецям або бліжэйшым сваякам мужа-нябожчыка.
Маёнткі і насельніцтва баяр вызваляліся ад розных работ на карысць дзяржавы, за выключэннем будаўніцтва і рамонту дзяржаўных замкаў. У тэксце няма згадак пра грашовыя і натуральныя павіннасці: іх па-ранейшаму выплачвала і выдавала насельніцтва баярскіх маёнткаў. Прывілей захаваў феадальную павіннасць баяр выходзіць у вайсковы паход за свой кошт.
Калі ворага выганялі з тэрыторыі ВКЛ і абвяшчалася "пагоня", то ў апалчэнні павінны былі ўдзельнічаць усе мужчыны, здольныя насіць зброю. Палітычнай мэтай прывілея было з'яднаць вакол вялікага князя літоўскага баяр у барацьбе з незалежніцкімі тэндэнцыямі літоўскіх і беларускіх феадалаў ВКЛ. Прывілей напісаны на лацінскай мове.