Лукашэнка адмаўляўся галасаваць за незалежнасьць Беларусі.
Лукашэнка лічыць Незалежнасьць сваім дасягненьнем. Гэта ўсё роўна, калі б я сказаў, што бачу сваёй заслугай высадку астранаўтаў на Месяц.
Сапраўды, 20 ліпеня 1969 года маці мне сказала, што амэрыканцы высадзіліся на Месяц, і я, заўтрашні першкаляснік, углядаўся ў той дзень ў спадарожнік Зямлі, спадзеючыся на ім нешта ўгледзіць; бачыў толькі кратэры – і ніякіх астранаўтаў.
Лукашэнку з Незалежнасьцю пашанцавала болей. 25 жніўня 1991 дэпутат Лукашэнка прысутнічаў у Авальнай залі і бачыў дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія абвяшчалі Незалежнасьць – але і толькі.
Мушу сказаць, што Лукашэнка быў у ліку тых 84 дэпутатаў, якія ў жніўні 91-га пасьля паразы праімперскага путчу ў Маскве падтрымалі заяву Апазыцыі БНФ аб неадкладным скліканьні нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета. Прэзыдыюм ВС быў вымушаны прызначыць сэсію на 24 жніўня, але прапанаваў разгледзіць толькі два пытаньні: “Аб бягучым моманце” і …. “Аб Саюзным даговоры”.
Аднак пры падтрымцы Плошчы дэпутатам БНФ удалося ўнесьці ў парадак дня пытаньні аб спыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС і абвяшчэньні Незалежнасьці.
І вось тут Лукашэнка зрабіў заяву, сутнасьць якой палягала ў тым, што ён адмаўляецца галасаваць за Незалежнасьць, паколькі гэта адарве Беларусь ад Расеі, ад Ельцына і Гарбачова. І потым не галасаваў па ўсіх 39-ці лёсавызначальных для беларускага народа пытаньнях. гістарычных пытаньнях, Больш за тое: Лукашэнка, знаходзячыся ў Авальнай залі, нават адмовіўся рэгістравацца, таму ў стэнаграме сэсіі насупраць ягонага прозьвішча стаіць спачатку “Нг” (“Не галасаваў”), а потым – “Ад” (“Адсутнічаў”).
(Цікаўных адсылаю да сваёй кнігі “Дзевяноста першы” (2013, 2-е выданьне – 2016) і зборніка Зянона Пазьняка “Сэсія Незалежнасьці” (2011), у які ўключана стэнаграма надзвычайнай сэсіі. Гэтыя выданьні ёсьць у Інтэрнэце ў свабодным карыстаньні).
За Незалежнасьць прагаласавалі ня толькі дэпутаты БНФ, але і нават былыя (яшчэ некалькі хвілінаў таму) сакратары абкамаў і райкамаў, старшыні аблвыканкамаў і райвыканкамаў. Але не было сярод тых 256 дэпутатаў, якія спрычыніліся да рэалізацыі спрадвечнай мары беларускага народа, чалавека, які як ніхто іншы скарыстаецца з Незалежнасьці – Аляксандра Лукашэнкі.
Я мог бы з разуменьнем паставіцца да сёньняшніх слоў Лукашэнкі, успрыняць іх як запозненае прызнаньне сваёй памылкі – калі б спыніліся абразы ў адрас тых, хто сапраўды дамагаўся (і дамогся) незалежнасьці ў жніўні 1991, найперш -- актывістаў Беларускага Народнага Фронту. Калі б была годна ўшанаваная памяць чалавека, які сваім геніям асьвяцііў апошнюю хвалю нацыянальнага Адраджэньня – Васіля Ўладзімеравіча Быкава. Калі б, урэшце, было аддадзена належнае тым, хто заклаў ідэйныя падмуркі беларускай дзяржаўнасьці, абвясьціўшы 25 сакавіка 1918 года незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Але я ведаю, што гэтыя спадзяваньні пры цяперашняй уладзе - марныя.
Сяргей Навумчык, Фэйсбук