На паседжанні прафкама УП “Мінгарсвет” прынята рашэнне пра звальненне прыхільніка Руху “За Свабоду” Юрася Шпака-Рыжкава паводле артыкула 142 Працоўнага кодэксу (“за прагулы”).
Паседжанне сябраў прафкама з удзелам прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства адбылося 10 студзеня. Паводле пратакола паседжання, прафкам прыняў рашэнне “даць згоду на звальненне за прагулы без паважлівых прычынаў у адпаведнасці з п. 5 артыкула 142 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь”. Адміністрацыя прадпрыемства мяркуе, што актывіст прагуляў працу з 14 па 17 снежня. Пратакол падпісаў намеснік старшыні прафкама УП “Мінгарсвет” Чухін В. В. і сакратарка Егорава Т.С.
Цікава, што прафкаму была прадстаўлена даведка ад старшыні ўчасктовай выбарчай камісіі № 4 аб тым, што Юрась Шпак Рыжкаў з 14 па 16 снежня знаходзіўся выбарчым участку. Ён выконваў абавязкі сябра камісіі, што праўда, з уласнай ініцыятывы. 17 снежня актывіст прысутнічаў на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Ленінскага райвыканкама, дзе было прынятае рашэнне пра яго выключэнне з выбарчай камісіі за яго празмерную грамадзянскую актыўнасць.
Адзін з сябраў прафкама выступіў у абарону актывіста. Ён заявіў, што адсутнасць Юрася на працы не прынесла шкоды прадпрыемству, і ён лёгка можа адпрацаваць прапушчаныя дні. Таксама адна з жанчын устрымалася ад галасавання за звальненне актывіста. Тым не менш, бальшыня прысутных падтрымала прапанову адміністрацыі прадпрыемства звольніць Юрася Шпака-Рыжкава.