Прэзентацыя пяцітомніка адбудзецца 1 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
1 сакавіка 2019 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыя пяцітомнага збору “Дзённікаў і запісаў» народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, паведамляе budzma.by.
Пяць год таму адышоў ад нас народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін. Не так і шмат выйшла кніг за гэты час, прысвечаных яго памяці. Асноўнае з выданняў — пяць тамоў “Дзённікаў і запісаў» (1951-1991), здзейсненых у межах выдавецкай серыі “Людзі Беларусі”, заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Падрыхтоўку да друку, расчытванне рукапісаў і каментаванне гэтага ўнікальнага выдання ўзяла на сябе Наталля Давыдзенка.
У першы выпуск дзённікаў і запісаў (1951—1969) народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы яго сяброў і знаёмых. Упершыню была надрукаваная самая першая невядомая раней паэма “Зацвітаюць купавы» (1958—1959), прысвечаная лёсу бацькоў паэта. Асобныя спасылкі на творы аўтара дапамогуць асабліва ўважлівым да яго жыцця, асобы і творчасці чытачам арыентавацца ў вялікай творчай спадчыне паэта. У другім выпуску (нататнікі за 1970—1978 гг.) сабраныя рабочыя штодзённікі, запісы шматлікіх паездак па гарадах і вёсках Беларусі, па рэспубліках Савецкага Саюза, а таксама зацемкі аб пабачаным ў падарожжы ў Фінляндыю, Швецыю і Данію. Трэці выпуск “Дзённікаў і запісаў. 1979—1982” змяшчае тэксты аб працяглых паездках паэта на Кубу, у Балгарыю, Італію, Чэхаславакію, у многія рэспублікі Савецкага Саюза, а таксама па Беларусі. Чацвёрты выпуск “Дзённікаў і запісаў” ахоплівае 1983–1988 гады і адметны нататкамі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна адметны нататкамі пра яго ўдзел у працы ХХХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у складзе дэлегацыі БССР і пра паездку ў далёкія і загадкавыя Індыю і Непал, а таксама не менш цікавыя — у Францыю, Балгарыю, Польшчу і пра больш звыклыя — у рэспублікі Савецкага Саюза і дарагія сэрцу родныя мясціны. Пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў. 1989–1991” яскрава адлюстраваў новы час нашай гісторыі — перабудова, дэмакратыя, галоснасць, а за імі нечаканае знікненне СССР і нарэшце — незалежнасць Беларусі і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Адбыліся паездкі паэта ва Украіну, Узбекістан, Таджыкістан і Туркменію, а таксама ў Кітай і Францыю. Таксама ў гэтую кнігу, выдадзеную ў серыі “Людзі Беларусі”, як і ў чатыры папярэднія, увайшлі вершы, раней не друкаваныя ў зборніках паэта, а таксама вясёлыя сяброўскія віншаванні, невядомыя фатаздымкі, прысвячэнні і малюнкі.
1 сакавіка 2019 года арганізацыі-заснавальнікі серыі “Людзі Беларусі» запрашаюць усіх прыхільнікаў таленту дзядзькі Рыгора на прэзентацыю пяцітомніка “Дзённікі і запісы”, якая адбудзецца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
На вечарыне выступяць: складальніца пяці тамоў “Дзённікаў і запісаў» Наталля Давыдзенка, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” кнігазнаўца Валер Герасімаў; кіраўнік Беларускага Саюза мастакоў, паэт, мастак Рыгор Сітніца; паэт, эсэіст, былы калега Рыгора Барадуліна па працы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” Леанід Дранько-Майсюк; найбліжэйшы сябра апошніх гадоў жыцця Рыгора Барадуліна музыка Алесь Камоцкі.
Падчас прэзентацыі можна будзе набыць кнігі “Дзённікаў і запісаў” са зніжкай.
Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(Мінск, Траецкае прадмесце, вул. М. Багдановіча, д. 13)
Пачатак: 18.00.
Уваход вольны!