Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як менскiя бабулі ваявалі за касцёл на плошчы Свабоды

26.02.2019 общество
Як менскiя бабулі ваявалі за касцёл на плошчы Свабоды

Гісторыя самага дзіўнага супрацьстаяння ў беларускім спорце.

Бялюткі двухвежавы архікатэдральны касцёл, што месціцца на сталічнай плошчы Свабоды, ужо даўно стаў адной з візітовак сталіцы. Яго выяву часта друкуюць на магнітах і календарах, ён нярэдка трапляе ў разнастайныя рэкламныя ролікі пра Мінск і пастаянна прыцягвае ўвагу замежных турыстаў. Здаецца, такім велічным і прыгожым ён быў заўжды. Але далёка не кожны ведае, што яшчэ 30 гадоў таму ў перабудаваных старых касцёльных памяшканнях дзейнічала спартыўная школа «Спартак». І вернікам у 1990-х прыйшлося літаральна ваяваць за тое, каб ім вярнулі старадаўнюю святыню.

*

Касцёл напачатку 18 стагоддзя за дзесяць гадоў збудавалі езуіты, якія незадоўга да гэтага з’явіліся на землях сучаснай Беларусі. Праз пэўны час барочны храм упрыгожылі званамі і гадзіннікамі, што прывезлі ў Мінск з Данцыга. У 1820-м храм перасвяцілі ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Святыня ніколі ў тыя часы не зачынялася і без перабояў дзейнічала аж да 1917 года.

З прыходам да ўлады камуністаў стаўленне да рэлігіі на землях колішняй Расійскай Імперыі кардынальна змянілася. Бальшавікі масава арыштоўвалі і адпраўлялі ў ГУЛАГ святароў, знішчалі і перабудоўвалі храмы. У беларускіх цэрквах і касцёлах рабілі сховішчы для збожжа і ўгнаення, фабрыкі і канцэртныя залы. А ў мінскім катэдральным касцёле ў перадваенныя гады, калі за «шпіянаж на карысць Польшчы» растралялі ксяндза Адама Пучкара-Хмялеўскага, наогул зрабілі гараж.

Падчас Другой сусветнай вайны паводле рашэння нямецкай камендатуры касцёл на пэўны час адкрылі, і ён прымаў на набажэнствы вернікаў, а падчас баёў, як расказвае гісторык і паэт Антон Рудак, яго сутарэнні выкарыстоўваліся мясцовымі жыхарамі як бомбасховішча. Дзіва, але баявыя дзеянні, што на 80 працэнтаў знішчылі сталіцу, амаль не закранулі храм. Гэта добра заўважна на сацрэалістычнай карціне Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года», якая знаходзіцца у фондах Нацыянальнага мастацкага музея.

Савецкая ўлада хутка знайшла новае прымяненне касцёлу. Спачатку Мінхарчпрам БССР планаваў у ім адкрыць цэх па разліве віна і гарэлкі, але 27 ліпеня 1948 года ЦК КПБ і Савет міністраў прыняў рашэнне перадаць будынак дабравольнаму спартыўна-фізкультурнаму таварыству «Спартак». Неўзабаве храм пачалі перабудоўваць.

- Мой дзядуля Уладзімір Станіслававіч Доўнар нарадзіўся і жыў у доме №15 на плошчы Свабоды. Ён распавядаў, як з сябрамі любіў там [у касцёле] лазіць. Яны ўздымаліся нават на званіцы, бачылі сляды старых роспісаў, – прыгадвае Антон Рудак. – А калі касцёл пачалі перабудоўваць для спартыўнага таварыства, то ў двары з боку апсіды, сярод друзу і будаўнічага смецця, дзед з сябрамі неяк знайшоў залатыя манеты. Золата гэтае яны падзялілі, яго прадалі ці то здалі і на атрыманыя грошы набылі нейкія карысныя рэчы – пераважна вопратку. А дзеду як здабытчыку купілі яшчэ і лыжы.

Святыня ператварылася ў звычайны шэры савецкі гмах, які нічым не адрозніваўся ад іншых будынкаў сталіцы. У 1951 годзе ў ім адкрылі Дом фізкультуры. Усю прастору падзялілі на некалькі паверхаў, якія звязвала вінтавая лесвіца. На першым трэніраваліся барцы, на другім месцілася гульнявая зала, дзе займаліся валейболам, а на трэцім праходзілі заняткі па боксе. У сутарэннях месцілася раздзявальня і стралковы цір. Акрамя таго, у Доме фізкультуры размяшчаліся службовыя памяшканні спартыўнага таварыства.

Так выглядаў касцёл пасля перабудовы

– Яскрава памятаю часы, калі катэдра была спартыўнай залай, – прыгадваў мастак і пісьменнік Адам Глобус. – Там я займаўся вольнай барацьбой. Тады быў культ Аляксандра Мядзведзя і хацелася быць, як ён. У бокс мяне не ўзялі, бо запозна прыйшоў і не было месцаў, а на раёне важна ўмець біцца. У левай вежы была распранальня, а займаліся на самым версе ў прыбудове, якую ўжо знеслі. Прыходзіш на трэніроўку, а трэнер цябе абнюхвае – курыў ты ці не. Калі курыў, будуць біць.

Зімой у гульнявую залу час ад часу прыходзілі хлопчыкі і дзяўчаты, якія займаліся воднымі відамі спорту.

– Я патрапіла туды ў 1985-м ці ў 1986-м. Мне былоў гадоў 17, – кажа былая начальніца баскетбольнага «Гарызонта» Анжаліка Бялевіч, якая пры «Спартаку» займалася акадэмічным веславаннем. – Паколькі веславанне – гэта водная стыхія, мы трэніраваліся тут толькі зімой – гулялі ў футбол ці прыходзілі па талоны на харчаванне. Знешне гэта быў звычайны будынак.

Помню сумныя, шэрыя і халодныя раздзявальні. У зале была драўляная, пафарбаваная ў карычневы колер, падлога, стаялі маленькія міні-футбольныя вароты. Мы ж не ведалі, што там раней быў храм, але калі падняліся ў гульнявую залу, то я ўбачыла роспісы. І тады ў мяне з’явіліся сумневы. Не разумела, як гэта так, мы тут гуляем, а там – роспісы. Але нават і думкі, што гуляем у храме, не было. Даведалася аб гэтым толькі тады, калі яго пазней вярнулі вернікам. І гэта, лічу, было зроблена правільна.

У другой палове 80-х у Савецкім Саюзе сталі актыўна распаўсюджваць усходнія адзінаборствы. Пад уплывам баевікоў з Брусам Лі людзі масава ішлі займацца ў клубы, якія з’яўляліся па ўсім Саюзе. Адным з такіх асяродкаў у Мінску стаў Дом фізкультуры. Кажуць, ахвотных запісацца ў секцыю адзінаборстваў было столькі, што чарга стаяла ажно на вуліцы.

Падчас спаборніцтваў у гульнявой зале Дома фізкультуры.

Неўзабаве былы касцёл ператварыўся у цэнтр падрыхтоўкі па таэквадно, які ў Беларусі актыўна прасоўваў трэнер Аляксандр Боткін. За кароткі час беларусы сталі вядучымі таэквандыстамі ў Саюзе. Вядомы спартсмен і трэнер Анатоль Ліхадзіеўскі, чый спартыўны шлях распачаўся ў Доме фізкультуры, двойчы станавіўся чэмпіёнам Саюза і заваёўваў Кубак СССР па таэквадно. А на Алімпіядзе-1992 СНД у таэквандо прадстаўлялі выключна нашы суайчыннікі: Віталь Бачура, Ала Бычанок, Марыя Зыгмантовіч і Анатоль Ліхадзіеўскі. Тры апошніх з гэтага спісу у сваіх вагавых катэгорыях дайшлі да чвэрцьфіналаў. У новы для краіны спорт, які хутка пачаў даваць вынік, пацягнуліся і дзеці.

Зборная Беларусі пасля ўсесаюзных спаборніцтваў
Фота зроблена ў Доме фізкультуры

Таэквандо ў Доме фізкультуры займаліся ў вялікім памяшканні, дзе калісьці праводзіліся набажэнствы. Каля сценаў віселі грушы, а спарынгавалі спартсмены на месцы былога алтара. Каб упрыгожыць памяшканне і ўзняць маральны дух, на сценах зрабілі надпісы: «Палюбім праўду, якая нас выпраўляе, і адкінем тую, якая нам ільсціць», «Зрабі складанае звычайным. Тады звычайнае стане лёгкім, а лёгкае – прыемным».

А ў алтарнай частцы лацінай вялікімі літарамі было напісана: «Mers tua, vita mea» – «Смерць твая, жыццё маё». На думку Ліхадзіеўскага, сэнс гэтага выслоўя для спартсменаў быў наступны: калі ты прыйшоў змагацца, дык біся да апошняга.

*

На пачатку 90-х разваліўся Савецкі Саюз, Беларусь абвясціла незалежнасць. Змены ў палітычным і грамадскім жыцці краіны закранулі і рэлігію. Праваслаўным і католікам пачалі вяртаць святыні. Дзе з гэтым узнікалі складанасці, вернікі арганізоўвалі пікеты, а самыя самаахвярныя нават ладзілі галадоўкі. У 1990-м католікам вярнулі Чырвоны касцёл, і яны праз пэўны час пры падтрымцы ксяндза Уладзіслава Завальнюка пачалі змагацацца за катэдру. Вернікі пісалі лісты ў Мінгарвыканкам, Саўмін, пачалі ладзіць маштабныя маленні наўпрост на прыступках спартыўнага комплекса і праводзілі працэсіі. На гэтым жа месцы ксёндз Завальнюк адпраўляў набажэнствы.

А таксама спавядаў вернікаў.

Удзельнікі тых падзей прыгадвалі, што звычайныя мінакі не разумелі, чаму людзі стаяць на каленях перад шыльдай з надпісам Дом фізкультуры, а незадаволеныя кіроўцы нават сігналілі. З часам католікам атрымалася ў арэнду выбіць памяшканне пад каплічку на трэцім паверсе, дзе калісьці праводзілі заняткі па боксе.

– Я тады вучылася ў старэйшых класах. Памятаю, як ксёндз Завальнюк у Чырвоным касцёле казаў, каб людзі прыходзілі да катэдры, – прыгадвае хрысціянская спявачка Алеся Унукоўская. – Каля яе было нармальнае касцёльнае жыццё: нядзельная служба, святы, хросты. Была яшчэ і малітва. Такая дэманстратыўная. Людзі голасна маліліся, стоячы на каленях. Збіраліся там пераважна жанчыны сталага веку.

Доўгі час лісты да ўлады не прыносілі плёну – адміністрацыя «Спартака» не збіралася высяляцца з будынка. 8 мая 1993 года газета «Звязда» надрукавала адкрыты ліст інтэлігенцыі да старшыні Вяхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, у якім агучвалася патрабаванне вярнуць храм католікам. Пад ім свой подпіс паставілі мастак Алесь Марачкін, пісьменнікі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Сяргей Законнікаў і іншыя творцы.

Тым часама сітуацыя вакол святыні яшчэ больш накалялася і дайшла да адкрытых сутычак. Ліхадзіеўскі апавядае, што жанчыны даволі часта спрабавалі зрываць трэніроўкі дзяцей і крычалі, каб тыя пакінулі іх будынак. Аднойчы, калі трэнер папрасіў дзяцей не звяртаць на іх увагу, жанчыны ўпалі на калені і папаўзлі па спартыўнай зале, запаўняючы сабой ўсю прастору.

– Але самае страшнае было ў тым, што яны, стоячы на лесвіцы, плявалі ў дзяцей, шчыпалі і калолі іх парасонамі! – кажа суразмоўца.

Словы трэнера пацвярджае таэквандыстка, бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы Марыя Зыгмантовіч.

– Вернікі спачатку пісалі лісты, а потым пачалі ўрывацца ў залу, спрабавалі нас выгнаць, зрывалі трэніроўкі. А часам проста стаялі каля ўвахода, крычалі, абражалі нас рознымі словамі. Даўно гэта было, я не помню ўжо ўсе падрабязнасці.

Але ёсць і іншы погляд на тыя падзеі. У жніўні 1993-га газета «Чырвоная Змена» надрукавала нататку «Спрэчкі на паперці». У гэтым артыкуле гаворка ішла пра тое, што група хлопцаў падчас малітвы атакавала вернікаў. Паводле версіі пацярпелай Эмы Сабалеўскай, адзін з нападнікаў ударыў яе па шыйным пазванку, і яна скацілася па прыступак. Праўда, верніца абмежавалася толькі выклікам хуткай дапамогі. Падаваць заяву ў міліцыю жанчына адмовілася, бо, як патлумачыла яна карэспандэнту, людзей трэба прабачаць.

У эпіцэнтры барацьбы за касцёл апынулася журналістка газеты «Добры вечар» Галіна Калевіч. Яна прыгадвае, што сярод бабуляў сапраўды было некалькі знерваваных і стомленных ад чакання жанчын, якія паводзілі сябе агрэсіўна, аднак большасць людзей, на яе думку, нічога негатыўнага не рабіла.

У выніку 9 снежня 1993 года Савет Міністраў пастановай №831 вярнуў католікам будынак касцёла. Аднак вернікі пэўны час усё роўна працягвалі маліцца на прыступках святыні – спартсмены памяшканне не пакідалі.

– Будынак павінен быў быць перададзены католікам пры ўмове, што яны нам дапамогуць зрабіць рамонт у новай зале, каб было куды пераехаць, – тлумачыць Ліхадзіеўскі. – Але ні залы, ні рамонту не было. А куды нам было ісці?! Нас бы проста выкінулі на вуліцу – і ўсё! Каля тысячы дзяцей! Калі знайшлася зала на вуліцы Сурганава, усё роўна ніхто нічога не хацеў рабіць. З каталіцкай абшчыны было чатыры чалавекі. Я сам прыязджаў з імі туды і казаў, якую працу трэба рабіць. Гэта была зала Акадэмію навук, куды ніхто не хадзіў. Яна была развалена. Падлогу прыйшлося нават мяняць, бо яна была дзіравай і гнілой. Іх [вернікаў] задачай было нас [з касцёла] выгнаць. Мы б самі сышлі, але куды?

У рэшце рэшт 5 лютага 1994 года католікі ўпершыню за паўстагоддзя правялі вялікае набажэнства у катэдры. Узначаліў яго будучы кардынал Казімір Свёнтэк, які ў свой час каля дзесяці гадоў правёў у сталінскіх лагерах.

Адразу пасля імшы над франтонам святыні ўзняўся чатырохметровы драўляны крыж.

А праз тры гады рэкунструяваны касцёл паўторна пасвяцілі.

Святыня нарэшце вярнулася да тых, каму яна належала гістарычна. Праз пэўны час знайшлі сабе сталае памяшканне таэквандысты, якія пераехалі ў спарткомплекс «Спартак» на вуліцу Берута. Так скончылася гісторыя самага дзіўнага супрацьстаяння ў беларускім спорце. Гэта былі складаныя і часам вельмі незразумелыя 90-я...

Тарас Шчыры, «Трыбуна»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]