Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Партызанская пазіцыя

03.03.2019 общество
Партызанская пазіцыя

Cтаражытнаруская народнасць — не існавала як факт, яе прыдумалі. 

Асновай для імперскіх прэтэнзіяў Расіі здаўна быў міф пра Старажытную Русь як агульную калыску саміх рускіх, беларусаў ды ўкраінцаў. Спакон вякоў, маўляў, нашы народы жылі разам, маючы супольны лёс, а любая спроба іх раз’яднаць — «злачынства» і «трагедыя»…

Час ідзе, змяняецца таксама і разуменне Русі. Мы ведаем пра Полацак як сапраўдную калыску нашай дзяржаўнасці, ведаем пра канфлікты нашых князёў з кіеўскімі і наўгародскімі, трагічную гісторыю Рагнеды ды іншае. Пры гэтым ідэалагічныя штампы, датычныя ўсяго «старажытнарускага», жывуць і сёння.

Каб разабрацца і хоць крыху разматаць клубок міфаў, якія стагоддзямі накручваліся вакол паняцця «Русь», мы звярнуліся да гісторыка-медыевіста прафесара Генадзя Семенчука з Гродна. Лекцыя спадара Генадзя атрымалася даволі нефармальнай, лёгкай і меладычнай, таму і падаем яе ў форме афарызмаў або эцюдаў.

Генадзь Семенчук

Гарадзенскі летапіс

Калі мы цікавімся перыядам Русі, варажскім перыядам, то карыстаемся, на жаль, не сваімі крыніцамі. Гэта першасная і вялікая праблема, бяда. Мы чытаем летапісы, напісаныя не ў нас, але ў Кіеве, Ноўгарадзе, Пскове, Галічы, Суздалі і гэтак далей. Мы пакуль не знайшлі (а можа і згубілі назаўжды) нашы полацкія, смаленскія, турава-пінскія, берасцейскія, гарадзенскія летапісы…

Тое, што ў Горадні вялося летапісанне, — для мяне факт бясспрэчны, бо летапісы пісаліся ва ўсіх цэнтрах княстваў. Падобным інтэлектуальным цэнтрам у нас была Барыса-Глебская царква з манастыром пры ёй. Цікава, што на сценах царквы захаваліся літаркі на плінфе, што ўжо кажа пра пісьменнасць мясцовых людзей. А Гарадзенскі летапіс, хто ведае, можа яшчэ пашанцуе знайсці некаму з нас.

Унікальны Усяслаў Полацкі

Напрыклад, бярэм Наўгародскі летапіс, які захаваўся ў копіі XV стагоддзя. На 600 з нечым старонак пра Полацак усяго каля 30 згадак: пяць на часы Рагнеды, адна пра Брачыслава, сем пра Усяслава… У асноўным пішуць негатыў. Яно і не дзіўна, бо спачатку мы іх палілі і рабавалі, пасля — яны нас. Таму, калі бярэм такі летапіс і пачынаем яму верыць, то апісваем сваю гісторыю вачыма суседа. Яна заўсёды аднабаковая.

Паводле суседскіх летапісаў, наш герой — заўсёды шкоднік, бо не хацеў жыць у адзінай Старажытнай Русі, нападаў на ўсіх. Вось яны і пісалі, каб усе навокал нашага героя баяліся, плявалі на яго, лічылі ворагам. Яскравы прыклад пра Усяслава Полацкага, якога летапісец называе «Чарадзеем», «Ваўком» і гэтак далей, бо той нарадзіўся з мяшэчкам на галаве, а таму нібыта быў схільны да кровапраліцця… А мы, замест таго, каб зрабіць яго добрым вампірам, верым кіеўскаму летапісцу, што ён вампір злы: «Ай-ай-ай, Ноўгарад спаліў, ну як нармальны чалавек мог такое зрабіць?!»

Гісторыя Усяслава Полацкага наогул унікальная: гэта быў адзіны кіеўскі князь на той час, які не паходзіў з галіны Яраславічаў. Адзіны выпадак за 300–400 гадоў! Княжыў ён менш за год, але ў летапісах пра гэта наогул нічога, апроч абразаў: баязлівец, чарадзей, уцёк, захапіў уладу незаконна… Але тады, у 1068 годзе, кіеўскім князем магла стаць толькі неардынарная асоба, адна на сотню! І не быў ён ніякім чарадзеем (махлююць нам), а быў неверагодна здольным палітыкам і патрыётам.

Русь — гэта не Расія

Нам казалі пра Старажытную Русь, старажытнарускую народнасць, мову, літаратуру… І гэта, паводле сталінскіх вучоных, была калыска, з якой у дзіўны спосаб, без бацькі і маці, нарадзіліся рускія, беларусы і ўкраінцы. Такі несексуальны шлях нараджэння дзяцей мяне заўсёды засмучваў… І гэтыя падыходы да сёння працуюць не толькі ў акадэмічнай навуцы, але і ў прапагандзе, выхаванні.

Стаўленне да тэмы Русі, дарэчы, вельмі добры маркёр, ці надалей ты «гома саветыкус», ці здаровы сучасны чалавек. Усе гэтыя «Союз нерушимый республик свободных, сплотила навеки Великая Русь…» ці «Мы беларусы з братняю Руссю…» — слухалі ж і нават не задумваліся, як кіргізаў і эстонцаў гэтая Русь «сплаціла». А пад Руссю маецца на ўвазе Расія — усё проста.

Тры падыходы

Усе, хто цікавіцца Руссю, абіраюць адзін з трох метадалагічных падыходаў. Першы — марксісцка-сталінскі, нацыяналістычны ў негатыўным сэнсе. Другі — еўразійскі, імперыялістычны. Ну і трэці — нарманскі, еўрапейскі. Першыя два, насамрэч, вельмі падобныя. Народжаныя яны ў СССР і Царскай Расіі. Для іх характэрны размах і амбіцыі, а таксама жаданне вывесці славянаў на першы план. Ну, і абедзве тэорыі маюць кампенсатарскую функцыю: як толькі ў Расіі дрэнна, яны з шафы выцягваюць свае казкі пра Русь!

Трагічны 1917-ты

Найбольшая трагедыя для расійскай інтэлігенцыі — гэта 1917 год, вынішчэнне і высяленне. І вось, калі гэтыя Салаўёвы і Трубяцкія апынуліся за мяжой, яны, каб сябе супакоіць, выдумлялі канцэпцыю пра Русь — адзіную прастору, якая спалучае ўсё лепшае з Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня.

Галоўны прадстаўнік еўразійскай плыні — Георгій Вярнадскі, геній. З гэтай жа кагорты і Леў Гумілёў. І вось яны шукалі, як патлумачыць Расію ад Курылаў да Варшавы. Адказам і стала еўразійства, дзе Русь — месца сілы, месца развіцця. Паводле іх, працэсы раннесярэднявечнай гісторыі тут — гэта прага князёў, славянізаваных праз жонак, браць у Кітая, перапрацоўваць, аддаваць Візантыі, арабам і гэтак далей. І сёння гэта вельмі нагадвае мадэль Расійскай Федэрацыі. І Пуцін таксама гэтым еўразійствам карыстаецца, гэта і ёсць іх «специфический русский путь»… у нікуды.

Для іх усіх узорам была Русь часоў Уладзіміра, Рурыка, Алега, то бок ад Белага да Чорнага мора. А перыяд раздробленасці для іх — трагедыя. Яны не бачылі ані беларусаў, ані ўкраінцаў, не кажучы пра мардву, меру і іншых. Вельмі паважаю Салжаніцына, але і ён таксама стаяў на гэтых пазіцыях, і мы для яго таксама мала чым розніліся ад расійцаў.

Маўродзін і ідэалогія

Найбольшы вораг для нас — гэта савецкая інтэрпрэтацыя Русі. Пры Сталіне навука наўпрост перастала быць навукай, ператварыўшыся ў дысцыпліну, якая абслугоўвае патрэбы ўлады. Быў такі гісторык-марксіст Пакроўскі, які спрабаваў разглядаць Расію як турму народаў. Дык яго расстралялі. І вучняў яго расстралялі. Ён пісаў як шчыры марксіст, не разумеючы, што пры ўладзе — усё тыя ж расійскія імперыялісты, якія падкарэктавалі рыторыку.

Сталін закруціў усё па-свойму: маўляў, каланіяльная палітыка імперыі заўжды была прагрэсіўнай для ўсіх нярускіх народаў. І прагрэс можа быць адно тады, калі ёсць адзіная маналітная дзяржава. І гісторыкі, якія займаліся тым перыядам (Грэкаў, Маўродзін), адразу напісалі, што Кіеўская Русь — славянская, руская дзяржава, якая несла прагрэс нярускім элементам (балтам, угра-фінам), бараніла іх, дала гарады, новыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы і гэтак далей.

Тое, што завецца старажытнарускай мовай, літаратурай, дзяржавай — адзінай і моцнай — не існавала да часоў Сталіна. Ані пры цары, ані пры ранніх Саветах такі тэрмін не ўжываўся. Упершыню яго ўвёў у навуковы абарот ленінградскі гісторык Маўродзін. І ўсё гэта ўпісвалася ў ідэалогію, дзе «савецкі чалавек» быў вянцом эвалюцыі нейкага міфічнага «старажытнарускага чалавека».

Мода на антынарманізм

Антынарманізм, адмаўленне вядучай ролі вікінгаў у з’яўленні Русі, — не навуковая з’ява, а чыста ідэалагічная. Так было ад самага пачатку, ад спрэчкі Ламаносава ў часы Елізаветы з нямецкімі акадэмікамі, якія будавалі свае аргументы на логіцы і навуковых ведах. Антынарманізм заўжды ўздымаўся ў самыя цёмныя перыяды расійскай гісторыі: параза ў Крымскай вайне, у Руска-японскай, сталіншчына… Вось зараз, пры Пуціне, таксама ў модзе антынарманізм — нічога дзіўнага.

Толькі вікінгі

Яшчэ пару гадоў таму наш Інстытут гісторыі пісаў, што вікінгі не мелі дачынення да паўстання Полацкага княства — дык пан Бог іх пакараў! Ужо другі год яны капаюць археалагічны комплекс на мяжы Полацкага і Шумілінскага раёнаў. Унікальны комплекс вікінгаў! І рыторыку ўжо змянілі: «Та-а-ак, мы вікінгі, толькі вікінгі! Не горшыя за Кіеў і Ноўгарад!» А варта было наўпрост капнуць глыбей, а не перапісваць сталінскія падручнікі.

Партызанская пазіцыя

Нават у СССР сярод навукоўцаў існавала партызанская беларуска-ўкраінская пазіцыя, калі шэптам казалі: «Ведаеш, сапраўды, старажытнаруская народнасць — яе трэба прызнаваць — але яна не існавала як факт, яе прыдумалі…» Найбольш голасна шапталіся выдатнейшы ўкраінскі археолаг і гісторык Міхаіл Абральчэўскі і ягоны аднагодка і сябар, наш археолаг Георгій Штыхаў. Да іх далучаўся Леў Клейн. Вось такая кампанія: украінец, беларус і яўрэй. Яны мелі з гэтага праблемы, а Клейн нават адседзеў у турме...

Іх тэксты зачытваліся да дзірак, як самвыдат Салжаніцына. Так было з украінскамоўным «Паходжаннем Русі» Абральчэўскага або невялічкай брашуркай «Ажываюць сівыя стагоддзі» Штыхава. Апошні, ужо ў 1996 годзе на навуковым кангрэсе ў Ноўгарадзе наогул падняўся і заявіў, што раннюю гісторыю беларусаў, рускіх і ўкраінцаў варта разглядаць без гэтага спрэчнага паняцця — «Старажытная Русь».

Сапраўды ж, Русь можна і трэба разглядаць без ідэалагемаў еўразійцаў і сталіністаў. Можна — і трэба! Без адзінай мовы, літаратуры, калыскі... І як толькі мы так робім, за нашае мінулае ўжо не сорамна, яно прыносіць задавальненне і радасць. А калі філасофія, культура, гісторыя прыносіць радасць, значыць, яна праўдзівая. А калі нас адштурхоўвае, непрыемна, не сваё, ажно перакручвае — значыць гэта нешта не трывалае, не тое.

Русь — вынік заваявання аўтахтонаў

Польскі медыевіст і эмігрант Генрык Пашкевіч найбольш выразна сфармуляваў нарманскую канцэпцыю ўсходнееўрапейскай гісторыі Х–ХІІІ стагоддзяў. Паводле яго, утварэнне дзяржавы Русь — вынік заваявання аўтахтонаў (славянаў, угра-фінаў, балтаў) нарманамі. Гэты час — перыяд бурапеністасці, не толькі войнаў і разбурэнняў, але і змешвання, абмену. Хтосьці ад кагосьці нешта браў, усе вучыліся жыць разам.

Індыкатарам ва ўсім гэтым стаў актыўны ўдзел у нашым жыцці нарманаў. Гэта важна: іх называлі не шведамі ці датчанамі, але нарманамі — паўночнымі людзьмі. На чале мог быць дацкі ці шведскі ярл, але мясцовых нашых з ім магло быць больш, чым яго землякоў. Апынуўшыся на берагах Нёмана, Дняпра, Заходняй Дзвіны, Волгі, нарманы ўжо мелі вопыт кантактаў з дзяржаўнымі ўтварэннямі тых жа англасаксаў.

Вопыт адаптацыі і камунікацыі

Калі нарманы закладалі пад Ваўкавыскам гарадзішча Муравельнік, яны закладалі базу з мэтай не рабаваць, але ўпарадкаваць жыццё. Лагічна, бо ўсіх пагвалціш, парэжаш, а як жыць далей? Яны прыйшлі падрыхтаваныя, узброеныя бачаннем, як будаваць бізнес, гандаль, кантакты. Іх мэтай быў Поўдзень — арабскі халіфат і яго срэбра, тыя самыя манеты (дырхемы), якія ў нас знаходзяць тысячамі. Ну і парча, канешне ж, якую даваў Канстанцінопаль, каб адкупіцца ад нападнікаў. Уявіце, сядзіш сабе пад Ваўкавыскам, захутаны ў візантыйскую парчу, дырхемы перабіраеш… Прыгажосць!

Навукоўцы заўважылі, што нарманы далёка не заўжды былі вышэй у культурным ці гаспадарчым узроўні за тых, да каго яны прыходзілі — славянаў, балтаў. Яны мелі наўпрост большы вопыт адаптацыі і камунікацыі — вопыт кантактаў. І мясцовым такія лідары былі патрэбныя, нарманы іх уцягвалі ў свае глабальныя праекты, каб разам ісці ў шырокі свет.

З Поўначы — значыць русы

У 1127 годзе кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч са сваімі халуямі пайшоў і знішчыў Полацак. Палонных полацкіх князёў не забіў, а выслаў у Візантыю. Праз пару гадоў тыя ўжо фігуравалі ў атрадзе русаў на службе ў кесара, баранілі Візантыю ад арабаў. Тыя, хто выжыў, за службу атрымалі волю ад імператара, вярнуліся і далей ваявалі за Полацак. Што тут важна? Для кіяўлян палачане былі іншымі, крывічамі, а вось для візантыйцаў усе, хто прыходзіў з Поўначы былі русамі! І гэта было нормай для таго часу.

Дарэчы, а навошта кіяўляне напалі на Полацак? Бо тамтэйшыя князі не хацелі ваяваць супраць полаўцаў. Сапраўды, а навошта ім былі тыя полаўцы? Дзе Полацак, а дзе полаўцы?.. І атрымліваецца роўна як сёння: «Ах, вы нас не слухаецеся, яшчэ і Абхазію не прызнаеце, давайце мы вам падатковы манеўр зробім!..» Вось лепш бы князя нашага ў Візантыю выслалі! Самага якаснага рускага.

Міф славянізацыі

Не было ніякай хуткай славянізацыі нарманаў. Адзінкі, якія рабіліся князямі, былі аддаленыя ад штодзённасці і звычаяў большасці людзей, якія пад імі жылі. У ІХ–ХІ стагоддзях не існавала ніякай рускай нацыі, народнасці, супольнасці. Нарманы з’явіліся на тэрыторыі, дзе не існавала сувязяў паміж тымі групамі народаў, якія мы называем славянскімі.

У кожным рэгіёне яны сутыкаліся з нечым новым і іншым. У Старой Ладазе і Ноўгарадзе — з угра-фінамі, ільменьскімі славенамі. У Полацку і Віцебску — з крывічамі. Тут, у Панямонні — з балтамі... Кожны раз было нешта іншае. Але ніколі нідзе яны не сутыкаліся з міфічнай, прыдуманай агульнай славянскай масай. Таму і Русь, створаная нарманамі, ад пачатку была штучным і нетрывалым кангламератам розных супольнасцяў.

Русь — гэта вікінгі

Не шукайце этымалогіі слова «Русь» у нейкім адным кантэксце. У розныя часы, у розных месцах слова мела розныя значэнні. Галоўнае, што гэта ніякі не этнонім, не азнака народу. У фінскім фальклоры захавалася гэтае слова. «Руотсі» — гэта «марскія браты», тыя, хто прыходзіў з мора з рознымі цікавымі прапановамі, накшталт: «Вы нам дзевак і скуры, а мы вам дапаможам!».

Такім чынам, «руотсі», Русь — гэта вікінгі. Гэта сацыяльны тэрмін, азнака для найбольш актыўных і бессаромных гандляроў і паляўнічых за ўсходнім срэбрам і кабетамі. Таксама пазней называлі і княжацкую дружыну, калі Уладзімір ужо ўмацаваўся ў Кіеве, ажаніўшыся з Рагнедай.

Русь — гэта канфесіянім

А яшчэ Русь — гэта канфесіянім. У Візантыі памяталі, што дамовы заўжды падпісвалі з русамі, таму пасля хросту Уладзіміра адзначылі сабе, што з’явілася новая «руская правінцыя». Усе тэрыторыі на паўночным усходзе, якія пасля прымалі праваслаўе, уваходзілі для візантыйцаў у гэтую «рускую правінцыю». Куды даходзіў уплыў Кіеўскай мітраполіі, незалежна ад таго, хто там жыў, — там і была Русь. Гэтак лічылі грэкі ў Канстанцінопалі, гэтак жа — грэчаскія манахі ў Кіеве.

*

Для нашых усходніх суседзяў распад Русі, а пасля ўтварэнне асобных этнасаў (рускіх, украінцаў і беларусаў) — заўжды быў трагедыяй. Таму сваім абавязкам яны лічылі і лічаць зноўку ўсё сабраць, склеіць. Але прычына таго, што мы — беларусы, не ў тым, што гэтую «старажытнарускую калыску» дрэнна трымалі на руках, яна ўпала і разбілася… Прычына ў няспынным працэсе кансалідацыі мясцовых этнакультурных супольнасцяў. У нашым выпадку гэта былі балты і славяне, у выпадку рускіх — угра-фіны і славяне, у выпадку ўкраінцаў — гуны, рэшткі скіфаў, фракійцаў, ілірыйцаў ды тыя ж славяне.

Барацьба канцэпцыяў, нашых бачанняў мінулага працягваецца. І беларусам трэба адваёўваць тут сваё месца, расчышчаць прастору для свайго варыянту. Інакш, не маючы бачання мінулага свайго, а не навязанага звонку, як мы можам прэтэндаваць на канцэпцыю будучыні?

Алесь Кіркевіч, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]