Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чаму людзі выходзяць на вуліцы?

06.03.2019 политика
Чаму людзі выходзяць на вуліцы?

Экалагічныя пратэсты могуць выйсці на іншы ўзровень.

Адразу ў некалькіх рэгіёнах Беларусі разгарнулася барацьба грамадзян супраць забруджання прыроды. Адной з самых “гарачых кропак” супрацьстаяння грамадзянскай супольнасці з уладамі з’яўляецца Берасце, дзе гараджане ўжо больш за год змагаюцца супраць пабудовы акумулятарнага завода.

Гэтае змаганне адметнае тым, што, у адрозненне ад многіх іншых выпадкаў, калі грамадзяне пачыналі пратэставаць супраць небяспечных экалагічных аб’ектаў пасля іх адкрыцця, берасцейцы актывізаваліся яшчэ да запуску завода.

Блогерамі і сябрамі ініцыятыўнай групы была праведзеная вялікая інфармацыйная праца, у выніку чаго, напэўна, ва ўсім Берасці не знойдзеш дарослага чалавека, які не ведаў бы пра патэнцыйныя праблемы ад функцыянавання небяспечнага прадпрыемства.

Лідары пратэстаў выкарыстоўваюць разнастайныя метады для барацьбы, запісваюць кліпы, ладзяць флэшмобы, звяртаюцца да чыноўнікаў і выходзяць на масавыя акцыі штонядзелю. Усе гэтыя ініцыятывы шырока асвятляюцца ў СМІ.

У апошнія месяцы, аднак, эпіцэнтр экалагічных пратэстаў перамяшчаецца на Гомельшчыну, дзе жыхары некалькіх населеных пунктаў выходзяць на вулічныя акцыі ў знак нязгоды з размяшчэннем шкодных заводаў.

Адзін з такіх прыкладаў – Светлагорск. Вось ужо паўтара года ў гэтым райцэнтры вядуцца “пусканаладачныя работы” на заводзе беленай цэлюлозы, які працуе на кітайскім абсталяванні. Увесь гэты час на прадпрыемстве, згодна паведамленням мясцовых жыхароў, здараюцца пазаштатныя альбо аварыйныя сітуацыі, якія суправаджаюцца выкідамі шкодных рэчываў у паветра альбо са сцёкавымі водамі ў Бярэзіну.

На гэтую праблему ўжо звярнулі ўвагу нават украінскія эколагі, якія пачалі дасылаць звароты ў беларускае Міністэрства аховы прыроды. Жыхары вёскі Якімава Слабада, размешчанай каля завода, сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады, падпісваліся ў петыцыі. Іх пратэст, што праўда, саступае па канцэптуальнасці і сістэмнасці берасцейскаму, але відавочна, што калі ўлады не забяспечаць бесперабойную і экалагічную вытворчасць на заводзе беленай цэлюлозы, то пратэст светлагорцаў можа выйсці на іншы ўзровень.

У Гомелі жыхары раёна Навабеліца, стаміўшыся перапісвацца з уладамі наконт выкідаў са шпалернай фабрыкі, таксама масава выйшлі на вуліцу. На сустрэчы з абуранымі грамадзянамі прысутнічалі прадстаўнікі прадпрыемства і мясцовых уладаў, але, відавочна, у іх няма столькі паўнамоцтваў і палітычнай волі, каб заспакоіць грамадства. Такім чынам, гэты канфлікт таксама патэнцыйна можа перарасці ў больш маштабнае супрацьстаянне.

Інтэнсіфікацыя экалагічных пратэстаў у Беларусі выкліканая супрацьлеглымі тэндэнцыямі: імкненнем уладаў правесці індустрыялізацыю і натуральным жаданнем людзей жыць у чыстым навакольным асяроддзі. Улады імкнуцца выцягнуць з багны эканамічнага застою гаспадарку за кошт новай хвалі індустрыялізацыі, прычым бярэцца за ўзор кітайская мадэль, дзе экалогія прынесеная ў ахвяру прамысловай мадэрнізацыі.

У выніку, Кітай стаў суцэльнай зонай экалагічнага бедства і адным з асноўных забруджвальнікаў планеты. Беларускае грамадства такая перспектыва, без сумневу, не надта радуе. Беларусаў можна папракнуць шмат у чым, але толькі не ў тым, што яны не любяць сваю зямлю, свае лясы і рэкі, якія, дарэчы, пры ўмелым карыстанні прынясуць дзяржаўнай казне куды больш сродкаў, чым дзясятак “смярдзючых заводаў”.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]