На прoфсаюзных лідараў пачаўся чарговы ціск.
Адзін з фігурантаў палітычна матываванай “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік распавёў сайту palitviazni.info пра тое, што на прфсаюзных лідараў пачаўся чарговы ціск.
“Я напісаў скаргу на імя начальніка аддзела прымусовага выканання Фрунзенскага раёна і падаў хадайніцтва, каб выканаўчая справа была прыпынена да таго часу, пакуль дакладна не высветляць, якая за мной застаецца запазычанасць”, – кажа суразмоўца.
Нагадаем, што аддзелы прымусовага выканання Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Мінска распачалі выканаўчую справу ў дачыненні да лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
З улікам канфіскаваных падчас ператрусаў грошай у жніўні 2017 года Фядынічу і Комліку заставалася выплаціць каля 4 тысяч беларускіх рублёў. Але судовыя выканаўцы хочуць спагнаць больш за 50 тысяч паводле прысуду па “справе прафсаюзаў”, а таксама за правядзенне экспертыз і кампенсацыю дзяржаўнай пошліны.
– У звязку з гэтым і наклалі арышт на кватэру Фядыніча, мой аўтамабіль “Пежо-308”, а таксама на прычэп да яго, – кажа Ігар Комлік. – Але сітуацыя атрымліваецца дзіўная. Згодна з вынесеным нам прысудам, грашовыя сродкі, якія ў нас забралі падчас вобшукаў, павінны былі пайсці ў залік пагашэння іску, дзяржаўнай пошліны і іншых працэсуальных выдаткаў.
Аднак судовыя выканаўцы даслалі нам паперы з сумай без уліку гэтых забраных падчас ператрусаў грошай. Хаця па законе яны павінны былі канфіскаваную валюту, якая знаходзіцца ў следчых, перавесці ў рублі, паведаміць нам, па якім курсе прайшоў абмен і ці павінны мы пасля гэтага яшчэ што-небудзь.
– Акрамя гэтага, яшчэ вылічваюць 50 працэнтаў прымусовага збору з вашага заробку?
– Так, хаця не разумею, навошта гэта рабіць? Я ж не адмаўляўся плаціць добраахвотна і папрасіў судовых выканаўцаў даць мне даведку, якая сума пагашана і колькі яшчэ неабходна заплаціць. Сітуацыя мяне абурае, бо, напрыклад, аўтамабіль я зараз не магу прадаць альбо аформіць яго на іншага чалавека.
Таму я і напісаў скаргу на імя начальніка аддзела прымусовага выканання Фрунзенскага раёна і падаў хадайніцтва, каб выканаўчая справа была прыпынена да таго часу, пакуль дакладна не высветляць, якая за мной застаецца запазычанасць.