Нашыя продкі спрадзяваліся адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае.
У 1812 годзе французскі імператар Напалеон пачаў вайну з царом Аляксандрам I. Расейскія гісторыкі называюць тую вайну Айчыннай, гэта значыць такой, калі, баронячы Радзіму, супроць захопнікаў падымаецца ўвесь народ. Але для Беларусі вайна 1812 года была зусім інакшай.
Нашыя продкі не лічылі Расейскую імперыю Айчынай і не хацелі бараніць яе. Пазбавіўшы ліцьвінаў-беларусаў незалежнасці, царская ўлада ператварыла Беларусь у сваю калонію. Жыхары Літвы-Беларусі спадзяваліся, што Напалеон вызваліць іх з цяжкага прыгнёту і дапаможа адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае.
15 тысяч рэкрутаў за год
Напалеон Банапарт, якога ў 1804 годзе абвясцілі французскім імператарам, быў выдатным палкаводцам. Ён атрымаў мноства бліскучых перамог і здолеў усталяваць уладу амаль над усёй Еўропай. Расея не магла змірыцца з тым, што Францыя робіцца галоўнай дзяржавай на еўрапейскім кантыненце, і рыхтавалася да вайны. Галоўны цяжар падрыхтоўкі, як заўсёды, клаўся на паняволеныя народы.
На абшары колішняга Вялікага Княства Літоўскага стаялі дзве царскія арміі колькасцю 157 тысяч салдат і афіцэраў. Беларусы мусілі забяспечваць іх правіянтам. У артылерыю забіралі найлепшых коней. Нашмат павялічылі набор рэкрутаў, якім было наканавана служыць цару 25 гадоў. Амаль ніхто з іх не меў шанцаў вярнуцца дадому жывым. За адзін толькі перадваенны 1811 год у беларускіх губернях забралі ў расейскае войска 15 тысяч маладых беларусаў. А наогул рэкруты з нашых земляў складалі тады пятую частку ў царскім войску, хоць на абшары Беларусі жыло ўсяго восем працэнтаў насельніцтва Расейскай імперыі.
Расея рыхтавалася нанесці першы ўдар, але Напалеон апярэдзіў Аляксандра І…
Армія французскага імператара
Для паходу на Расею французскі імператар падрыхтаваў велізарнае 600-тысячнае войска. Напалеон называў гэтую збройную сілу Вялікай арміяй.
Войска лічылася французскім, але французаў у ім было меней за палову. Астатнія жаўнеры і афіцэры паходзілі з Аўстрыі, Прусіі, Галандыі, Швейцарыі… Вялікая армія размаўляла на двух дзясятках моваў. Пад сцягі Напалеона стала шмат італьянцаў і палякаў. Італьянцы марылі пра адзінства і незалежнасць раздробленай Італіі. Сваю дзяржаву ў ранейшых межах спадзяваліся з дапамогаю французскага імператара адрадзіць і палякі.
У Вялікай арміі служылі тысячы беларусаў-ліцьвінаў, што апынуліся за мяжой пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай і задушэння вызвольнага паўстання на чале з Тадэвушам Касцюшкам і Якубам Ясінскім. Нашых суайчыннікаў вяла вера ў аднаўленне незалежнасці Вялікага Княства.
Чакалі і шляхта, і сяляне
На нашых землях напалеонаўскія войскі ўжо даўно з надзеяй чакала большасць насельніцтва. Шляхта збірала грошы для французаў, што трапілі ў расейскі палон у 1807 годзе. Сяляне верылі выдадзеным па-беларуску ўлёткам з абяцаннем скасаваць прыгон, якія пашыралі прыхільнікі Напалеона. Каталіцкае і вуніяцкае духавенства разлічвала пазбыцца ўведзеных расейцамі шматлікіх абмежаванняў.
З перахопленых лістоў, а таксама з данясенняў віжоў-шпегаў расейскія ўлады часта даведваліся пра намеры шляхты і месцічаў служыць у Вялікай арміі. Гэтых «врагов государя и Отечества» арыштоўвалі і судзілі. Іх маглі чакаць смяротная кара або пажыццёвая служба ў царскім войску. Адзін з такіх асуджаных шляхціч Адам Чарноцкі мусіў цягнуць салдацкую лямку ў Бабруйску. Ён здолеў збегчы ды перайсці мяжу і ўступіў у корпус французскага маршала Даву. Чарноцкі перадаў свайму камандзіру план важных расейскіх умацаванняў — Бабруйскай фартэцы.
Яшчэ за тры гады да паходу на Расею палкоўнік Тадэвуш Тышкевіч, што служыў у войсках Напалеона Банапарта, пісаў яму ў рапарце: «У маёй краіне ад Нёмана да Дзвіны сэрцы людзей адкрытыя да Вас».
«Слава вызваленцам!»
У купальскую ноч 1812 года Вялікая армія пераправілася цераз Нёман, па якім тады праходзіла мяжа Расейскай імперыі.
Праз чатыры дні Напалеон ужо ехаў па вуліцах Вільні. Сталіца Айчыны нашых продкаў сустракала французскага імператара як героя. Горад грымеў воклічамі «Слава вызваленцам!» Шляхцянкі кідалі пад ногі Банапарту, ягоным генералам і афіцэрам букеты кветак. Ліцвінская арыстакратыя ладзіла ў гонар вызваленцаў багатыя пачосткі ды балі.
Першым пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў горад увайшоў беларускі кавалерыйскі полк князя Дамініка Радзівіла. Шмат ліцьвінаў ваявала і ў палках польскага генерала Юзафа Панятоўскага. Адразу распачаўся запіс у Вялікую армію. Служыць у ёй выказалі жаданне амаль усе студэнты Віленскага ўніверсітэта. Узяць у рукі зброю імкнуліся шмат шляхцічаў і людзей з мяшчанскага стану.
Самая ўрачыстая сустрэча была наладжаная ў Менску французскаму маршалу Даву. Віншавальныя прамовы гучалі ў іншых беларускіх гарадах. Вялікую армію віталі каталіцкія і вуніяцкія святары. Яшчэ перад паходам Напалеона яны, нягледзячы на загад царскіх уладаў, адмаўляліся называць у сваіх храмах французскага імператара Антыхрыстам — галоўным ворагам Ісуса Хрыста.
Банапарту прысягнуў былы ігумен віленскага праваслаўнага Святадухаўскага манастыра, а тады епіскап магілеўскі і віцебскі Варлам ды магілеўскае праваслаўнае духавенства. Епіскап падпісаўся пад зваротам пра далучэнне Магілеўскай губерні да адроджанага Вялікага Княства. Аднадумцам і паплечнікам уладыкі Варлама быў ігумен Арэст. Абодва спадзяваліся стварыць незалежную ад Масквы Беларускую праваслаўную царкву.
Пра тое, з якім уздымам нашы прадзеды чакалі і сустракалі напалеонаўскую армію, можам прачытаць у славутай паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Яе героі верылі, што «сам Бог з Напалеонам», а значыць, кожны патрыёт-ліцьвін павінен быць у ягоных шэрагах, каб прынесці роднаму краю вызваленне.
Царскія чыноўнікі ўслед за войскам уцякалі на ўсход, і шляхта для кіравання губернямі і паветамі стварала свае камісіі. Сялянства таксама глядзела на французаў з надзеяй, бо чула, што ў Варшаўскім герцагстве Банапарт ужо скасаваў прыгон. На пачатку вайны сяляне часта дапамагалі напалеонаўскім жаўнерам: паказвалі ім дарогу, хадзілі ў выведку, разам нападалі на маёнткі верных цару памешчыкаў.
У тыя дні ў сэрцах людзей жылі светлыя мары і спадзяванні. Мала хто задумваўся, чаму адмовіўся ўдзельнічаць у вайне Тадэвуш Касцюшка, які жыў тады ў Францыі.
Аднаўленне Вялікага Княства
Напалеон Банапарт добра разумеў, наколькі важна палітыку ведаць гісторыю. Яшчэ ў Парыжы, перад тым, як выехаць да сваіх жаўнераў, ён прысвяціў некалькі дзён вывучэнню мінулага тых мясцін, куды накіроўваў Вялікую армію. Імператару паведамілі пра мары ліцьвінаў не толькі вызваліцца ад расейскай няволі, але і адрадзіць былую дзяржаву.
У Вільні Напалеон падпісаў указ пра аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага з ранейшай сталіцай. Княства складалася з Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губерняў і Беластоцкай вобласці, перайменаваных у дэпартаменты. Кожны дэпартамент меў ваеннага губернатара-француза.
У Часовы ўрад Княства ўвайшлі паважаныя асобы са знакамітых ліцьвінскіх родаў: Аляксандр Сапега, Францішак Ельскі, Язэп Серакоўскі, Кароль Прозар, Аляксандр Патоцкі. Камітэт народнай адукацыі і рэлігіі ўзначаліў рэктар Віленскага ўніверсітэта славуты вучоны Ян Снядэцкі. Кіраўніком урада стаў граф Станіслаў Солтан.
Дзеля падтрымання парадку ў адроджаным Княстве стварылі сваю паліцыю. Пачалося фармаванне ўзброеных сілаў, якія сталі часткаю напалеонаўскай арміі. Туды ахвотна ўступалі і сяляне. Пасля шасцігадовай службы ім абяцалі вызваленне ад прыгону і зямельны надзел. Усе жаўнеры-ліцьвіны мелі на вайсковай форме кукарды з «Пагоняй».
Нашы продкі ў гвардыі Напалеона
У Вільні Банапарт выдаў таксама дэкрэт пра стварэнне з ліцвінскіх шляхцічаў-добраахвотнікаў 3-га кавалерыйскага палка Імператарскай гвардыі. Для таго, каб зрабіцца гвардзейцам, мала было аднаго жадання. У напалеонаўскую гвардыю залічалі самых адважных, дужых і дысцыплінаваных ваяроў, якія ўжо мелі добры досвед баявых дзеянняў.
Камандаваў 3-м уланскім палком генерал Ян Канопка родам з-пад Слоніма. Ён надзеў вайсковую форму пятнаццацігадовым юнаком. Пазней Канопка браў удзел у вызвольным паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. За мужнасць у баях паўстанцкі правадыр узнагародзіў Яна пярсцёнкам з надпісам: «Айчына свайму абаронцу». Як і многія ліцьвіны, пасля паўстання Канопка апынуўся ў Францыі і ўступіў у армію Напалеона Банапарта. З ёю прайшоў тысячы кіламетраў баявых дарог і вызначыўся ў многіх бітвах. У 1811 годзе Ян Канопка атрымаў званне генерала і найвышэйую вайсковую ўзнагароду — Залаты крыж ордэна «Virtuti Militari».
У 3-м гвардзейскім палку служыла нямала нашчадкаў вядомых ліцьвінскіх родаў: Валовічаў, Ромераў, Плятэраў, Пузынаў, Пуслоўскіх, Тышкевічаў, але большасць складалі дзеці дробнай і беззямельнай шляхты. Да палка далучыўся эскадрон беларускіх татараў на чале з Мустафой Ахматовічам. Гвардзейцы-татары здабылі славу як выдатныя выведнікі.
Шмат беларусаў-ліцьвінаў неслі службу і ў гвардзейскім уланскім палку генерала Вінцэнта Красінскага. Наогул жа, у гвардыі Напалеона ў 1808–1815 гадах налічвалася паўтары тысячы нашых суайчыннікаў. Зазіраючы наперад, трэба адзначыць, што яны заўсёды вызначаліся гераізмам ды захавалі вернасць прысязе і пасля адыходу напалеонаўскіх войск назад за Нёман.
35 гвардзейцаў-ліцьвінаў Напалеон узяў з сабой у першую высылку на востраў Эльба. Яны складалі амаль палову ганаровай «Эльбаўскай арміі». Пасля высадкі Банапарта на французскі бераг у сакавіку 1815 года ліцьвіны-беларусы ішлі ў авангардзе ягонага маленькага войска, якое пераможна вярнулася ў Парыж. У тыя гады пяцьдзясят аднаго ліцьвінскага гвардзейца ўзнагародзілі ордэнам Ганаровага легіёна. Пяцёра атрымалі самую высокую французскую ўнагароду двойчы, а двое — тройчы.
Ваяры з Беларусі бралі ўдзел і ў апошняй бітве Напалеона пад Ватэрлоа.
Больш даведацца пра тую цікавую старонку беларускай гісторыі вы зможаце, прачытаўшы кнігу даследчыка Уладзіміра Лякіна «Ліцьвіны ў гвардыі Напалеона». Пры канцы кнігі аўтар змясціў 1108 адшуканых імёнаў нашых гвардзейцаў. Магчыма, сярод іх знойдзеце і сваіх продкаў.
Ад Вільні да Віцебска
Напалеон разлічваў паасобку разбіць расейскія арміі паблізу ад мяжы і прымусіць Расею падпісаць мір. Але царскія генералы вырашылі не ўступаць у вырашальную бітву, пакуль не аб’яднаюць войскі. Французы ж імкнуліся сарваць гэты план. Каля Кобрына і Міра, блізу вёсак Гудзевічы на Гарадзеншчыне, Салтанаўка на Магілёўшчыне з першых дзён вайны ішлі крывавыя баі.
У ліпені вялікая бітва адбылася каля вёскі Клясціцы, што пад Полацкам. Сам Полацак французы занялі без цяжкасцяў. Адсюль адкрываўся шлях на расейскую сталіцу Санкт-Пецярбург. Тры дні на беразе ракі Дрыса кіпела бітва. Расейцам усё ж удалося спыніць наступ напалеонаўскіх палкоў на Пецярбург. Пад Клясціцамі быў смяротна паранены таленавіты генерал Якаў Кульнёў, дзяцінства якога прайшло ў Віцебскай губерні. Напалеон высока цаніў адвагу праціўніка. Даведаўшыся пра геройскую смерць генерала, французскі імператар паслаў у Парыж адмысловага ганца з лістом, дзе называў Кульнёва адным з найлепшых афіцэраў-кавалерыстаў, з якімі ён сустрэўся ў баях.
Да жніўня Напалеон заняў амаль усе беларускія землі. Роўна праз месяц пасля Вільні Напалеон уступіў у Віцебск. На падыходах да горада, каля мястэчка Астроўна, расейскія войскі зноў сустрэліся з французамі. Бой быў такі цяжкі, што на кожным метры дзесяцівярстовай дарогі ад Астроўна да Лучосы ляжаў забіты ці паранены.
Дзень нараджэння імператара
У Віцебску французскі імператар рыхтаваўся да свайго 43-га дня нараджэння. Ён быў у гуморы. Нягледзячы на цяжкія страты, ягоныя войскі прайшлі ад Нёмана сотні вёрстаў і набылі яму пяць мільёнаў новых падданых.
Паўсюль у беларускіх гарадах вывешвалі партрэты французскага імператара. Газеты пісалі пра добраахвотнікаў, што запісваюцца ў Вялікую армію, і пра ахвяраванні на яе патрэбы. Князёўна Радзівіл ахвяравала дзесяць валоў і дванаццаць бараноў, а нейкі незаможны шляхціч з-пад Наваградка — некалькі фунтаў масла і рэшата яек. Такіх прыкладаў было вельмі багата.
Святкаванне імянінаў Напалеона ў Менску распачалося раніцой сапраўдным канцэртам званоў гарадскіх храмаў. Муніцыпалітэт (гарадское кіраўніцтва) абвясціў пра перайменаванне пляца Верхні рынак у пляц Напалеона. Увечары ў тэатры паказалі спектакль «Вызваленая Літва, або Пераход Нёмана» паводле п’есы пісьменніка Яна Ходзькі. Шэсць тысяч менчукоў сабраліся на святочны маскарад з багатай ілюмінацыяй, усе прыбыткі ад якога былі ахвяраваныя на французскі вайсковы шпіталь.
Вядома, што ў свой першы віцебскі дзень Напалеон адшпіліў шпагу, тэатральна кінуў яе на завалены вайсковымі картамі стол і абвясціў: «Тут я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй адпачынак і займуся ўладкаваннем гэтай краіны. Паход 1812 года — закончаны!» З Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў Напалеон меркаваў стварыць яшчэ адну падуладную яму дзяржаву пад назваю Беларусь.
Гэтым часам у напалеонаўскім войску служыла прыблізна 25 тысяч беларусаў.
Хто ведае, што сталася б, каб французскі імператар сапраўды спыніўся? Аднак неўзабаве ён перадумаў і, тамсама ў Віцебску, пастанавіў ісці на Маскву.
Пяць пудоў жыта з двара
Хоць прамінула ўсяго паўтара месяца вайны, прыхільнікі Напалеона ў нашай краіне адзначалі яго дзень нараджэння ўжо не так радасна, як віталі пачатак паходу. Заняўшы беларускія землі, Напалеон аб’явіў іх вызваленымі ад расейскага прыгнёту і не скупіўся на шчодрыя абяцанні. Не ўсе разумелі, што французскі імператар вёў сваю гульню. Ён марыў пра панаванне над усім светам, а лёс таго ці іншага народа не надта хваляваў яго.
За абяцанне аднавіць Вялікае Княства Літоўскае Напалеон патрабаваў 100-тысячнае войска і велізарную колькасць харчовых прыпасаў для Вялікай арміі. Часовы ўрад Княства не стаў сапраўдным гаспадаром краіны. Ён не меў права прымаць пастановы без згоды французскага камісара, а таго найбольш цікавіла забеспячэнне Вялікай арміі прадуктамі і фуражом.
Сяляне марна чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права. Замест гэтага ён падпісваў усё новыя і новыя загады пра паборы. Французы гойсалі па вёсках, пакідаючы за сабою пустыя каморы, хлявы і адрыны. Пад выглядам добраахвотных ахвяраванняў салдаты збіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы ды па пяць пудоў жыта і аўса. У жніўні Напалеон выдаў загад, згодна з якім Вялікая армія павінна была атрымаць ад беларускіх губерняў 53 тысячы кароў і 628 тысяч тон збожжа.
Надзеяў на французскага імператара заставалася ўсё менш і менш. Сяляне браліся за косы ды сякеры і стваралі партызанскія аддзелы, каб бараніцца ад рабункаў.
Паспяховымі нападамі на чужынцаў праславіліся партызаны з прыдзвінскай вёскі Жарцы пад Полацкам. Напярэдадні Барадзінскай бітвы Банапарт вымушаны быў накіраваць ажно 10 тысяч жаўнераў на дапамогу 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны амаль што трымалі ў аблозе.
Ад тых часоў захавалася паданне, як у ваколіцах Віцебска Напалеон запытаўся ў бабулі-сялянкі, каму яна зычыць перамогі ў вайне: французам або расейцам. Мудрая беларуска смела і дасціпна адказала імператару: «Хачу, каб вы загналі расейцаў так далёка, што не вярнуліся б ні яны, ні вы».
Уцёкі ў чужым мундзіры
На пачатку верасня каля вёскі Барадзіно за 125 кіламетраў ад Масквы адбылася адна з самых буйных бітваў ХІХ стагоддзя. З французскага і расейскага бакоў тут сышлося больш за 250 тысяч жаўнераў. У напалеонаўскім войску пад Барадзіном ваявала кавалерыя Дамініка Радзівіла, тысячы беларусаў-добраахвотнікаў, у расейскай арміі — іхнія паднявольныя землякі-рэкруты. Сучаснікі тых падзей з болем пісалі, што брат мусіў ісці на брата.
Барадзінская бітва не выявіла пераможца. Напалеону ўдалося заняць Маскву, але разбіць царскую армію ён так і не здолеў. У кастрычніку французы пачалі адступаць. Расейскія войскі, нярэдка з дапамогаю партызанаў, выбілі войскі Банапарта з Полацка, Віцебска, Магілёва...
Жорсткія баі паміж карпусамі Напалеона і царскімі войскамі адбыліся ў лістападзе на берагах Бярэзіны. Рашучым контрударам французскі імператар прымусіў расейцаў пакінуць Барысаў і пераправіў свае сілы на другі бок ракі. Цяпер на месцах тых баёў, каля вёскі Студзёнка і на Брылёўскім полі паблізу Барысава, створаны мемарыял.
Адступленне яшчэ нядаўна магутнай Вялікай арміі ўсё больш нагадвала ўцёкі.
У беларускім мястэчку Смаргонь Напалеон пераапрануўся ў мундзір польскага ўлана і пад чужым імем пакінуў армію. Недзе ў Беларусі, магчыма, на дне аднаго з нашых шматлікіх азёраў, застаўся ляжаць напалеонаўскі залаты скарб, які яшчэ называюць «залатой карэтай».
Апошні бой на радзіме рэшткі войска Вялікага Княства Літоўскага вялі 10 снежня 1812 года на вуліцах Вільні. З царскімі салдатамі мужна біліся егерскі батальён Плятэра, віленскія гвардзейцы палкоўніка Казельскага, татарскі эскадрон Ахматовіча.
Французскі імператар паабяцаў маршалам і прыдворным, што праз год прывядзе 300 тысяч жаўнераў і ўсё адно паставіць Расею на калені. Але тыя планы не здзейсніліся. Часовы ўрад Вялікага Княства яшчэ блізу года працаваў у Варшаве, Кракаве і Дрэздэне, марна спадзеючыся, што ўрэшце вернецца ў Вільню.
У выгнанні, на закінутым у акіяне востраве Святой Алены, Банапарт прыйшоў да высновы, што прычынай яго разгрому ў 1812 годзе былі ваенныя, а найперш палітычныя памылкі, зробленыя на нашай зямлі. Аўтар гэтых радкоў напісаў пра Напалеона-выгнанца, які ва ўспамінах зноў і зноў вяртаецца ў Беларусь, аповесць «Сны імператара». Гэты твор пераносіць чытача ў Вільню, Віцебск, Смаргонь ды іншыя мясціны на беларускім шляху Вялікай арміі…
Мільён магіл і бясконцыя рабункі
У 1812-м Беларусь страціла мільён жыхароў, чвэрць усяго насельніцтва. Адны загінулі ў баях, другія памерлі ад голаду і пошасцяў. У асобных гарадах насельніцтва скарацілася ў тры разы. Пад час адступлення напалеонаўскія жаўнеры займаліся непрыхаваным рабаваннем мірнага насельніцтва. Каб раскласці вогнішча і сагрэцца, яны разбіралі сялянскія хаты. У полымі часта гінулі бібліятэчныя, архіўныя і мастацкія зборы шляхецкіх маёнткаў.
Многія беларускія сяляне, якія змагаліся з французамі ў партызанскіх аддзелах, атрымалі за баявыя заслугі царскія медалі і крыжы, але прыгон пасля вайны толькі ўзмацніўся. Былых партызанаў, якія палічылі сябе за вольных людзей і адмовіліся ісці на паншчыну, памешчыкі загадвалі бязлітасна секчы бізунамі. Чаканне адмены прыгоннага права перакрэслілі словы цара Аляксандра І: «Мужыкам Бог аддзячыць».
Расейцы рабавалі палацы і замкі нашых арыстакратаў, якія падтрымалі Напалеона. З радзівілаўскага Нясвіжа царскія адмірал Чычагаў і генерал Тучкоў з памагатымі вывезлі на ўсход сорак вазоў найбагацейшых калекцый: творы беларускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, даўнейшую зброю і музычныя інструменты, каштоўныя кнігі ды рукапісы. Частка нарабаванага трапіла потым у царскія скарбніцы і зборы пецярбургскага Эрмітажа. Углыб Расейскай імперыі з Нясвіжа вывезлі больш за 12 тысяч старадаўніх манет і медалёў. Потым дайшла чарга да геаграфічных карт, паляўнічых стрэльбаў, дываноў і фіранак. Шамбеляна (каменданта) Нясвіжскага замка і слугаў, што таксама захавалі вернасць гаспадару, — князю Дамініку Радзівілу, які ваяваў на баку Банапарта, — расейцы бясконца дапытвалі і катавалі. Яны так хацелі даведацца, дзе галоўныя нясвіжскія скарбы, што некалькіх княскіх слугаў закатавалі да смерці.
Царскія ўлады жорстка каралі прыхільных да Напалеона святароў і царкоўных уладыкаў. Епіскапа магілеўскага і віцебскага Варлама абвясцілі дзяржаўным злачынцам. Яго пазбавілі сану і зрабілі простым манахам, а затым пажыццёва зняволілі ў манастыры, забараніўшы нават пісаць лісты сваякам. Неўзабаве былы ўладыка, які марыў пра самастойную беларускую царкву, страціў здароўе і аслеп.
Тысячы нашых землякоў, якія служылі ў напалеонаўскай арміі, мусілі адступіць за мяжу і ваяваць на чужыне. Апошнія жаўнеры і афіцэры з войска Вялікага Княства вярнуліся на радзіму, калі скончыўся тэрмін іхняй шасцігадовай службы.
Пасля вайны 1812 года тыя, хто марыў вызваліць Айчыну ад расейскага панавання, зразумелі, што трэба разлічваць толькі на ўласныя сілы.
Уладзімір Арлоў, «Новы Час»