У дэмакратычнай Беларусі будзе створаны музей, прысвечаны абсурду сістэмы, у якой мы існавалі.
Кожны новы факт дзікунскага вандалізму на святой тэрыторыі народнага мемарыялу ў Курапатах, які захоўвае жалобную памяць пра ахвяраў масавых сталінскіх рэпрэсій, выклікае ў выхаванага, культурнага чалавека не толькі абурэнне, але і вялікую занепакоенасць маральным станам грамадства.
Рэгулярнасць актаў вандалізму ў месцах ушанавання гераізму змагароў за незалежнасць Айчыны або вечнага спачыну ахвяраў камуністычнага рэжыму наводзіць на сумную думку, што аўтарытарная ўлада задаволена ганебным становішчам, разгулам цемрашальства. Калі б гэта было не так, то злачынцы даўно б знайшліся і панеслі б суровае пакаранне, каб стала непавадна іншым мярзотнікам.
Неабыякавых грамадзян даймаюць пытанні: хто ж канкрэтна стаіць за амаральным паскудствам, якое бытуе дзесяцігоддзямі, хто клапатліва апякуе яго, чаму ўплывовых правакатараў з шэрагаў «нябачнага фронту» не бяруць за вуха і не выцягваюць на сонейка, каму выгадна падзяляць насельніцтва на «нашых» і «нянашых»? Яны прыходзяць да высновы, што злачынную гнюсь, якая спадцішка псуе чыстае паветра беларускага супольнага жыцця, гадуе і хавае ад гневу народа ў цемры сакрэтнасці сам аўтарытарны рэжым.
Я добра памятаю прыезд 15 студзеня 1994 года амерыканскага прэзідэнта ў Беларусь і як усталёўвалі вядомую ўсім «лаўку Клінтана» ў Курапатах. Сёння можна пасмейвацца над нібыта «нязначнай падзеяй», але тады (да нашага агульнага ведама!) адбыўся прарыў незалежнай краіны ў вялікі свет. Каму ж так замінае сімвал паразумення паміж народамі, што яго трэба знішчаць?
Мяне абсалютна не кранае тое, што кожная важная грамадская праблема абрастае ў інтэрнэце правакацыйнымі, мярзотнымі ўкідамі. Гэта сакрэтныя агенты адпрацоўваюць сваю зарплату, абараняючы не дзяржаву, а ўзурпатара ўлады, гвалтоўную сістэму. Але іхнія «творы» лёгка вылічыць, бо працуюць яны груба і прымітыўна.
Больш трывожаць развагі не казённых цэрбераў і завербаваных імі «ціхушнікаў», а рэальных грамадзян — як у сацыяльных сетках, так і пры асабістых сустрэчах. Многія людзі не заўважаюць і не разумеюць, што з трыбун, у СМІ, кіно, тэатры ў Беларусі і ў Расіі ціхай сапай адбываецца апраўданне «чырвонага тэрору», крывавага таталітарызму, бальшавіцкага лозунгу «Кто не с нами, тот против нас!».
Ідзе падцягванне сучасных аўтакратаў да культу, які меў калісьці дыктатар І. Сталін. Але як бы ні стараліся прыдворныя ідэолагі, прапагандысты, журналісты, кіношнікі, артысты і іншая чэлядзь, ды нічога не атрымаецца. Паводле слоў расійскага музычнага крытыка А. Троіцкага вядомасць У. Пуціна можна параўнаць з папулярнасцю спевака С. Міхайлава. Сюды дадаецца і А. Лукашэнка. Кожны ў тройцы падобны сваімі папулісцкімі паводзінамі.
Час паказаў, што беспрынцыпнае шкадаванне народнымі масамі на кожных выбарах агрэсіўных, нахабных і зламысных індывідаў, якія зацыклены на ўладзе і прысвоілі сабе ролю «месій», немінуча прыводзіць да ўсталявання «адміністратыўнага тэрору», бязлітаснай эксплуатацыі мільёнаў людзей, да знікнення палітычных супернікаў і апанентаў.
Зноў, як пры Сталіне, у Беларусі і ў Расіі пануе страх і здранцвенне. Душы беларусаў і расіян сціснулі разгубленасць, пасіўнасць.
Людзі нават не спрабуюць выпраўляць ганебнае становішча, у якое трапілі, плывуць туды, куды нясе мутная аўтарытарная плынь. Карабель пад назвай «cаюзная дзяржава» ўпарта кіруецца на скалы. Але адказнасць за курс, за прыгнечанасць каманды кладзецца ў першую чаргу не на матросаў, а на капітана і яшчэ аднаго «капітанчыка», на іхніх памочнікаў у кіраванні. Ва ўсіх нас прад вачыма распад СССР. Няўжо беларусам і расіянам не ясна, што пасля гульні ў інтэграцыю тое ж чакае і новае «папяровае стварэнне»?
Праблема адказнасці за свае ўчынкі застаецца актуальнай на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Індывідаў, якія свядома ідуць на фальсіфікацыі дзеля ўтрымання ўлады, на злачынствы карупцыйнага, крымінальнага характару, на амаральныя ўчынкі, звязаныя з уласнымі сем’ямі, шкадаваць няма чаго. Раю ўсім «жалельшчыкам» іншае: вы лепш пашкадуйце заўчасна памерлых людзей, у якіх не мелася грошай на лекі, хворых дзяцей, якія не дачакаюцца патрэбнай дапамогі, старых, што ў гэты момант марудна клыпаюць у магазін па самы танны хлеб і кефір.
Не трэба расказваць казкі пра тое, што няварта палохаць армію чыноўнікаў, якія займаюцца рэпрэсіямі ў дачыненні да народа, немінучай будучай люстрацыяй. Маўляў, яны ў такім выпадку не прымуць дэмакратыю, будуць да канца бараніць узурпатара ўлады —свайго апекуна. Глупства! Злачынцы адкажуць за здзейсненае, а невінаватых ніхто не пакрыўдзіць. Што тычыцца вернасці і смеласці, то ведаем мы мясцовых «гранатамётчыкаў», якія толькі і глядзяць, каб у выпадку небяспекі хуценька змыцца ў кусты!
Доўгая лава падсудных, на якую абавязкова сядуць душыцелі свабоды нашага народа, забойцы палітыкаў і журналістаў, выкрадальнікі людзей, фальсіфікатары на выбарах, карупцыянеры, злодзеі і жулікі, у маім уяўленні цягнецца ад Мінска да Масквы. Чаму да Масквы? А таму што туды ўцякае большасць злачынцаў розных нацыянальнасцяў і ўсялякага кшталту, што нахабна рабавалі краіну, цынічна прыніжалі нацыянальную годнасць беларусаў.
Наш выдатны мастак А. Марачкін расказаў пра планы грамадскасці па дэкамунізацыі Беларусі, а раней выступіў з прапановай мемарыялізаваць раструшчаную «лаўку Клінтана» як сімвал вандалізму. Намеры правільныя і важныя для выхавання людзей.
Я ўпэўнены, што пасля краху аўтарытарызму ў дэмакратычнай Беларусі будзе створаны музей, прысвечаны абсурду, ідыятызму і вандалізму сістэмы, у якой мы існавалі. У ім сваё месца зоймуць экспанаты як матэрыяльнага (помнікі, статуі, кнігі, часопісы, газеты, шыльды, паказальнікі), так і ідэалагічнага кшталту: скажам, у сталічным метро аб’яўлялі прыпынак «Плошча Леніна», а наверсе была плошча Незалежнасці.
У 1989 годзе ў свет выйшла чытанка выдатнага педагога і літаратара Анатоля Клышкі «Чабарок» для 4-га класа школ з рускай мовай навучання, якая адкрывалася маім вершам «Я — беларус!»:
Я — беларус.
Спрадвеку мне належыць
Чароўны край
Бароў, палёў, крыніц
Ад тураўскіх муроў да Белавежы,
Ад Крэва і да полацкіх званіц.
Крывіч,
радзіміч,
дрыгавіч у згодзе
Дапамаглі мне моцным верай стаць,
Каб прарастаў, як колас, у народзе,
Які ніхто не зможа растаптаць.
Каб моваю душа мая світала,
Каб стаў я вартым матчынай зямлі,
Скарына,
Каліноўскі
І Купала
Свой горды дух і мне перадалі.
Я — беларус.
Я ведаю сягоння,
Як пракладаць да шчасця вольны шлях.
Са мною неўміручая Пагоня
І бел-чырвона-белы родны Сцяг!
Гэтыя радкі памятаюць многія маладыя суайчыннікі. Пасля прыходу аўтарытарызму з верша знялі апошнюю страфу, але ён яшчэ заставаўся ў чытанцы. А пасля прыбралі і ўвесь верш. Мяркую, што прыклады экзекуцый над паэтычным словам таксама вартыя заняць месца ў будучым музеі...
Сітуацыя ў Беларусі і ў Расіі напамінае падзеі канца другой сусветнай вайны. Трэці рэйх рушыўся, а гітлераўскі прапагандыст Ё. Гебельс маляваў цудоўную будучыню. Пустая пераможная балбатня, якой сёння запоўнена інфармацыйная прастора дзвюх краін, не ўратуе аўтарытарныя рэжымы.
Сяргей Законнікаў, sn-plus