Таму варта будзе стаяць да перамогі.
Піша мне сёньня адзін журналіст, і пытаецца: ну, што цяпер будзеце рабіць з Курапацкай вартай? Ці ёсьць сэнс стаяць – Лукашэнка ж сказаў, што рэстаран будзе працаваць?
Сябры, адказваю ўсім, хто не асабліва задумваўся над пытаньнем за гэтыя дзевяць месяцаў і дванаццаць дзён.
Сапраўдныя ўладары "Бульбашхола" (а 280 дзён варты пераканалі нас, што ніякі гэта ня бізнэс - тыповая гібрыдная спецаперацыя) якраз на 30-годдзе Курапатаў уватнулі іглу ў самы балючы нервовы вузел Беларусі з адной мэтай. Паглядзець: народ хутчэй жывы - ці ўжо зусім мёртвы. Адсутнасьць рэакцыі паказала б: краіну можна браць голымі рукамі. Рэакцыя была нечакана трывалай і упартай (гэта прызнаюць і самі ворагі). Выснова: сунецеся ў Беларусь - сутыкнецеся з супрацівам, якога не чакалі.
Варта ў Курапатах - гэта чуйнік. Датчык, каб было зразумела тэхнічнай мовай.
Той, хто прыходзіць на варту ў Курапаты зь бел-чырван-белым сьцягам, пасылае сігнал Лукашэнку і Крамлю: Беларусь жыве. Паверце, ворагі гэтыя колькідзясят сігналаў у тыдзень фіксуюць і адчуваюць значна ясьней, чым само соннае беларускае грамадства.
Таму варта будзе стаяць. І будзіць астатніх. З Божай дапамогай - да перамогі.
Прыходзьце і далучайцеся!
Павал Севярынец, «Фэйсбук»