Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

100 гадоў таму пачалося антыбальшавіцкае паўстанне ў Нясьвіжы

14.03.2019 общество
100 гадоў таму пачалося антыбальшавіцкае паўстанне ў Нясьвіжы

Як нашыя продкі змагаліся з захопнікамі.

Насуперак гістарычным штампам і міфам, што ўкараняла савецкая ідэалогія, беларусы павінны ведаць і памятаць пра тое як патрыёты краю змагаліся з захопнікамі сто гадоў таму, перадае «Радыё Рацыя».

Прыход бальшавікоў у 1919 годзе ў Беларусь адразу прынёс шматлікія рэпрэсіі і забойствы мясцовых грамадска-палітычных дзеячаў, рабаванне насельніцтва. Невыпадкова гэты год адзначаны на нашай зямлі цэлым шэрагам выступаў і нават паўстанняў супраць бальшавіцка-расейскай дыктатуры.

14 сакавіка 1919 года ў горадзе Нясьвіж пачалося антыбальшавіцкае паўстанне, у выніку якога жыхары вызвалілі горад ад бальшавікоў. Праз некалькі дзён яно было задушана прысланымі з Менску чырвонаармейцамі.

Падзеі разгортваліся наступным чынам. У лістападзе 1917 года ў Нясьвіжскім замку адбыўся з’езд бальшавікоў 2-й арміі Заходняга фронту, які абраў ваенна-рэвалюцыйны камітэт, што меў на мэце гвалтам падпарадкаваць сваёй волі беларусаў. На пачатку 1919 года, калі немцы пачалі пакідаць акупаваную імі Беларусь, адразу заварушыліся мясцовыя агенты Масквы.

Перш за ўсё яны захапілі маёнтак Малева і там сабе коней, стварыўшы такім чынам чырвонаармейскі конны атрад. Гэты эскадрон на чале з Андрэем Пракапчуком рушыў на мястэчка Лань, дзе арыштаваў абранага насельніцтвам старшыню валасной управы эсэра Кадэбскага і ўтварыў са свайго складу рэўкам, а потым, пасля таго, як немцы пакінулі Нясвіж, накіраваўся туды.

На пачатку 1919 года Нясвіж быў заняты без супраціву бальшавікамі. У лютым пачалася польска-бальшавіцкая вайна і Польскае войска пачало выцясняць Чырвоную армію на ўсход. У гэтай сітуацыі частка жыхароў Нясвіжа, мясцовыя палякі і беларусы, прынялі рашэнне пра арганізацыю паўстання і вызваленне горада з рук бальшавікоў яшчэ перад прыходам польскіх войскаў.

Арганізацыйны камітэт паўстання узначаліў дырэктар мясцовай школы, Мячыслаў Валністы. У ноч з 14 на 15 сакавіка 1919 года паўстанцы занялі сама важныя будынкі горада і ліквідавалі мясцовы савет.

Застаўшыся без войска, мясцовыя бальшавікі спрабавалі змагацца, аднак ў час перастрэлкі загінулі старшыня выканкаму Файнберг, камісары Розенблюм і Грынблат ды старшыня ЧК Татур.

Камісар Крывашэін у сваёй справаздачы 19-га сакавіка на паседжанні Мінскага губрэўкаму заўважыў: “Досыць было мець 30 добра ўзброеных камуністаў, каб прагнаць банды з Нясьвіжу”.

Пасля заняцця горада ЧК арыштавала кіраўнікоў паўстання — Мячыслава Валністага, Палікарпа Календу, Юзафа Янушкевіча, Канстанціна Шыдлоўскага і Станіслава Іваноўскага.

Яны былі перавезеныя ў даўні кляштар бенедыктынцаў, які бальшавікі выкарыстоўвалі як турму, а пазней, 24 сакавіка 1919 года, іх расстралялі ў лесе за горадам каля Альбы.

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны, калі Нясьвіж увайшоў у склад Польскай Рэспублікі, у горадзе ўсталявалі два помнікі ў памяць пра ахвяр паўстання. Адзін з іх знаходзіўся ў цэнтры горада і быў разбураны ў час вайны.

Другі – надмагілле на каталіцкіх магілках ў Нясьвіжы, усталяванае 24 сакавіка 1926 года на магіле арганізатараў паўстання.

Яго фундатарамі былі вучні і настаўнікі мясцовай гімназіі. Пасля 1990 года помнік быў адрамантаваны і ёсць зараз. Мае форму вялікага, чатырохбаковага крыжа з чырвонага граніту, на якім напісаны прозвішчы расстраляных, дата смерці. Пасля 1944 года з помніка быў сцёрты надпіс “pomordowani przez bolszewików”.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]