Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Статут ВКЛ у адрозненне ад дыктатараў перажыў не адно стагоддзе»

15.03.2019 политика
«Статут ВКЛ у адрозненне ад дыктатараў перажыў не адно стагоддзе»

Рэфлексіі з нагоды 25-годдзя Асноўнага закону Беларусі.

Вы чыталі нашу Канстытуцыю? Там усяго 9 раздзелаў і 146 артыкулаў. Цікавы дакумент, а галоўнае — карысны, і нават дэмакратычны, нягледзячы на папраўкі 1996 і 2004 гадоў. Але толькі для каго наша Канстытуцыя — асноўны закон? І ці наогул яна — Асноўны закон?

Калі прааналізаваць канстытуцыю СССР 1936 года і параўнаць яе з канстытуцыямі іншых еўрапейскіх краін таго часу, то можна з упэўненасцю сказаць, што яна была самай дэмакратычнай канстытуцыяй таго часу. Але што з таго? Самая дэмакратычная канстытуцыя не перашкодзіла ўладзе знішчаць мільёны грамадзян у лагерах, расстрэльваць без суда і следства, кідаць за краты за любое іншадумства, і нават проста так.

Наша Канстытуцыя — не горшая за шмат якія іншыя. Вось толькі праблема ў тым, што яна дэ-факта не з’яўляецца законам наўпроставага дзеяння, яна наогул не з’яўляецца той асновай, на якой будуецца ўся прававая сістэма дзяржавы. Больш за тое, штодня асноўныя артыкулы Канстытуцыі парушаюцца на розных уладных узроўнях.

Вось, напрыклад, артыкул 7 сцвярджае: «Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства». Цікава, у адпаведнасці з якой канстытуцыяй прымаюцца шматлікія дэкрэты, дырэктывы і ўказы?

Артыкул 13 дэкларуе: «Дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх формаў уласнасці… Дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці». Хацелася б паслухаць, што думаюць індывідуальныя прадпрымальнікі пра «свабоднае выкарыстанне здольнасцей і маёмасці», ды наогул не набліжаныя да ўлады бізнесоўцы пра «роўныя правы для ажыццяўлення дзейнасці».

Ідзем далей, артыкул 15: «Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцяў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь». Толькі, відаць, беларускай мовы і нефарматных культурных дзеячаў гэта не тычыцца.

Найбольш паказальны раздзел ІІ «Асоба, грамадства, дзяржава». Пачытайце — здзівіцеся, калі даведаецеся, як усё ў нас павінна быць. А пасля параўнайце з тым, як ёсць. Хаця б вось гэта: «Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя» (артыкул 34). Паспрабуйце даведацца, як налічваюцца камунальныя плацяжы ці куды ідуць нашы падаткі.

«Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай», — сцвярджае артыкул 35 Канстытуцыі. Шкада, што так не думаюць тыя, хто не дае дазвол на правядзенне Дня Волі ці афармляе пратаколы за ўскладанне кветак.

«Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы… Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы… Асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем’ям свабоднае і годнае існаванне» (артыкулы 41, 42). Нават каментаваць нічога не буду, бо шмат нашых чытачоў зараз глянулі ў свае разліковыя лісткі і падумалі пра «справядлівасць».

Ёсць яшчэ артыкулы, якія гарантуюць права на жыллё, бясплатную адукацыю, бясплатнае медабслугоўванне, права на годнае сацыяльнае забеспячэнне ў старасці ды пры страце працаздольнасці і права на свабоду выбару мовы выхавання і навучання. І яшчэ шмат іншых вельмі правільных і патрэбных артыкулаў.

Усе 25 гадоў незалежная Беларусь жыве пры даволі дэмакратычнай і годнай Канстытуцыі, і амаль столькі ж трымальнікі ўлады ці наогул не кіруюцца ў сваёй дзейнасці Асноўным законам, ці перакручваюць яго на сваю карысць.

Што тут скажаш… Статут ВКЛ і «рымскае права» перажылі не адно стагоддзе. У адрозненне ад шматлікіх дыктатараў. Таму са святам вас, з 25-годдзем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Аксана Колб, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]