Такія парады маладым журналістам дае іх дасведчаны калега.
У якіх умовах даводзіцца сёння шукаць інфармацыю, ці можа журналіст прымаць адзін з бакоў канфрантацыі? Пра гэта ды іншае распавёў у студыі “Радыё Рацыя” журналіст Генадзь Барбарыч.
- Наколькі сёння журналіст-фрылансер небяспечная прафесія?
- Небяспечная – гэта, мабыць, занадта моцнае слова, але непрыемнасцей хапае. Беларускае заканадаўства не дазваляе працу без акрэдытацыі. Лічыцца, што мы вырабляем незаконную прадукцыю. Некаторыя журналісты “Радыё Рацыя” ўжо па дзесяць разоў падавалі на акрэдытацыю. Марнуецца час, а вынік – адмоўны. І таму за працу без акрэдытацыі журналістаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці з вялікімі штрафамі. І такіх выпадкаў вельмі шмат. Увогуле, нягледзячы на ўсю абвешчаную “лібералізацыю”, на журналістаў за апошні год узмоцніўся ціск. Варта ўзгадаць „справу БелТА”.
- Калі ацэньваць зараз гэтую сітуацыю, ці можна сказаць, што гэта быў элемент запалохвання?
- Гэта відавочна. Каб ведалі, як нядаўна сказаў Лукашэнка, межы, якія нельга пераступаць.
- Наколькі такое паняцце як салідарнасць сёння для беларускіх незалежных журналістаў важнае?
- Канешне важнае. Бо калі некага “прэсуюць”, выклікаюць у пракуратуру, судзяць ці кідаюць у камеру, абсалютна неабходна ведаць, што пра цябе памятаюць. Гэта дае сілы вытрымліваць ціск.
- Беларуская журналісцкая супольнасць салідарная?
- Цягам апошняга года ровень салідарнасці, на мой погляд, вырас. Калі ўзгадаць 90-я гады, калі пачаліся першыя працэсы над журналістамі, “справа Шарамета-Завадскага”, якія нібыта перайшлі літоўскую мяжу, я памятаю, якая была хваля пратэсту, дэманстрацыі, мітынгі, і ў СМІ бясконца гэтая тэма ўздымалася. Дзясяткі журналістаў прыходзілі да МЗС, каб задаць пытанне, што здарылася, заклік да іншых краінаў падтрымаць Шарамета і Завадскага. Нават да Ельцына дабраліся, заявіў, што Лукашэнка ў Расею не паедзе, пакуль Шарамета не выпусціць. Вось гэта была салідарнасць! Пасля гэта сцішылася. І вось зараз, калі пачаліся масавыя запалохванні, вобшукі, затрыманні, суды, журналісты зноўку неяк мабілізаваліся. І гэта дае надзею, што нас па адным не падушаць.