У Беларусі існуе палітычная замова на дэгераізацыю гістарычных пэрсанажаў.
Кастусь Каліноўскі быў у пантэоне беларускіх нацыянальных герояў у савецкія часы. Гэта фактычна адзіны дарэвалюцыйны гістарычны пэрсанаж, які тады адназначна трактаваўся са знакам плюс — як лідэр сялянскага паўстаньня. Бо адпавядаў савецкаму канцэпту: рухавіком гісторыі ёсьць клясавая барацьба.
Вуліца Каліноўскага ў Менску — адна зь нямногіх вуліц сталіцы БССР, названых у гонар герояў гісторыі Беларусі да 1917 году. Яму былі прысьвечаныя творы кінэматографу, мастацкай літаратуры (Уладзімер Караткевіч і інш.), жывапісу (Пётра Сергіевіч). І калі пасьля распаду СССР і ўтварэньня незалежнай Беларусі ўзьнікла пытаньне пра заснаваньне ўласных беларускіх узнагародаў, то выбраць патронаў для іх не было складана. У 1995 годзе быў зацьверджаны ордэн Кастуся Каліноўскага.
І, дарэчы, Каліноўскі — ці не адзіны беларускі гістарычны дзяяч, які не выклікаў ніякага расколу ў грамадзтве, палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы (бо, як адзначана, ён быў знакавай постацьцю з савецкіх падручнікаў). Сацыялягічныя апытаньні паказвалі, што сярод беларускіх гістарычных дзеячоў большасьць беларусаў называла прозьвішчы Каліноўскага і Машэрава. Фактычна сёньня толькі гэтыя пэрсанажы застаюцца ў гістарычнай памяці, масавай сьвядомасьці грамадзтва.
Палітычная кампанія разьвянчаньня вобразу Каліноўскага
І вось раптам у разгар працэсу так званай «мяккай беларусізацыі», калі нават была часткова рэабілітаваная БНР, улады пачалі разьвенчваць Кастуся Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя. У абноўленым падручніку расейскай літаратуры для VIII клясы напісалі пра «польскае паўстаньне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага (1863–1864)».
Пасьля справядлівага абурэньня грамадзкасьці і гісторыкаў у сьнежні 2018 году Міністэрства адукацыі выступіла з заявай, дзе зноў паўтарыла вэрсію пра «польскае паўстаньне (1863–1864)». Дарэчы, менавіта ў такім выглядзе трактуецца гэтая гістарычная падзея ў расейскіх школьных падручніках.
І вось у бой ўступіла цяжкая артылерыя. У студзені ў «Настаўніцкай газэце» апублікаваны артыкул Ігара Марзалюка, дзе ён пацьвярджае вэрсію Міністэрства адукацыі.
Стала зразумела, што ўсё гэта невыпадкова, што на нашых вачах разгортваецца палітычная кампанія. 17 сакавіка Марзалюк у інтэрвію перадачы «Главный эфир» Першага нацыянальнага каналу, прысьвечанай тэме інфармацыйнай бясьпекі, намякаючы на Каліноўскага, зноў заявіў, што «чалавек, які называе, скажам, праваслаўе «сабачай верай» (калі ў нас 80% праваслаўных), ці можа такі чалавек быць нацыянальным героем краіны?»
Ігар Марзалюк быў калісьці добрым гісторыкам, але стаў дрэнным палітыкам. Ён цяпер прызначаны на ролю афіцыёзнага гістарыёграфа. Як Мікалай Карамзін у Расеі ХІХ стагодзьдзя ці Лаўрэнцій Абэцэдарскі ў БССР, які ў сваіх працах стварыў антыбеларускую гістарычную міталёгію. Каб высновы Ігара Марзалюка былі больш важкімі, яго прызначылі старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.
Як вядома, гісторыя — гэта сучасная палітыка, павернутая назад. І роля афіцыёзнага гістарыёграфа палягае ў тым, каб трактаваць мінулае ў патрэбным і выгадным існай уладзе выглядзе. Аляксандар Пушкін іранічна пісаў пра гістарычныя працы Мікалая Карамзіна:
«В его «Истории» изящность, простота
Доказывают нам, без всякого пристрастья,
Необходимость самовластья
И прелести кнута».
Што азначае гэтая лінія на разьвенчваньне вобразу Кастуся Каліноўскага? Выкажу сваю гіпотэзу. На мой погляд, Ігар Марзалюк выконвае палітычную замову на дэгераізацыю беларускай гісторыі. Гэты працэс пачаўся яшчэ у сярэдзіне 2000-х гадоў. У 2004 годзе Лукашэнка скасаваў ордэн Кастуся Каліноўскага. У 2005 годзе ён прыбраў імёны Францішка Скарыны і Пятра Машэрава з назваў галоўных праспэктаў Менску. Цяпер дайшла справа і да Каліноўскага. Дарэчы, ці вы зьвярнулі ўвагу, што на беларускіх грашах няма партрэтаў знакамітых гістарычных дзеячоў? Гэта даволі рэдкая зьява ў сьвеце.
Палітычная замова
Навоша гэта робіцца? Вы яшчэ не здагадаліся? Бо трэба расчысьціць глебу для іншага героя. Адгадайце з трох разоў яго прозьвішча. Хто яшчэ не здагадаўся, наведайце Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Там партрэты толькі аднаго чалавека.
Дзяржаўныя мэдыя ўжо пачалі друкаваць матэрыялы, прысьвечаныя 25-годзьдзю прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Вось гэта будзе сапраўднае ўсенароднае сьвята. Таму трэба прыбраць канкурэнтаў.
У гэтым зьвязку варта прыгадаць, як улады змазалі, зрэдукавалі, спусьцілі на тармазах маштабнае сьвяткаваньне 100-годзьдзя БССР. Ня сталі праводзіць урачыстага пасяджэньня з гэтай нагоды, дзе з асноўным дакладам мусіў бы выступіць кіраўнік дзяржавы. Больш урачыста адзначылі менш значныя даты: 100-годзьдзе ўзброеных сілаў, 100-годзьдзе камсамолу, 100-годзьдзе МЗС. Чаму? Бо ва ўрачыстым дакладзе трэба было б назваць прозьвішчы Чарвякова, Жылуновіча, Мазурава, Машэрава. Дык навошта? Краіне патрэбен толькі адзін герой.
А Каліноўскі — пабочны вынік, неабходная ахвяра гэтай палітычнай кампаніі. Вось Марзалюк і стараецца, прымяраючы лаўры Абэцэдарскага. Але гэта слава Герастрата.
Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»